Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія ідэі ГКЧП ажыцьцявіў Аляксандар Лукашэнка?


18 гадоў таму ў СССР у гэтыя жнівеньскія дні адбываліся падзеі, якія пазьней былі названыя путчам і дзяржаўным пераваротам.


Раніцай 19 жніўня 1991 году ўвесь сьвет даведаўся, што ўлада ў Савецкім Саюзе перайшла ў рукі Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы, а праз трое сутак перамогу сьвяткавалі дэмакраты на чале з Барысам Ельцыным.

ГКЧП імкнуўся захаваць СССР і абараніць савецкія парадкі ад рэформаў. Першы прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка пасьля свайго абраньня ў 1994 годзе замарозіў дэмакратычныя рэформы і вярнуў аўтарытарныя мэтады кіраваньня — зрабіў тое, чаго і дабіваўся ГКЧП. Мы папрасілі палітыкаў, якія памятаюць ГКЧП, адказаць на пытаньне: якія ідэі ГКЧП змог ажыцьцявіць Аляксандар Лукашэнка?

Беларускія палітыкі вельмі неадназначна адказваюць на пытаньне, што ж з задумак путчыстаў ажыцьцявіў кіраўнік Беларусі. Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету, які заняў гэтую пасаду адразу ж пасьля путчу, выказаў такое меркаваньне:

“Па-мойму, усе. Усе. Ён хацеў, каб вярнуліся савецкія парадкі і каб ён замяніў сабой Палітбюро і ЦК КПБ. Так яно і адбылося. Я думаю, што фактычна ГКЧП рэалізавана, і мы жывем у гэтых умовах”.

А вось тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч аказаўся ня вельмі гаваркім:

“Ня ведаю я, не магу сказаць. Адзінае — я адразу ведаў, што нічога не адбудзецца, і ведаў, што гэта работа Гарбачова...”

Мечыслаў Грыб, былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, кажа:


“Удалося хоць крыху вярнуць СССР на прасторы незалежнай Беларусі — па ўладкаваньні, па дзяржаўнай маёмасьці, па аўтарытарнай уладзе. І калі там аўтарытарная ўлада належала камуністычнай партыі, то зараз яна належыць прэзыдэнту, аднаму чалавеку. Нешта ён удасканаліў, нешта вярнуў, а нешта зрабіў больш прымальным для сябе. Ну, а штосьці не ўдалося...”

Віктар Карняенка, намесьнік старшыні руху “За свабоду”, на пачатку 1990-х гадоў быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. На пытаньне, якія ідэі ГКЧП ажыцьцявіў Лукашэнка, ён адказаў так:

“Там была адна ідэя: захаваць Савецкі Саюз у нейкім выглядзе. А пасьля можна было б ламаць — канфэдэрацыя ці нешта яшчэ. Гэта ні Лукашэнку, нікому іншаму больш не ўдалося. Не было іншых ідэй у ГКЧП, акрамя таго, што трэба захаваць СССР і спыніць Новаагароўскі працэс, які быў пачаўся”.

Сакратар Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ўхналёў выказаў такое меркаваньне:

“Мне падаецца, што нічога асабліва ён ня здолеў ажыцьцявіць. Бо асноўная ідэя ГКЧП — гэта захаваньне Савецкага Саюзу, прычым няўдалымі мэтадамі, якія ні на што ня здатныя. У іх жа ніякіх іншых ідэй не было, не было ні праграмы, нічога, толькі лёзунгі. Тое, што Лукашэнка захаваў многае з Савецкага Саюзу — гэта пытаньне іншае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG