Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У будынку храма менскай пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” стартуе музычны маратон.


Цягам 26 гадзінаў музычныя калектывы зь іншых пратэстанцкіх суполак будуць выступаць на сцэне. Такім чынам яны выказваюць сваю салідарнасьць зь вернікамі “Новага жыцьця”, якія сёньня, паводле прысуду, да канца працоўнага дня мусяць аддаць ключы ад свайго храма судовым выканаўцам. Вернікі заявілі, што не пакінуць свой храм.

Музычны маратон стартуе а 7 вечара. Такім чынам вернікі-пратэстанты адказваюць уладам на іх рашэньне адабраць будынак у суполкі “Новае жыцьцё”.

Нагадаем: у 2005 годзе менскія гарадзкія ўлады спачатку пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і будынку (былога калгаснага кароўніка на ўскрайку Менску), які тыя набылі і адрамантавалі за свае грошы. У 2006 годзе на знак пратэсту вернікі “Новага жыцьця” трымалі галадоўку, якую падтрымалі іншыя суполкі. Пастара выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і папрасілі спыніць галадоўку, паабяцаўшы вырашыць усе пытаньні ў судзе. Суд доўжыўся тры гады і нарэшце пастанавіў адабраць будынак у вернікаў.

Каля пяцідзесяці пастараў падпісаліся пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць перасьлед вернікаў-пратэстантаў.

Гаворыць юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін:

“У гэтым звароце гаворыцца пра тое, што, на жаль, сытуацыя ў нашай краіне, мякка кажучы, ня вельмі добрая. Пастары зьвяртаюцца да прэзыдэнта як да гаранта канстытуцыйных правоў вернікаў, каб ён спыніў ціск з боку ўлады на эвангельскіх хрысьціян. Гэты зварот падпісалі каля пяцідзесяці пастараў эвангельскіх хрысьціян розных канфэсій.

Мы не аддамо наш будынак ні ў якім выпадку. Будзем маліцца і зьвяртацца да Бога. Мы ня выйдзем з нашага будынка, бо верым, што ён застанецца за намі”.

Сярод тых, хто падпісаўся пад зваротам, пастар царквы “Ян Прадвесьнік” Антоній Бокун:

“Тое, што дазваляе выжыць у любой сытуацыі — гэта салідарнасьць. У такой сытуацыі, калі ўлады робяць такі сур’ёзны “наезд” на адну царкву, то адказнасьць усіх — падтрымаць царкву “Новае жыцьцё”. Творыцца відавочнае беззаконьне, і яго трэба спыніць”.

Пастар пазбаўленай рэгістрацыі “Беларускай эвангельскай царквы” Эрнэст Сабіла таксама падпісаўся пад зваротам. Ён прыгадаў, што спачатку суполку пазбавілі юрыдычнага адрасу, а потым пастара штрафавалі за правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства.

“Пачынаць чалавека штрафаваць, пачынаць чалавека саджаць на суткі, а можа, і на гады. І такім чынам зь некаторых людзей рабіць марыянэтак. Вось якую мэту ставіць шатан”.

А 7-й вечара будынак на вуліцы Кавалёва ў Менску наведаюць пратэстанты іншых суполак. Маратон салідарнасьці зь вернікамі царквы “Новае жыцьцё” будзе доўжыцца 26 гадзінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG