Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Новае жыцьцё” могуць павесіць новы замок


Маратон працягваецца

Маратон працягваецца

13.50 Намесьнік кіраўніка ўправы ідэалёгіі Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Уладзімер Зубрык адмовіўся камэнтаваць Свабодзе сытуацыю вакол царквы “Новае жыцьцё”.


“У нас у гарвыканкаме ёсьць адзьдзел у справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў, які займаецца гэтымі пытаньнямі. Калі ласка, усе гэтыя пытаньні ў той адзьдзел.

Раней прадстаўнікі згаданага адзьдзелу Менгарвыканкаму ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў адмовіліся камэнтаваць канфлікт вакол “Новага жыцьця”. Журналіста Свабоды накіравалі ў адзьдзел ідэалёгіі.

У 2005 годзе ўлады Менску пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а пасьля і будынку на той падставе, што на яго месцы плянавалася будаваць жылы мікрараён. Плян забудовы мясцовасьці страціў юрыдычную моц у 2006 годзе. Новы плян дагэтуль не зацьверджаны.

У часе судовых паседжаньняў па справе “Новага жыцьця”, якія цягнуліся тры гады, прадстаўнікі Менгарвыканкаму вінавацілі вернікаў у нямэтавым выкарыстаньні будынку колішняга кароўніка. Юрыст царквы Сяргей Луканін падкрэсьлівае, што панятак “нямэтавае выкарыстаньне” ў заканадаўстве дакладна не прапісаны. Аднак прадстаўнікі гарадзкой адміністрацыі ў судзе настойвалі, што вернікі павінныя выкарыстоўваць набыты будынак паводле ранейшага прызначэньня – гэта значыць як кароўнік, зазначае Луканін.

Так выглядае сёньня царква "Новае жыцьцё"

13.30
Людзей паболела — зараз каля сотні чалавек. Сюды прыехалі вернікі зь іншых гарадоў. Ёсьць тыя, хто начаваў сёньня ў царкве. Некаторыя кажуць, што ахвяруюць сваімі выходнымі, не паедуць у вёскі і на лецішчы.

Юрыст “Новага жыцьця” Сяргей Луканін чакае, што ў выходныя народу ў царкве будзе яшчэ болей.

Шмат хто правёў ноч у царкве

12.25
Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч паведаміў, што ў царкве знаходзіцца шмат дзяцей. Ён перакананы, што ўлады не адважацца кінуць на штурм спэцназаўцаў, што тыя ня будуць выносіць з храму дзяцей і жанчын.
На гэты момант у царкве прыкладна 50 чалавек.

Музычны маратон працягваецца. На сцэне выступае музычны гурт гомельскай рэлігійнай суполкі “Жывое слова”, у якой пастарам Зьміцер Падлобка.

Маратон працягваецца

11.45 Музычны маратон у падтрымку вернікаў працягваецца. На сцэне ў дадзены момант выступае гурт суполкі “Новае жыцьцё”. Прысутныя ў залі моляцца. Ля царквы зьбіраюцца журналісты.

Маратон працягваецца

10.40 Да будынку “Новага жыцьця” пад’ехала здымачнага група БТ

Аб 11 гадзіне павінна адбыцца фармальная перадача будынку царквы “Новае жыцьцё” на балянс уладаў Менску.

Паводле юрыста царквы Сяргея Луканіна, паколькі вернікі адмовіліся добраахвотна перадаць свой будынак, за іх гэта зробяць уладныя структуры.

Пасьля падпісаньня акту перадачы, кажа Луканін, фармальна будзе лічыцца, што вернікі ўжо знаходзяцца ў чужым будынку.

У будынку храма працягваецца музычны маратон на знак салідарнасьці зь вернікамі, у якіх забіраюць храм.

Да вечара 20 жніўня, на загад судовых выканаўцаў прадстаўнікі “Новага жыцьця” павінны былі аддаць уладам Менску ключы ад будынку на менскай вуліцы Кавалёва ў мікрараёне Сухарава.

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка кажа, што вернікі самастойна з храму не сыдуць.

50 пастараў падпісаліся 20 жніўня пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць перасьлед вернікаў-пратэстантаў.

ГЛЯДЗЕЦЬ ЦАРКВУ “НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ” на МАПЕ

Царква “Новае жыцьцё”
Рэлігійная суполка “Новае жыцьцё” належыць да самастойнай пратэстанцкай дэнамінацыі – Саюзу хрысьціян поўнага Эвангельля. Рэлігіязнаўцы называюць іх харызматычнымі пяцідзесятнікамі або нэапяцідзесятнікамі. Тым ня менш, гэта не пяцідзесятнікі і не баптысты ў клясычным разуменьні.

Хрысьціяне поўнага Эвангельля вераць, што атрыманы пры хросьце дар Сьвятога Духа праяўляецца і праз здольнасьць маліцца на “анёльскіх мовах”. Гэта мовы, непадуладныя розуму, малітва духам, якую чалавек гаворыць падчас рэлігійнага экстазу. Яны таксама вераць, што Бог дае чалавеку магчымасьць жыць у фінансавым дабрабыце. Вернікі "Новага жыцьця" і іх адзінаверцы зь іншых грамадаў вераць у трыадзінага Бога і прымаюць усю Біблію (Стары і Новы запаветы).

Саюз хрысьціян поўнага Эвангельля – адна з самых маладых пратэстанцкіх дэнамінацыяў, якая і найбольш хутка расьце колькасна, у тым ліку за кошт прытоку маладых людзей і маладых сем’яў. У Беларусі зарэгістравана каля 60 грамадаў хрысьціян поўнага Эвангельля. А ўсяго ў Беларусі зарэгістравана 972 пратэстанцкія суполкі розных дэнамінацыяў. Гэта параўнана з колькасьцю праваслаўных парафій і ў два разы болей, чым каталіцкіх.

***

Ад 2005 года ўлады Менску спрабуюць адабраць у вернікаў будынак. Тады ўлады Менску пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і будынку. У якасьці кампэнсацыі за будынак плошчай 1 700 квадратных мэтраў ім прапанавалі 37 з паловай мільёнаў рублёў (каля 16 000 даляраў).

У 2006 годзе вернікі “Новага жыцьця” трымалі галадоўку, да якой далучыліся пратэстанты іншых суполак. Тады пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і папрасілі спыніць галадоўку, паабяцаўшы ў судзе вырашыць на карысьць вернікаў усе спрэчныя пытаньні. Судовыя працэсы цягнуліся тры гады, і ўрэшце суд адмовіў вернікам па ўсіх пазыцыях.
XS
SM
MD
LG