Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступаючы ў Талачыне, кіраўнік дзяржавы зрабіў некалькі зьнешнепалітычных заяваў. Ён пашкадаваў аб выхадзе Грузіі з СНД. Паведаміў, што на наступным тыдні сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі Мядзьведзевым і выказаўся супраць непрымальных умоваў Эўразьвязу ў дыялёгу зь Менскам.

Лукашэнка назваў выхад Грузіі з СНД памылкай грузінскага кіраўніцтва. Ён выказаў шкадаваньне з прычыны гэтага рашэньня, і выказаў спадзяваньне, што “пройдзе час, загояцца раны, і Грузія вернецца ў СНД”. Паводле Лукашэнкі, гэта “фармальны выхад”, бо прэзыдэнт Саакашвілі заявіў, што Грузія будзе працягваць выконваць шэраг абавязкаў па дамоўленасьцях, якія былі дасягнутыя ў межах СНД.

Прэзыдэнт Беларусі паведаміў, што на наступным тыдні мяркуе сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзведзевым у Сочы. Лукашэнка сказаў, што сустрэчу прапанаваў Мядзьведзеў падчас нядаўняга нефармальнага саміту АДКБ у Кіргізстане.

“Мы абмяркуем увесь комплекс пытаньняў, якія не вырашаюцца”, – сказаў беларускі кіраўнік. Ён выказаў пажаданьне, каб дамоўленасьці на вышэйшым узроўні выконваліся, а не блякаваліся на ніжэйшых паверхах улады.

“Тады ня будзе інсынуацыяў, куды пайшоў Лукашэнка”, – падкрэсьліў кіраўнік Беларусі.

Ён станоўча ацаніў дыялёг з Захадам, але заявіў: «Калі нехта на Захадзе думае, што ў нас з Расеяй папсаваліся адносіны і мы Лукашэнку падкруцім, і ён усіх злачынцаў з турмаў павыпускае, зламае заканадаўства, то яны памыляюцца».

Нагадаем, што нядаўна памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан падчас візыту ў Менск заявіў, што Злучаныя Штаты не мяняюць свае падыходы да Беларусі і настойваюць на вызваленьні палітычных зьняволеных.

“У нас добрыя адносіны з Расеяй, выдатныя ў нас з Расеяй адносіны. У нас ёсьць праблемы – гэта так. Але хто нічога ня робіць, у таго праблемаў няма”, - патлумачыў Лукашэнка.

Ён таксама сказаў, што «калі на Захадзе разьлічваюць, што шляхам махінацыяў можна забраць уладу ў цяперашняй улады і перадаць яе апазыцыі, то нічога не атрымаецца». «Я хачу, каб эўрапейцы вялі шчыры дыялёг і не спрабавалі нас праз калена сагнуць. Мы ўсё роўна выжывем. У зямлянкі пойдзем, але сувэрэнітэт і нармальнае жыцьцё людзям забясьпечым», - заявіў Лукашэнка.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG