Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё па-ранейшаму, толькі імёны зьмяніліся”, — гэтак называецца новая кніга вершаў Уладзімера Арлова, якая днямі пабачыла сьвет у выдавецтве “Логвінаў”. Некаторыя вершы для зборніка аўтар напісаў у рэанімацыі. Гэты зборнік паэзіі Арлова — чацьверты пасьля “Парома празь Ля-Манш”, “Там, за дзьвярыма”, “Фаўны сноў”.


Карэспандэнтка: “Усё па-ранейшаму, толькі імёны зьмяніліся”. Назва інтрыгуе...”

Уладзімер Арлоў: “Ну, ня справа аўтара тлумачыць вершы, у тым ліку і назву кнігі. Але хачу пераадрасаваць чытачоў да аднайменнага
верша ў кнізе. Праўда, там ён называецца на мове арыгіналу: “It’s all the same”, гэта радок зь песьні Bon Jovi, адной з улюбёных маіх песьняў”.

Карэспандэнтка:
“А калі былі створаныя гэтыя вершы?”

Уладзімер Арлоў: “Гэта якраз вершы, напісаныя цягам году, большая частка зь іх напісана ўжо сёлета. Таму я асабліва ўдзячны выдавецтву “Логвінаў” за такое апэратыўнае выданьне. Гэта, магчыма, упершыню ў маім жыцьці, калі я так хутка свае творы пабачыў надрукаванымі ў кнізе.

Чытач, напэўна, заўважыць некаторыя вершы, якія не маглі б нарадзіцца на сьвет без маіх “прыгодаў”, якія прывялі мяне на апэрацыйны стол, а потым у аддзяленьне рэанімацыі, у якім, у прыватнасьці, быў напісаны верш “Між берагамі”. Ён гучаў на хвалях “Свабоды”, калі я яшчэ быў у шпіталі… У гэтым вершы — прысьвячэньне Ірыне, доктару, якая, па сутнасьці, уратавала мне жыцьцё”.

Карэспандэнтка: “А ў чым своеасаблівасьць вершаванага мысьленьня? Ці вобразнасьць — гэта галоўнае для працы са словам наагул, ці ўсё ж такі праца над вершамі была прынцыпова іншай, чым праца над прозай?”

Уладзімер Арлоў: “Напэўна, гэта ўсё ж іншы погляд на сьвет. Іншае сьветабачаньне, сьветаразуменьне і сьветаўяўленьне. Доўгі час рабочай назвай гэтай кнігі была іншая: “Востраў Полацак”. І толькі ў апошнія дні перад здачай у друкарню я знайшоў гэтую назву, а назва “востраў Полацак” засталася ў запасе. Мне думаецца, так будзе называцца будучая кніга прозы. Безумоўна, Полацак — адзін з галоўных герояў і сёньняшняй маёй кнігі. Полацак — гэта радзіма маёй душы, мая альфа і амэга. Вось тры радочкі аб ім:

ёсьць гарады прыдуманыя Богам
ёсьць гарады прыдуманыя д’яблам
а хто цябе прыдумаў горад мой?


І яшчэ — верш “Полацак”, які адкрывае кнігу. Гэта танка, клясычная форма японскай паэзіі:

у даўкім віне
восеньскага паветра
іду па бруку
сярод старых камяніц
пад сьцягам адзіноты


Полацак… Там прыйшоў я на сьвет, калі-небудзь я вярнуся назаўсёды ў Полацак. Спадзяюся, да гэтага часу выйдзе не адна мая кніжка...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG