Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіны грып: адзін паправіўся, тры — захварэлі


Стала вядома яшчэ пра тры выпадкі заражэньня вірусам “сьвінога грыпу” ў Беларусі. Інфармацыя пра першы такі выпадак зьявілася 19 жніўня.


Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 20 жніўня былі лябараторна пацьверджаныя тры выпадкі сьвінога грыпу ў дзяцей, грамадзянаў Беларусі. Усе трое вярнуліся зь Вялікабрытаніі ў складзе групы, якая выяжджала на аздараўленьне. Хворых лечаць, іх агульны стан — здавальняючы.

Да такога разьвіцьця падзеяў мэдыкі рыхтаваліся загадзя. З 23 жніўня чакаецца вяртаньне зь месцаў адпачынку больш як 13 тысяч беларускіх дзяцей, распавяла галоўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан:

“У зьвязку з гэтым мы прынялі рашэньне: цягам 7 дзён за гэтымі дзецьмі назіраць і не дапускаць іх у школу, асабліва з краін, якія на дадзены момант асабліва неспрыяльныя па гэтай інфэкцыі: Ірляндыя, Нямеччына, Вялікабрытанія, Італія, Гішпанія, Бэльгія і Аўстрыя”.

Але гэта ня значыць, што школы павінны зачыняцца на карантын, падкрэсьліла спадарыня Качан:

“Размова ідзе пра карантын, які датычыць індывідуальна кожнага з тых 13 тысяч зь лішнім дзяцей, якія вернуцца дахаты, каб цягам 7 дзён абмежаваць іх кантакты з аднагодкамі, не дапусьціць іх у клясы”.

Першага, хто захварэў на сьвіны грып у Беларусі, ужо выпісалі зь Менскага гарадзкога клінічнага інфэкцыйнага шпіталя. Інфэкцыю знайшлі ў грамадзяніна Кітаю, які вярнуўся ў Менск пасьля адпачынку на радзіме. Гаворыць галоўны ўрач лякарні:

“Выпісалі. Ён паступіў з клінікай прастуднай хваробы. Выдзяленьні вірусу пэўнага тыпу, пэўнай структуры антыгеннай. Гэта дазволіла ўстанавіць дыягназ. Але само цячэньне хваробы не было цяжкім, сярэдняй цяжкасьці. Вытрымліваецца проста тэрмін, пакуль чалавек яшчэ становіць небясьпеку для навакольных. 7 сутак ад пачатку хваробы”.

Паводле стану на 20 жніўня 2009 г. хвароба, выкліканая вірусам грыпу А/H1N1, выявілася ў 156 краінах сьвету. Агульная колькасьць пацьверджаных лябараторна выпадкаў — амаль 247 тысяч, больш за дзьве тысячы зь іх скончыліся сьмерцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG