Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 жніўня Арцёма Дубскага павязуць у калёнію


Пра гэта паведаміла маці палітвязьня Алена Дубская, якая бачылася з сынам у бабруйскім сьледчым ізалятары ўчора, 21 жніўня.


Паводле Алены Дубскай, Арцёма могуць накіраваць для адбыцьця пакараньня ў шклоўскую ці ў магілёўскую калёнію, але пакуль гэта дакладна невядома.

“Пачуваецца Арцём добра, ня скардзіўся ні на што. Рашэньню магілёўскага суду, які адхіліў ягоную скаргу, не зьдзівіўся. Сказаў, справядлівасьці і не чакаў. Перадала сыну харчы і рэчы, якія яму спатрэбяцца ў калёніі. Ён перадаваў прывітаньне і падзяку ўсім за падтрымку”, — паведаміла Алена Дубская Радыё Свабода.

Нагадаем, актывіст “Маладога фронту”, фігурант гэтак званай “справы 14-ці” Арцём Дубскі быў асуджаны на год калёніі за парушэньне адбыцьця пакараньня ў выглядзе хатняга арышту. На гэтым тыдні магілёўскі абласны суд пацьвердзіў гэты прысуд Асіповіцкага раённага суду.

У фігурантаў “ваўкавыскай справы” Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі, паводле іх адвакатаў і сваякоў, тыдзень мінуўся бязь зьменаў. Абодва вязьні па-ранейшаму знаходзяцца ў менскім сьледчым ізалятары і чакаюць заканчэньня сьледзтва, якое працягнутае яшчэ на 2 месяцы — да 8 кастрычніка.

Адвакат Павал Сапелка, які днямі бачыўся зь Мікалаем Аўтуховічам, зьвярнуў увагу, што той не набірае вагі. Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч у турме трымаў галадоўку пратэсту працягласьцю 91 дзень, падчас якой страціў болей за 35 кіляграмаў.

Прадпрымальнік Юрый Лявонаў, які праходзіць па адной справе з Аўтуховічам і выйшаў на волю пад падпіску пра нявыезд 8 жніўня, на гэтым тыдні даў прэсавую канфэрэнцыю. “Цалкам веру, што Аўтуховіч сапраўды галадаваў столькі. Назіраў яго падчас галадовак пратэсту ў Ваўкавыску, яшчэ ў 2005 годзе. У яго вельмі моцны характар, яму гэта па сілах”, — сказаў Юрый Лявонаў “Свабодзе”. Прадпрымальнік паўтарыў, што яму невядома, ці выставілі Мікалаю Аўтуховічу абвінавачаньне ў тэрарызьме. “Які тэрарызм? Гэта ўсё абсурд і прыдумка ўладаў”, — мяркуе Юры Лявонаў.

Нагадаем, Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта, які адбыўся яшчэ ў 2005 годзе. Сваёй віны ніхто з абвінавачаных не прызнае. Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі называюць справу Аўтуховіча “палітычна матываванай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG