Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакт Молатава-Рыбэнтропа – галоўнае злачынства ХХ стагодзьдзя


Сёньня ў Менску адбылася навукова-практычная канфэрэнцыя “70-годзьдзе пакту Молатава-Рыбэнтропа і яго гістарычныя наступствы”. На ёй з дакладамі выступілі беларускія і нямецкія гісторыкі, палітолягі, якія канстатавалі, што дагэтуль поўнай праўды пра гэтую надзвычай драматычную старонку гісторыі няма.

Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў свой даклад назваў “Пакт Молатава - Рыбэнтропа – трагічныя ўрокі гісторыі”:

Ігар Кузьняцоў
“Адны сёньня называюць гэта зьбегам абставін, часьцей за ўсе ў літаратуры – “пралікамі, якія былі зьдзейсьненыя савецкім кіраўніцтвам. Я буду сьцьвярджаць, што падзею, якая адбылася 70 гадоў таму, можна назваць галоўным злачынствам ХХ стагодзьдзя, якое было зьдзейсьненае двума таталітарнымі дзяржавамі”.

Далучыўшы ў верасьні 1939 году Заходнюю Беларусь і Ўкраіну, якія ўваходзілі ў склад Польшчы, СССР па сутнасьці тады ж, у 1939-м, а не ў 1941 годзе, уступіў у Другую Ўсясьветную вайну. Дамова ізалявала СССР ад сіл, што змагаліся з фашызмам. На тэрыторыі СССР была забароненая любая антыфашысцкая прапаганда. У Нямеччыны і СССР зьявілася агульная мяжа, і пытаньне аб нападзе аднаго з партнэраў стала пытаньнем часу.

Чаго больш у Дамове Молатава–Рыбэнтропа, пазытыву альбо нэгатыву? Доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ выказаў такое меркаваньне:

Эмануіл Ёфэ
“Нэгатыву было больш. Мы здрадзілі міжнароднаму камуністычнаму руху, мы згарнулі ўсю барацьбу з фашызмам, наша армія прытупіла пільнасьць. Нэгатыву значна больш. У падручніках дагэтуль мы паказваем толькі пазытыў. Гэта не аб’ектыўна, гэта не адпавядае праўдзе. Калі казаць шчыра, часткова мае рацыю Віктар Сувораў”.

Існаваньне сакрэтнага пратаколу да дамовы аб ненападзе паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам доўгі час адмаўлялася савецкім бокам. Толькі пры канцы 1980-х гадоў гэты факт быў прызнаны і вядомы грамадзкасьці. У сакрэтным пратаколе было 2 артыкулы, якія і вызначылі разьвіцьцё падзеяў, распавёў гісторык Ігар Кузьняцоў:

Сакрэтны дадатковы пратакол аб падзеле Ўсходняй Эўропы паміж Нямеччынай і СССР
“Артыкул першы прадугледжваў, што ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкаваньня абласьцей, якія ўваходзілі у склад прыбалтыйскіх дзяржаваў, паўночная мяжа Літвы адначасова зьяўляецца мяжой сфэраў інтарэсаў Нямеччыны і СССР. І другі артыкул, што ў выпадку тэрытарыяльнага пераўладкаваньня абласьцей, якія ўваходзяць у склад польскай дзяржавы, мяжа сфэры інтарэсаў Нямеччыны і СССР будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нарва, Вісла і Сан”.

Чацьверты артыкул дамовы быў такім: “Гэты пратакол будзе захоўвацца абодвума бакамі ў строгім сакрэце”. Гісторык Ігар Кузьняцоў адзначыў:

“Наагул, сама дамова аб ненападзе рыхтавалася ў надзвычай строгай таямніцы, пра яе ня ведалі нават чальцы палітбюро, апарат наркамата замежных спраў. Дамова фактычна рыхтавалася вельмі абмежаваным колам людзей. Але тэкст дамовы дзякуючы агентуры быў вядомы на Захадзе, і ўжо быў апублікаваны 26 жніўня 1939 года”.

Бэньямін Кройз
Малады нямецкі гісторык Бэньямін Кройз прааналізаваў прычыны і сьледзтва пакту Молатава–Рыбэнтропа, распавёў, як зараз у Нямеччыне ацэньваюць наступствы дамовы:

“Гэта напад на Польшчу, што стала пачаткам другой Усясьветнай вайны. Гітлер змог з дапамогай СССР скарыць Цэнтральную Эўропу. Праблема з нястачай рэсурсаў, якая раней існавала ў Нямеччыне, была вырашана гэтай дамовай. Дамова паміж Нямеччынай і СССР спрыяла дасягненьню плянаў Гітлера па заваяваньні Эўропы”.

На канфэрэнцыі было шмат моладзі, якая зь цікавасьцю слухала гісторыкаў:

Юнак: “У падручніках скажоная гісторыя, я вучуся ў школе, і такіх фактаў ня ведаў”.

Хлопец: “Бальшыня з таго, што нам казалі ў школе пра гэтыя дакумэнты, няпраўда, многае сфальшавана. І гэтае натхняе, што можна паслухаць такіх людзей”.

Дзяўчына: “Вельмі цікава, я пра многае даведалася”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG