Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнігаў: “Маем права быць свабоднымі”


Сёньня ва ўкраінскім Чарнігаве адкрыўся трэці Міжнародны рок-фэстываль “Be Free”. Канцэрты ладзяцца пад адкрытым небам на беразе Дзясны. Тут устаноўленая вялікая сцэна, намётавы гарадок. У намётавым гарадку разьмясьцілася некалькі сотняў дзяўчат і юнакоў зь Беларусі, Украіны і Расеі.

Арганізатарам фэстывалю выступаюць Беларуская музычная альтэрнатыва, ініцыятыва “Студфармат” і Эўрапейскае радыё для Беларусі.. Партнёрамі фэстывалю пры спрыяньні мэра гораду зьяўляюцца Чарнігаўскі рок-клюб і Чарнігаўскі грамадзянскі камітэт абароны правоў чалавека.

А 14 гадзіне фэстываль вітаў начальнік управы сям’і і моладзі Чарнігаўскай мэрыі Вячаслаў Голуб. Ён выказаў надзею, што Чарнігаў стане месцам сталага правядзеньня рок-фэстывалю. Чарнігаў – блізка да мяжы Беларусі і Расеі. Удзельнікам фэстывалю і гасьцям з краінаў Эўразьвязу непатрэбныя візы. Адразу пасьля прывітальных слоў выступіў спэцыяльна запрошаны госьць “Неба для сябе” з Чарнігаву. За ім на сцэну падняўся рок-гур з Гомеля “Рэлікт”.

Публіка вельмі прыхільна ўспрымае гурты. Асаблівая рэакцыя была на песьню гурта з Магілёва ZATOCZKA “Бацька гуляе ў хакей”.

Чуюцца воклічы “Будзь свабодным!”, “Жыве Беларусь!”, “Слава Ўкраіне!”.

Усяго ў фэстывалі бяруць удзел два дзесяткі гуртоў зь Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі.

Увечары тут выступяць хэдлайнеры сёлетняга фэстывалю гурт “Vladivostok” з Францыі і беларускі “Ляпіс Трубяцкой”. Заўтра польскі гурт “Zero 85”.

На фэстывалі Беларускі Хэльсанскі Камітэт ладзіць гутаркі, раздае праваабарончую літаратуру. Цікавасьць выклікае праваабарончае тату – на пэўныя часткі цела моладзь наносіць сымболіку фэстывалю. Фэст ахоўваюць міліцыянты, але яны знаходзяцца па пэрымэтру гарадку і ўнутр не заходзяць.

Сьпіртовыя напоі на фэстывалі не прадаюць.

Фота і відэа глядзіце пазьней на нашым сайце
XS
SM
MD
LG