Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе


Абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў

Абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў

У суботу, 22 жніўня, у Браславе адбудзецца ўрачыстая каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Папскія кароны, асьвечаныя сёлета папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ, на абраз ускладзе кёльнскі архібіскуп, кардынал Ёахім Майснэр. Удзел ва ўрачыстасьці возьме таксама кардынал Казімір Сьвёнтак, гіерарх Рыма-каталіцкага Касьцёлу ў Латвіі кардынал Яніс Пуятс, а таксама шматлікія біскупы і сьвятары з розных краін. З прамовай да ўсіх прысутных зьвернецца Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч.

У зьвязку з тым, што Маці Божая Браслаўская зьяўляецца Валадаркай Азёраў, каранацыя адбудзецца на выяве яхты, разьмешчанай каля галоўнага алтара. Выява Маці Божай Браслаўскай стане першым каранаваным абразом у Віцебскай вобласці і дзявятым — у Беларусі.

Урачыстасьці пройдуць таксама ў нядзелю, 23 жніўня ў Менску. Тут адбудзецца ўрачыстае заканчэньне пэрэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій бласлаўлёнага Міхала Сапоцькі ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пэрэгрынацыя (пілігрымка) абраза і рэліквій па парафіях архідыяцэзіі распачалася 19 красавіка. Увесь гэты час абраз і рэліквіі бласлаўлёнага Міхала Сапоцькі знаходзіліся ў Менска-Магілёўскіх парафіях ня больш, чым адны суткі ў кожнай. Абраз і рэліквіі пераадолелі каля 10 тысяч кілямэтраў і пабывалі ў 120 парафіях архідыяцэзыі.

Урачыстасьць завяршэньня пэрэгрынацыі будзе праходзіць у касьцёле сьвятых Сымона і Алены, а таксама ў архікатэдральным касьцёле найсьвяцейшай Панны Марыі пры ўдзеле вялікай колькасьці духавенства і вернікаў.

Копія абраза Езуса Міласэрнага для пэрэгрынацыі была намалявана беларускім мастаком Фэліксам Янушкевічам паводле абраза, напісанага са словаў сястры Фаўстыны, што знаходзіцца ў Вільні. З 23 жніўня, пасьля ўрачыстага завяршэньня пэрэгрынацыі, абраз і рэліквіі часова будуць захоўвацца ў менскай архікатэдры. Плянуецца, што ў будучым абраз будзе перададзены ў касьцёл Божай Міласэрнасці ў Лошыцы, калі той будзе пабудаваны.

Каранаваныя абразы ў Беларусі
Выява Маці Божай Браслаўскай стане першым каранаваным абразом у Віцебскай вобласці і дзявятым — у Беларусі. Да гэтага кароны былі ўскладзеныя на восем абразоў:
- Маці Божая Жыровіцкая (1730)
- Маці Божая Бялыніцкая (1761)
- Маці Божая Берасьцейская (1996)
- Маці Божая Лагішынская (1997)
- Маці Божая Будслаўская (1998 г.)
- Маці Божая Кангрэгацкая ў Фарным гарадзенскім касьцёле (2005)
- Маці Божая Гудагайская (2007)
- Маці Божая Тракельская (2009)
(Крыніца: catholic.by)
XS
SM
MD
LG