Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Завод гудзіць, дырэктар рад, і ўвесь тавар ідзе на склад”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 21 жніўня, пятніцу.

Cудовая калегія Магілёўскага абласнога суду не задаволіла касацыйнай скаргі Арцёма Дубскага аб вызваленьні з-пад варты і зьмены пакараньня на ўмоўнае. Нагадаю, што 7 ліпеня Асіповіцкі раённы суд пакараў актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” годам зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня ў так званай “справе 14-ці”. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Тацяна Барэль, Асіповічы:
“Добры дзень. Сёньня раніцай едучы на працу, бачына на гарадзкіх будынках надпісы “Свабоду Дубскаму!” І людзі ў аўтобусах гаварылі: гэта той, хто прымаў удзел у акцыях у Менску. Арцём становіцца вядомым”.

Далей слухач задае пытаньне:

Cпадар: “Вітаю вас! Хачу задаць пытаньне праз ваша радыё Анатолю Лябедзьку. На сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі вісела такая інфармацыя: “Давайце створым белую ці чорную кнігу злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Па-мойму, добрая ідэя. Цікава, што зь ёй сталася. Зараз нешта пра яе не чуваць. Была яна рэалізаваная ці нейкія цяжкасьці ўзьніклі? Па-мойму, цудоўная ідэя, стварылі б такую кнігу, раздалі б потым усім, хто прыяжджае ў Беларусь, усялякім гэтым хакеістам, дэпутатам, якія прыяжджаюць і быццам бы бачаць, як тут рай на зямлі. А тут толькі паднімеш бел-чырвона-белы сьцяг і адразу дубінкай па галаве схопіш. Каб народ больш ведаў у іншых краінах, што тут у нас робіцца. Дзякуй, калі адкажаце на маё пытаньне”.

Адказвае Анатоль Лябедзька:

“Ідэя гэтай кнігі застаецца актуальнай, але ёсьць праблемы. Пакуль такой адзінай кнігі, якая б зьмяшчала ўсю статыстыку правапарушэньняў, няма. Пакуль мы маем толькі тое, што адлюстравана ў асобных выданьнях праваабарончых арганізацый. Я думаю, што ня сёньня дык заўтра такая кніга абавязкова зьявіцца”.

Працягваем агляд тэлефанаваньняў. Кіраўнік брытанскага PR-агенцтва Bell Pottinger Group Лорд Бэл, зь якім беларускія ўлады заключылі гадавы кантракт, заявіў ў інтэрвію брусэльскаму інтэрнэт-выданьню EUobserver, што гэты кантракт закончыўся. З гэтай нагоды слухачка Свабоды Алена зь Менску даслала смс-паведамленьне: “Аніякі Бэл, а ні за якія грошы не палепшыць імідж Лукашэнкі. Як напісана ў Рыгора Барадуліна ў “Кстах” , “Гарбатага сьпіной выправіць магіла, гарбатага душой – аніякая сіла”. Далей тэлефанаваньні слухачоў.

Давыдаў, Берасьце: “Паважаная Свабода! У Берасьці, на вуліцы Савецкая ў гонар 990-годзьдзя горада быў усталяваны манумэнт. Многа мільёнаў пайшло з кішэняў гараджан на яго выраб і ўсталёўку. А перад гэтай усталёўкай ні аўтар, ні галоўны архітэктар, ні вялікія чыноўнікі не прачыталі тэкст на плітах, а на плітах падчас вырабу былі дапушчаныя граматычныя памылкі. А цяпер, калі ўся Эўропа, дзякуючы радыё Свабодзе, даведалася пра гэта, прынялі Саламонава рашэньне: зьняць пліты і адправіць у Менск на пераробку. Гэта яшчэ не адзін мільён з кішэняў грамадзян. Вось такія мы разумныя”.

Уладзімер Лялькін: “За тры дні, што пачала дзейнічаць забарона на продаж піва ў шапіках, Салігорск нібы ачысьціўся пасьля фізычнай і маральнай паводкі. На прыпынках больш не валяюцца пустыя пляшкі і сьмецьце. І пасьля гэтага няма чаго енчыць пра падрыў нейкага бізнэсу. Які бізнэс можа быць прымальным для здаровага грамадзтва, выхаваньня дзяцей, іх будучыні. Усё правільна. Наступны крок павінен быць забарона расьпіцьця піва ў грамадзкіх месцах. Мы эўрапейцы. І тут наш шлях у пабы і бары”.

Павал Давыдзенка: “У нашай краіне столькі хлусьні, што ня хочацца ні чаму верыць. Улада грэе рукі на людзкіх трывогах, завод гудзіць, дырэктар рад, і ўвесь тавар ідзе на склад. Зазьзяў ад шчасьця бюракрат – яму павысілі аклад”.
XS
SM
MD
LG