Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмецьцеперапрацоўчы завод — каля польскай мяжы


Аўгустоўскі канал
Аўгустоўскі канал

Жыхары Горадні на сходзе ў гарвыканкаме выказалі нязгоду з месцам будаўніцтва сьмецьцеперапрацоўчага заводу, які можа сапсаваць экалёгію ў раёне Аўгустоўскага каналу, што зьяўляецца турыстычнай зонай. Гарвыканкам пераконвае ў экалягічнай бясьпецы праекту.

Першы намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандар Цыбульнікаў паведаміў, што, штогод Горадня “прадукуе” 260 тысяч тонаў сьмецьця. Месца для ягонай утылізацыі на традыцыйных палігонах ужо бракуе. Раней улады закрылі адзін з такіх палігонаў на поўнач ад гораду, дзе са сьмецьця вырасла гара вышынёю з шасьціпавярховы дом. Цяпер улады зьбіраюцца будаваць сьмецьцеперапрацоўчы завод. Кошт яго ўзьвядзеньня— 41 мільён даляраў. Інвэстыцыі для гэтага праекту абяцае Сусьветны банк. Аднак ён жа патрабуе, каб праект быў абмеркаваны з мясцовым насельніцтвам.

Пад такім ціскам гарвыканкам арганізаваў такую сустрэчу. І яна выявіла нэгатыўныя настроі:

Спадар: “Паважаць трэба нас. Мы прыйшлі з Савету вэтэранаў, я прадстаўляю ЖЭС-11. Па-першае, вы не сказалі — чый гэта праект канкрэтна, кім ён апрабаваны, дзе прайшоў экспэртызу? Дзе санэпідэмстанцыя, дзе тыя, хто водазабесьпячэньнем займаецца? Чаму вы мапу не павесілі тую, на якой бы пазначылі два месцы?”

Мапу я паглядзеў дома. Пляцоўка Рагачы-Выселкі, дзе хочуць пабудаваць сьмецьцевы завод, знаходзіцца на захад ад Горадні, прыблізна за два кілямэтры ад польскай мяжы. Раней гэта сапраўды была экалягічна чыстая зона. Небясьпекай для гэтага кутка прыроды занепакоеныя гарадзенцы.

Спадар: “А ружа вятроў? Ружа вятроў у нас на Гарадзеншчыне — паўночна-заходняя і заходняя. Гэта што, у нас будзе — тое, што ў Скідалі з птушкафабрыкай? Калі не былі там, пабудзьце! Вы нас сабралі навошта? Раіцца — ці проста так: мы ўжо вырашылі, дык сыходзьце, хлопцы?! Мы не па тое прыйшлі!”

Горад Скідаль знаходзіцца на ўсход ад Горадні, і там у паветры ўвесь час сьмярдзіць. Дагэтуль абмяркоўваліся дзьве пляцоўкі для будоўлі сьмецьцевага заводу: другая — на ўсходняй ускраіне Горадні ў раёне хімічнага гіганту “Азот”. Але на мінулым тыдні ўлады канчаткова спыніліся на пляцоўцы каля польскай мяжы, дзе ў былым кар’еры некалькі гадоў назад зрабілі палігон для сьмецьця. Жыхары гарадзкога раёну Фолюш хочуць зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва:
каб мы былі немцы, так, у нас бы быў парадак ...

Спадарыня: “Я прадстаўляю грамадзкасьць мікрараёну Фолюш. Прабачце, але гэта адзіны раён, які застаўся чысты ў нашым горадзе. Трынаццаць кілямэтраў ад гораду возера Юбілейнае, далей Аўгустоўскі канал, дзе зьбіраюцца турыстаў замежных сустракаць. І што мы ўбачым? У мяне там знаходзіцца дача. Я жонка ваеннаслужачага, з мужам пабывала па заграніцах, пяць гадоў была ў Нямеччыне. Я ведаю: каб мы былі немцы, так, у нас бы быў парадак, так, мы пабудавалі б добры завод, так, мы там усё разьбіралі і раскладалі б усё па парадку. На жаль, гэта нашая бяда, мы ня ўмеем гэта рабіць. І ў нас будзе, на жаль, чарговы “недабуд”, чарговы “бардэль”!”



Аўгустоўскі канал знаходзіцца за дваццаць кілямэтраў на поўнач ад месца, дзе гарадзенскія ўлады мяркуюць пабудаваць завод для перапрацоўкі сьмецьця. Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што завод не пашкодзіць навакольнаму асяродзьдзю: сьмецьце будуць толькі сартаваць — плястык, шкло, паперу і мэталы адпраўляць на перапрацоўку, астатняе — хаваць у былым кар’еры на месцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG