Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды беднаму настаўніку падацца?


У Беларусі — перавытворчасьць настаўнікаў. Ёсьць праблемы з працаўладкаваньнем маладых спэцыялістаў, якія сёлета скончылі пэдагагічныя ВНУ — яны вымушаныя самі шукаць месцы працы. Пасьля пераходу на 11-годку, у сувязі з адменай профільных ухілаў, не хапае вучэбных гадзін для сталых пэдагогаў. У той жа час Міністэрства адукацыі сьцьвярджае, што істотнага скарачэньня настаўнікаў няма.


Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва паведаміла, што сёлета цалкам укамплектаваныя настаўнікамі нават сельскія школы ў чарнобыльскай зоне:

Гэта, хутчэй, зьвязана з тым, што апошнія 6—7 гадоў мы зачыняем ад 60 да 80 (у асобныя гады і да 100) малакамплектных устаноў адукацыі. Натуральна, гэта выклікае скарачэньне кадраў
“Цяпер сыстэма ў цэлым, на ўсіх узроўнях кадрамі забясьпечана. З 17 жніўня каля 7 тысяч маладых спэцыялістаў прыступае да працы. Ні летась, ні сёлета скарачэньня кадраў з прычыны зьменаў вучэбных плянаў мы не чакаем. Летась было скарочана 0,9% пэдагогаў. Гэта, хутчэй, зьвязана з тым, што апошнія 6—7 гадоў мы зачыняем ад 60 да 80 (у асобныя гады і да 100) малакамплектных устаноў адукацыі. Натуральна, гэта выклікае скарачэньне кадраў”.

Дарэчы, сёлета 97 школ будзе закрыта, паведаміла начальнік упраўленьня разьвіцьця матэрыяльна-тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Лідзія Зайцава:

“Зачыняецца сёлета 97 школ: пачатковых — 21, базавых — 54, 7 — сярэдніх, 15 — іншых”.

Шмат настаўнікаў звольнілі, толькі ў нашай школе — каля 20 чалавек.
Але бяз працы настаўнікі застаюцца ня толькі з прычыны закрыцьця малакамплектных школ у тых вёсках, якія паміраюць. У сувязі зь пераходам на 11-годку вучэбныя пляны значна спрасьцілі, некаторыя прадметы наагул скасавалі, скарацілі колькасьць гадзінаў па шмат якіх дысцыплінах, няма цяпер і профільных клясаў. Распавядае спадарыня Ірына. Сталічная школа, у якой яна працуе настаўніцай, раней была з эканамічным ухілам, а цяпер стала звычайнай:

“Сьпевы прыбралі, настаўнік не патрэбны. Усясьветнай мастацкай культуры няма, фізкультуры гадзіну прыбралі, настаўнікаў ангельскай мовы і матэматыкі таксама менш патрэбна, бо гадзінаў стала менш. Шмат настаўнікаў звольнілі, толькі ў нашай школе — каля 20 чалавек”.

Яшчэ адна настаўніца, спадарыня Сьвятлана, працавала раней у школе з этнаграфічным ухілам, які таксама скасавалі. Яна сьцьвярджае, што з фармулёўкай “па скарачэньні” афіцыйна нікога не звальняюць:

“У Сеньніцы працавала мая аднакурсьніца, у яе гадзінаў было болей, чым стаўка. І пасьля гэтай так званай рэформы ў яе засталося толькі 9 гадзін, хаця абавязкова павінны даць 18 гадзін. Скарачаць яны ніякага права ня маюць. Не-не, афіцыйна ні ў якім разе, маўляў, “усім даем гадзіны, усім даем працу”. Але ставяць у такія ўмовы, што ты сам звальняесься”.

Настаўніца спадарыня Ірына распавяла пра сытуацыю ў сваёй школе:

“У нас настаўніца сьпеваў у суд падала на дырэктара. Яна хацела, каб яе па скарачэньні звольнілі, але дырэктару не дазволілі так зрабіць. Паводле нейкага іншага артыкула звольнілі, бо ня сам дырэктар звальняе, гэта ж узгоднена з упраўленьнем адукацыі. Паўсюль кажуць: “нікога не скарацілі, ніхто не пацярпеў”. Але ж у нашай школе некалькі чалавек звольнілі, прычым звольнілі не па скарачэньні. Лічыцца, што быццам бы самі сышлі”.

Вось і вымушаныя настаўнікі звальняцца па ўласным жаданьні, зь іншых прычынаў, каб не сапсаваць статыстыку Міністэрства адукацыі. Тым часам пачынаюцца праблемы з працаўладкаваньнем сёлетніх маладых спэцыялістаў. Як паведаміла намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва, на гэтым тыдні іх прыходзіць у школы каля 7 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG