Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы працягваем маратон “Вольных студый”, якія прагучалі на нашых хвалях цягам апошніх шасьці гадоў. Сёньня гутарка з мастачкай Вольгай Дзёмкінай.


Эфір 3 жніўня 2008 году.

“За мяжой мастаку трэба пачынаць з нуля”

Мастачка Вольга Дзёмкіна выехала ў Францыю ў 1997-м годзе. Думала павандраваць і вярнуцца, але лёс распарадзіўся іначай. Выйшла замуж за француза, зьдзівіла сваім мастацкім ткацтвам радзіму габэленаў, а аматараў жывапісу – сваімі фантастычнымі імправізацыямі. Ёй пайшлі заказы ад кнігавыдаўцоў, артыкулы пра яе зьявіліся ў заходнеэўрапейскіх мастацкіх энцыкляпэдыях. Прыехаўшы на радзіму, мастачка з радасьцю згадзілася на інтэрвію.

Міхась Скобла: “Спадарыня Вольга, я не пытаюся пра ваш тамтэйшы побыт, пра моўныя праблемы; раскажыце, як вы акліматызаваліся ў францускім грамадзтве менавіта як мастачка?”

Вольга Дзёмкіна: “Калі птушка пералятае ў больш цёплае, у больш сьветлае гняздо, яна павінна адаптавацца. Павінна прывыкнуць да іншага асяродзьдзя, да новых расьлінаў, да новага сонца, хоць здаецца, што сонца сьвеціць усім аднолькава. Безумоўна, забыць мінулае і пачаць новае жыцьцё мастаку вельмі няпроста. Усё трэба пачынаць з нуля. Перанараджацца. Бо творчасьць замежнага мастака, які прыехаў у другую краіну, успрымаецца там не адразу. Каб зразумець ягонае мастацтва, каб адчуць ягоныя традыцыі, ягонае мысьленьне, трэба ведаць краіну, зь якой ён прыехаў, трэба ведаць, якія карані яго сілкавалі, якія воды абмывалі, якія вятры авявалі вібрацыю ягонай душы. Зразумела, я пра ўсё гэта ня думала, проста працягвала звыкла працаваць, не спыняючыся, нават тады, калі жыцьцё ня надта ласкава абыходзілася са мною. Я не эмігрант, я не палітычны ўцякач, я не перайшла па патайных сьцежках мяжу, я проста зьдзяйсьняла сваё жыцьцёвае падарожжа, і так сталася, што спынілася ў Францыі. Але грамадзянства ў мяне застаецца беларускае, і я ня бачу патрэбы яго зьмяняць”.

Паўтор гэтай перадачы ў эфіры "Свабоды" 19 жніўня. Цалкам чытаць перадачу ТУТ.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG