Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца супрацьстаяньне вернікаў пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” і менскіх уладаў вакол будынка гэтай рэлігійнай грамады. Ад 21 жніўня іх храм, які месьціцца ў былым кароўніку, юрыдычна належыць Менгарвыканкаму.


Улады абвінавацілі вернікаў у тым, што тыя перашкаджаюць забудове мікрараёну і ставяць сваё жыцьцё пад небясьпеку. Вернікі не выключаюць прымусовага высяленьня.

На рахунак пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” сёньня паступіла грашовая кампэнсацыя за забраны малітоўны дом — 37 з паловай мільёнаў рублёў. Вернікі адмовіліся браць прапанаваныя грошы. Яны трэці раз за чатыры гады вярнулі іх на рахунак, зь якога тыя паступілі. Юрыст царквы Сяргей Луканін зазначыў, што будынак плошчай 1 700 квадратных мэтраў улады ацанілі прыблізна ў 13 000 даляраў. Між тым самая танная аднапакаёвая кватэра ў сталіцы каштуе ня менш за 30 000 даляраў.

На сходзе вернікі “Новага жыцьця” вырашылі свой будынак не аддаваць. Яны не зьбіраюцца ладзіць акцыі пратэсту, бо вераць, што Бог заступіцца за іх і яны застануцца ў сваім храме. Але пры гэтым яны вырашылі не пускаць у памяшканьне царквы прадстаўнікоў уладаў і органаў нагляду.

Тым часам кіраўніца аддзелу ў справах рэлігіі Менгарвыканкаму Ала Рабіцава заявіла, што вернікі з “Новага жыцьця” ладзяць набажэнствы ў аварыйным будынку, зношанасьць якога складае 72%. Адміністратар царквы, аднак, мае акт абсьледаваньня будынку, згодна зь якім зношанасьць яго складае ўсяго 19%.

Апрача таго, Ала Рабіцава заявіла, што храм перашкаджае забудове раёну, і абвінаваціла вернікаў у тым, што тыя адмаўляюцца атрымаць годную кампэнсацыю за будынак.


Вернікі царквы “Новае жыцьцё” набылі на ўскрайку Менску былы калгасны кароўнік і за свае грошы зрабілі ў ім рамонт. У 2005 годзе ўлады пазбавілі іх спачатку зямельнага надзелу, а потым і будынку. Вынікам гэтага стала тое, што суполка не прайшла перарэгістрацыі, бо страціла юрыдычны адрас.

Вернікаў неаднаразова штрафавалі за несанкцыянаваныя набажэнствы. Пасьля галадоўкі пратэсту ўлады паабяцалі ім вырашыць усе пытаньні ў судзе. Але суды сталі на бок уладаў і пастанавілі будынак царквы адабраць на карысьць Менскага гарвыканаму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG