Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валера Руселік. ПРА СВАБОДУ /частка V /


Валера Руселік

Валера Руселік

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Валера РУСЕЛІК (Valery RUSELIK) Нарадзіўся ў Горадні ў 1982 годзе. Сярод іншых сваіх заняткаў найперш вылучае падарожжы. У 2001 годзе босым пілігрымам з Горадні дайшоў да Вострай Брамы ў Вільні. Плаваў у трох морах і двох акіянах. Абаронца намётавага мястэчка на Плошчы Каліноўскага, а таксама гістарычнай забудовы Горадні ў часе “бульдозэрнай рэканструкцыі”. Мэдыя-актывіст. Сябра суполкі літаратараў-паўстанцаў “Бункер”.

Пятніца 2009-VIII-21

Шукаць праявы свабоды – занятак дастаткова займальны. Узірацца ў вочы мінакоў, прыгадваць жыцьцёвыя сытуацыі і ўчынкі сяброў ды зусім незнаёмых табе людзей – цешыцца кожнаму знойдзенаму кавалку вялікае мазаікі. Балазе ўласна пошук – гэта таксама неад’емная праява свабоды.


Свабода - гэта калі заўсёды наперад...

Нельга скласьці сьпіс куміраў і ёмістых вызначэньняў – ды задаволіцца, спыніцца на гэтым. Застаялая вада ў сажалцы пачынае сьмярдзець, шыкоўныя пераплёты ў шафе забіваюцца пылам, спыненае сэрца аўтаматычна азначае скон. Каб жыць, трэба заўсёды рухацца.

... дзе ўвесь сьвет з усімі сваімі дзівосамі чакае цябе

Вялікую колькасьць нашых знакамітых продкаў, ганаровых чальцоў беларускага ды іншых нацыянальных пантэонаў, апроч іншага лучыць іх любоў да падарожжаў. Вандруючы па сьвеце, узбагачаючыся асабіста, яны духоўна ўзбагачалі і наш край. Пераадольваючы чарговую мяжу, ты пераадольваеш яе ня толькі ў рэальнай прасторы, але і ўва ўласным сэрцы, у сваёй душы.

І калі ты зірнеш за далягляд...

Менавіта таму ў мяне няма канкрэтнага акрэсьленьня свабоды, якое я мог бы прапанаваць вам: вось, маўляў, карыстайцеся!

... і дойдзеш да самага краю Зямлі

Шлях да ўласнай Свабоды – заўсёды шлях асабісты. І каб сягнуць мэты гэтага, бадай, самага інтымнага падарожжа, трэба папросту ўзяць ды выправіцца ў шлях. Шукаць адказы, кіруючыся ўласным сумленьнем. А хто шукае, той, як вядома, абавязкова знойдзе.

...тады гэты сьвет стане тваім

І апошняе. Разважаючы над паняткам свабоды,за гэтыя дні я пасьпеў прыгадаць для самога сябе вялікую колькасьць людзей, пра якіх хацеў бы распавесьці вам. Перакананы: кожны з прысутных можа зрабіць тоесама. Таму сёньня я пакіну ў сваім імправізаваным сьпісе свабодных людзей вакантнае месца.

...і ўсё, што цябе стрымлівала, ператворыцца ў пясок

Для цябе, свабодны чалавеча.

І наперадзе цябе зноўку будзе чакаць дарога...

XS
SM
MD
LG