Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Аўганістане. Пэйзаж пасьля бітвы


У Аўганістане прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Нягледзячы на пагрозы Талібану, паводле афіцыйных прадстаўнікоў, дастаткова людзей прышлі да выбарчых скрыняў. За пасаду кіраўніка дзяржавы спаборнічалі 32 кандыдаты, ў ліку і дзейны прэзыдэнт Хамід Карзай. Папярэднія вынікі галасаваньня стануць вядомыя на пачатку верасьня.


ФОТАГАЛЕРЭЯ

Каб гарантаваць бясьпеку выбарнікаў, былі выкарыстаныя велізарныя сілы, агулам да 300 тысячаў чалавек, у тым ліку 60 тысяч салдатаў кантынгенту НАТО, 40 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў і аўганскія войскі і паліцыя. Тым ня менш у розных гарадах краіны адбыліся ўзброеныя напады. Два тэрарысты-сьмяротнікі былі забітыя ў Кабуле, 20 ваеўнікоў былі забітыя ў горадзе Баглан на поўначы краіны. На 500 участках з 7000 па краіне выбары наагул не праводзіліся. 8 раёнаў краіны знаходзяцца пад фактычным кантролем Талібану.

Напярэдадні галасаваньня Талібан распаўсюдзіў улёткі на поўдні краіны, ў якіх пагражаў тым, хто пойдзе галасаваць, адразаць вушы, насы і пальцы. Учора па краіне былі забітыя пяцёра сяброў выбарчых камісій. Паводле ацэнак экспэртаў гэтыя пагрозы маглі паўзьдзейнічаць на многіх выбарнікаў, але пакуль лічбы яўкі на выбарах невядомыя. Час галасаваньня быў працягнуты на гадзіну, на выбарчых участках стаялі чэргі выбарнікаў, якія жадалі прагаласаваць.

Некаторыя крыніцы паведамлялі пра сакрэтныя пагадненьні паміж ўладамі і Талібанам, што талібы ня будуць надта перашкаджаць галасаваньню. Улады абвяргаюць гэтую інфармацыю, але пацьвярджаюць, што такія пагадненьні паміж талібамі і мясцовымі старэйшынамі былі.



Што да ацэнак назіральнікаў і экспэртаў наконт ступені дэмакратычнасьці выбараў, то клясычным стандартам дэмакратыі яны не зусім адпавядаюць. Чыноўнікі вялі агітацыю за дзейнага прэзыдэнта, журналісты паведамлялі пра продаж бюлетэняў. Але есьць і іншы бок. У Аўганістане даволі лёгкая працэдура рэгістрацыі кандыдатаў – дастаткова сабраць толькі 10 тысячаў подпісаў у сваю падтрымку. У Беларусі, дзе насельніцтва ўдвая менш, чым у Аўганістане , трэба сабраць 100 тысячаў. У выніку ў Аўганістане было спачатку зарэгістравана больш за 40 кандыдатаў, некаторыя зьнялі свае кандыдатуры на карысьць дзейнага прэзыдэнта. Але засталося ў бюлетэні 32 кандыдаты.



Варта адзначыць, што сёлета ў адрозьненьні ад папярэдніх выбараў, ішла сапраўдная палітычная барацьба. Паводле апытаньняў Хаміда Карзая падтрымлівалі прыкладна 45% выбаршчыкаў, ягонага галоўнага канкурэнта былога міністра замежных справаў Абдулу Абдулу - 25%, 10% былі гатовыя падтрымаць былога міністра плянаваньня Рамазана Башардоста. Лічбы сувымерныя, многія экспэрты не выключаюць, што сёньняшняе галасаваньне не вызначыць пераможцу. Тады ў кастрычніку пройдзе другі тур галасаваньня, ў якім будуць удзельнічаць два кандыдаты, якія сёньня набралі найбольш галасоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG