Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскі інвэстар “кінуў” “Мотавела”


Belarus -- Industrial shops of the Minsk motorcycle and bicycle factory, 24Jul2008

Belarus -- Industrial shops of the Minsk motorcycle and bicycle factory, 24Jul2008

Менскі мотавелазавод у крытычным становішчы. Аўстрыйскі інвэстар не спраўляецца зь фінансавымі абавязкамі перад беларускім урадам, у выніку чаго завод завінаваціўся перад бюджэтам на вялізныя сумы. За хранічныя няплаты на прадпрыемства абмежаваная падача электраэнэргіі, а больш за тысячу супрацоўнікаў пераведзеныя на 2/3 заробку, бо заняць іх няма чым.


За апошні год на “Мотавела” зьмяніліся блізу дзясятка дырэктараў. Аднак тасаваньне кадраў не дае практычна ніякага плёну. Чарговы кіраўнік Казімір Мароз скардзіцца: прыцягнуты дзяржавай інвэстар — аўстрыйская кампанія “ATEC Holding Gmbh”, якой таксама належаць шклозаводы ў Ялізаве і Лідзе — фактычна кінула калектыў на самавыжываньне:

Якія там абавязкі, які тэрмін пагашэньня — да нас такая інфармацыя не даходзіць
“Інвэстар грошай увогуле не пералічвае. Былі дамоўленасьці падчас набыцьця прадпрыемства, колькі інвэстар мусіць інвэставаць, колькі аддаць дзяржаве. Але падрабязнасьцяў я ня ведаю, таму што кампанія АТЕС падпісвала дамову зь дзяржавай, з урадам. Якія там абавязкі, які тэрмін пагашэньня — да нас такая інфармацыя не даходзіць”.

Між тым да адміністрацыі заводу спраўна даходзяць рахункі на аплату карыстаньня энэрганосьбітамі. Але калі няма абаротных сродкаў, то і плаціць няма чым. У выніку, як кажа спадар Мароз, энэргетыкі адключылі рубільнік:

“Абмежаваньні электраэнэргіі да ўзроўню так званай аварыйнай броні…”

Карэспандэнт: “То бок нейкімі порцыямі электрычнасьць усё ж падаецца?”

Цэнтар гораду, усіх толькі нерухомасьць цікавіць. А роварамі, кажуць, гандлюйце, хлопцы, самі. Вось такая абстаноўка
“Ну канечне, усё ж не абясточаць. Але калі ня плацім за энэрганосьбіты, значыць, уводзіцца аварыйная бронь... Абароткі не хапае. Каб крыху абаротных сродкаў, ці каб ён колькі інвэставаў, то было б іначай. Але падчас крызісу яны, відаць, баяцца страціць свае грошы, таму пакуль працэс прыпынены. У выніку праблема з энэргетыкай: ёсьць запазычанасьць, і мы проста ня плацім. Магутнасьці — пар, газ — аплачваем, але за бягучую электрычнасьць, за тое, што спажыта за месяц, у нас папросту няма сродкаў расплаціцца. Таму і абмяжоўваюць да аварыйнай броні”.

Карэспандэнт: “Аддалі б энэргетыкам даўгі роварамі, то бок, па бартэры…”

“Дык ня хочуць яны. Толькі маёмасьцю, зямлёй, будынкамі, збудаваньнямі згодныя. Цэнтар гораду, усіх толькі нерухомасьць цікавіць. А роварамі, кажуць, гандлюйце, хлопцы, самі. Вось такая абстаноўка”.

Ад пачатку году з канвэера “Мотавела” сышло ўсяго паўтысячы матацыклаў. Вэлясыпэдаў вырабляецца больш — блізу 2 тысяч штомесяц. Пры такой міні-загружанасьці трымаць шматтысячны калектыў папросту не выпадае. Як кажа інжынэр-канструктар з 50-гадовым стажам працы Барыс Фердман, лепшыя кадры сыходзяць самі, астатнія задавальняюцца 2/3 заробку:

Ня вучаць у ВНУ, як рабіць матацыклы і ровары. Лічыцца, што гэта настолькі проста, што няма чаму і вучыць. Але расейская абаронная прамысловасьць так і не змагла зрабіць элемэнтарны ровар
“Наладчыкі старога абсталяваньня — гэта спэцыялісты найвышэйшага клясу, бо гэтаму нідзе ня вучаць. Ня вучаць у ВНУ, як рабіць матацыклы і ровары. Лічыцца, што гэта настолькі проста, што няма чаму і вучыць. Але расейская абаронная прамысловасьць так і не змагла зрабіць элемэнтарны ровар! Вось і новыя гаспадары сёньня нічога не ўкладаюць. Людзі, якія дагэтуль займаліся шкловытворчасьцю, падумалі, што ўсё могуць. У выніку што маем? З 4500 працоўных засталося на заводзе 1700. Сышлі добрыя спэцыялісты, наладчыкі, начальнікі цэхаў, інжынэры, якія мелі вырашальнае значэньне ў вытворчасьці. Адрадзіць гэтую справу бяз кадраў, думаю, будзе немагчыма”.

Ды няма там ніякага інвэстара. Хто такі інвэстар? Гэта перадусім той, хто ўкладае грошы ў пэрспэктыву, атрымліваючы ў будучым добры вынік, добры ці прынамсі нармальны завод. Вось гэта інвэстар
Колішні генэральны дырэктар “Мотавела” Канстанцін Устымчук перадусім ставіць пад сумнеў фінансавую здатнасьць інвэстара. Апроч таго, зусім неакрэсьленымі выглядаюць мэты, якія перасьледуюць бізнэсоўцы ў гэтым праекце:

“Ды няма там ніякага інвэстара. Хто такі інвэстар? Гэта перадусім той, хто ўкладае грошы ў пэрспэктыву, атрымліваючы ў будучым добры вынік, добры ці прынамсі нармальны завод. Вось гэта інвэстар. А тыя, хто зараз заводам займаюцца, дык ня ведаю, хто яны. Па-мойму, на заводзе ўжо не засталося ніводнага спэцыяліста, у прыватнасьці тэхнароў — дык дакладна”.

Спадар Устымчук згадвае, што яшчэ ў 1990-х “Мотавела” лічылася адным з самых пэрспэктыўных прадпрыемстваў Беларусі — увесь сьвет паступова перасядаў на ровары, і рынак патэнцыйнай прысутнасьці падаваўся бязьмежным. Але скарыстаць момант ніхто так і ня здолеў:

“Пры тым стаўленьні, якое было да мяне пасьля сыходу, я перастаў асабліва сачыць, бо ведаў, што завод разваліцца канчаткова. Цікаўлюся, але ў дзейнасьць ня ўмешваюся... Пры мне было 7 тысяч працоўных. Ня буду гадаць, колькі цяпер засталося і хто працуе, але я бачыў прадукцыю: яна нічым не адрозьніваецца ад той, што была 10—12 гадоў таму, калі я працаваў. Ніякага прагрэсу! Таму ўсе заявы наконт абнаўленьня проста несур’ёзныя”.

На думку некаторых экспэртаў, “Мотавела” могуць штучна падводзіць да банкруцтва з далейшай ліквідацыяй прадпрыемства. Вольныя 27 гектараў зямлі ў цэнтры гораду больш прывабныя для інвэстараў, чым пэрспэктыва аднаўленьня стратнай вытворчасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG