Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіёны сьвету сярод жанчын па мове і літаратуры


“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.


На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Віталь Рыжкоў.

Такая фрашка была на гэтым тыдні: Зьміцер С. кажа ў слухаўку:

— Добры дзень. А ці можна пачуць спадарыню Вольгу?

— Можна, — адказваюць яму, а ўбок: — Ольга, вас белорусский язык спрашивает.

Цяпер Зьмітра С. жартоўна называюць Беларускім языком.

Пра білінгвальнасьць дыскутуюць у суполцы by_mova. А вось абмяркоўваецца патрабаваньне гарадзкой улады Менску зьняць сацыяльную рэкляму “Самае маё”. “Адзіная сацыялка, якая мне спадабалася, і пад нож!” — пішуць у суполцы minsk_by.



Тым часам у Магілёве iнiцыююць Год роднай мовы. (А яшчэ там выйшаў пасьмяротны альбом мясцовага гурта “Глюкі”).

Дваццацігадовая студэнтка-журналістка jana-elka піша, чаго ёй бракуе ў беларускай літаратуры: “Мне не хапае кнігі ад Франака Вячоркі, які расказаў бы, чаму па ім сохнуў і нават сохне жаночы журфак. І каб ён расказаў, як ён можа ахмурыць дзеўчыну, закахаць яе ў сябе і паралельна прыцягнуць да беларускасьці. Так, не хапае гісторыі пра гэтыя 150 разьбітых сэрцаў, абяцанкі-цацанкі. Яго б пасьля кнігі яшчэ больш узьненавідзелі тыя, хто яму зайздросьціць”. Журналіст і блогер Зьміцер Панкавец ёй падпявае: “Для мяне як спажыўца важная наяўнасьць выбару, якога зараз няма. Мне ня хочацца чытаць кнігі, якія прымушаюць задумацца”. Перачытайце апошні сказ тры разы і задумайцеся.

Севярын Квяткоўскі шукае найлепшыя беларускія вершы пра каханьне: “Запыталіся ў мяне, а адразу і не адкажу. Хто дапаможа? Сваю вэрсію па два-тры прыклады?” Супэрмэн-выратавальнік — паэт Сяржук Сыс, які прапануе свае ўласныя творы.

Яшчэ Квяткоўскі разважае пра мужчын і жанчын: “Калі жанчына хоча абразіць жанчыну, яна намякае на лішнія кіляграмы і дэфэкт якой-кольвек часткі цела. Часам на аўтамаце падобныя мэтады могуць прымяніць да мужчыны, чым апроч усьмешкі нічога не справакуюць.

Адкрываю сакрэт: біць трэба па разумовай дзейнасьці. Намёк на недалёкасьць для мужчыны найбольш балючы”.

Да яго далучаецца блогер Юрась Барысевіч: “Калі мясцовыя жанчыны выглядаюць дастаткова эфэктна і даступна, прыемна і добразычліва, тады і ў тых, што прыяжджаюць, можна бачыць ня самак, а проста людзей”.

Блогер poczobut таксама пра іх, але крышку інакш:

“На здымку чэмпіён сьвету сярод жанчынаў (бег на 800 метраў) Кастэр Сэменя з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі”.



“Праблема толькі ў тым, што пасьля перамогі ўзьніклі сумненьні, якога полу чэмпіён. Кастэр мэдаль атрымае, але вымушана (вымушаны?) будзе прайсьці тэст на полавую прыналежнасьць”, — піша poczobut. “Як лічыце, гэта ён ці яна?” — пытаецца ён.

Пакуль вы думаеце, вось новая праца мастака Адама Глобуса, дзе ўсё нашмат больш адназначна: Адам Глобус, “Залатая Тамара”, 2009 год.

XS
SM
MD
LG