Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь абыйшла Вялікабрытанію


Санкт-Пецярбург

Санкт-Пецярбург

Беларусь стала галоўным замежным інвэстарам у Санкт-Пецярбургу, абышоўшы папярэдняга лідэра – Вялікабрытанію.

Пра гэта паведамляе эканамічнае выданьне “Ведомости – Санкт-Петербург”.

Сёлета доля інвэстыцыяў беларускіх кампаніяў у эканоміку паўночнай расейкай сталіцы склала 23% ад усіх замежных паступленьняў. Беларусь такім чынам зьмяніла ў лідэрах галоўнага інвэстара пецярбурскай эканомікі – Вялікабрытанію, якая летась забясьпечыла траціну укладаньняў у гарадзкую гаспадарку Піцера.

На просьбу выданьня пракамэнтаваць гэты факт, кіраўнік пецярбурскага аддзяленьня беларускай амбасады ў Расеі Дзьмітры Савіцкі адказаў з пэўнай доляй зьдзіўленьня:

“У Пецярбургу няма вельмі буйных праектаў беларускіх кампаніяў. Так, беларускія кампаніі будуюць у горадзе два лягістычныя цэнтры, аднак пакуль праекты знаходзяцца на пачатковых стадыях”.

Назваць гэтыя кампаніі беларускі дыплямат адмовіўся.

Тым часам кіраўнік пецярбурскага аналітычнага упраўленьня інвэстыцыйнай кампаніі “Доходъ” Усевалад Лобаў патлумачыў сытуацыю наступным чынам:

“У Беларусі вялікая колькасьць актываў належыць расейскім бізнэсоўцам. На пачатку году яны інтэнсіўна выводзілі капіталы з гэтай краіны ў Расею з-за нестабільнасьці беларускага рубля. Што да Вялікабрытаніі – традыцыйнага піцерскага інвэстара №1, то яна як і многія заходнія інвэстары зварочвае сваю актыўную інвэстыцыйную дзейнасьць”.
XS
SM
MD
LG