Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўладыку Сафронія напаў псыхічна хворы чалавек


Япіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Сафроній

Япіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Сафроній

У нядзелю ў магілёўскім саборы Трох Сьвяціцеляў быў учынены напад на япіскапа Магілёўскага і Мсьціслаўскага Сафронія. 36-гадовы нападнік, які знаходзіцца на ўліку ў магілёўскім псыхіятрычным шпіталі, параніў сьвятара нажом у жывот. Заведзеная крымінальная справа.

У магілёўскім шпіталі хуткай дапамогі, куды даставілі япіскапа Сафронія адразу пасьля нападу, паведамілі, што стан яго здароўя стабільны. Жыцьцёва важныя органы не пашкоджаныя. Пацярпелага праапэравалі, і цяпер ён у рэанімацыі. Прабудзе ён там да двух сутак, а потым яго перавядуць у хірургічнае аддзяленьне.

Напад на ўладыку Сафронія адбыўся каля дзевятай гадзіны раніцы, калі эпіскап увайшоў у сабор і пачаў дабраслаўляць вернікаў. Мужчына ўдарыў яго нажом у жывот адзін раз, ад другога ўдару сьвятар патрапіў абараніцца. Гаворыць сакратар эпархіяльнай управы Генадзь Пацевіч:
Зайшоў, сказаў “Са сьвятам”, і — нож у бок ...

“Для яго гэта было проста нечакана. Зайшоў, сказаў “Са сьвятам”, і — нож у бок. Асабістых нейкіх кантактаў у яго зь ім не было. Учора быў малебен ва ўсіх магілёўскіх храмах, і будзе пастаянна праходзіць малітва аб здароўі хворага япіскапа Сафронія. Гэта такі шок для ўсіх. Там, у храме, усе плакалі наўзрыд”.

Нападніка,1973 году нараджэньня, затрымалі на месцы злачынства прыхаджане. Яго перадалі супрацоўнікам Ленінскага райаддзелу міліцыі Магілёва:

“Ён беспрацоўны, раней судзімы за крадзеж. Знаходзіцца на ўліку ў магілёўскай псыхіятрычнай лякарні. Справу супраць яго завялі паводле артыкула “Нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў”, але там жа яшчэ будзе экспэртыза праводзіцца. Я так мяркую, што калі ён будзе прызнаны бесьсьвядомым, то яго проста ў вар’ятню пакладуць, і ўсё”, — паведаміў начальнік аддзелу грамадзкіх сувязяў управы ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Раман Посахаў.

Такіх крывавых замахаў на жыцьцё сьвятароў, які адбыўся ў Магілёве, у храмах Беларускай праваслаўнай царквы, паводле архімандрыта Аляксія, адказнага за сувязі царквы са СМІ, ніколі не было. Аднак апошнім часам сьвятары даволі часта сутыкаюцца з агрэсіўнымі паводзінамі людзей зь няўстойлівай псыхікай:
у апошнія гады шмат стала псыхічна хворых людзей сярод нашых парафіян ...

“Мы прыкмецілі ў апошнія гады, наколькі шмат стала псыхічна хворых людзей сярод нашых парафіян. А вывучыць іх манеру паводзінаў мы адразу ня можам. Мы сталі цяпер перад праблемай глыбокага веданьня псыхіятрыі. Яны дужа агрэсіўныя. У Менскім Сьвятадухавым катэдральным саборы былі неаднаразовыя выпадкі нападаў”.

Паводле суразмоўцы, псыхічна няўстойлівыя людзі ня могуць знайсьці супакою ў сьвецкім жыцьці, таму імкнуцца да царквы, а шматлюднасьць там выклікае ў іх агрэсію.

Я запытаўся ў архімандрыта Аляксія: як адрэагуе Беларуская праваслаўная царква на магілёўскае здарэньне?

“Гэта будзе тэма для пастырскіх гутарак унутры царквы, у асяродзьдзі сьвятароў. То бок мы цяпер павінны быць надзвычай асьцярожнымі”.
XS
SM
MD
LG