Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 19 жніўня, сераду.


Сваякі зьніклых палітыкаў і журналіста Зьмітра Завадзкага зьвярнуліся ў ПАРЭ з просьбай правесьці парлямэнцкія слуханьні пра справу зьніклых у Беларусі. У звароце да генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча яны просяць да 16 верасьня даць справаздачу пра вынікі расьсьледаваньня. З гэтай нагоды тэлефанаваньне слухача:

Віктар: “Добры дзень, “Свабода”. Зараз зноў паднялі пытаньне пра зьніклых палітыкаў. Толькі заўсёды называюцца прозьвішчы Ганчара, Захаранкі, Завадзкага і Красоўскага. А чаму вы ніколі ня ўзгадваеце прозьвішчы Майсені? Журналіст загінуў у росквіце жыцьця. Ці памерлага Генадзя Карпенку, нечакана, у росквіце сіл?”

Выказваньне камэнтуе сябра АГП Людміла Гразнова:

Людміла Гразнова
“Канечне, мы павінны ўзгадваць імя Анатоля Майсені, бо ягоная сьмерць была вельмі трагічнай, яна была першай з шэрагу палітыкаў і апазыцыйных актывістаў. Калі мы кажам пра Генадзя Дзьмітрыевіча Карпенку, мы таксама ўзгадваем, што гэта была не натуральная сьмерць. Хто гэта зрабіў, мы пакуль ня ведаем. Пры кожнай магчымасьці я ўзгадваю гэтыя імёны, але слухач выказаўся вельмі слушна”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Калі кіраўніцтва Беларусі прыняло рашэньне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі, апазыцыя прыняла гэтае рашэньне ў штыкі. А зараз кіраўніцтва Польшчы прыняло рашэньне таксама пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі да 2020 году. Якое ў іх зараз меркаваньне наконт гэтага рашэньня, хацелася б ведаць?”

Адказвае адзін з заснавальнікаў партыі БХД Аляксей Шэін:

Аляксей Шэін
“Пазыцыя БХД такая: не пры гэтай уладзе, якая робіць гэтае будаўніцтва непразрыстым, робіць не на той тэрыторыі, там, дзе станцыя не павінна стаяць. Акрамя таго, гэта будзе рабіцца па расейскіх тэхналёгіях — фактычна тых самых тэхналёгіях, па якіх была збудаваная Чарнобыльская АЭС. Атамныя электрастанцыі, якія будуюцца, да прыкладу, у Францыі ці іншых краінах, яны будуюцца на абсалютна іншай аснове бясьпекі. Таму палякі, калі яны гэта робяць, ня думаю, што яны гэта робяць на ўзор і з тэхналёгіямі Расеі”.

Працягваем перадачу выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар Мікалай: “15 год таму Лукашэнка абяцаў вярнуць уклады насельніцтву лядоўнямі, пральнымі машынамі, тэлевізарамі. Дзяржаўнае прадпрыемства “Атлант” ня ведае, куды падзець 258 тысяч лядоўняў і 40 тысяч пральных машын. Дык трэба аддаць пэнсіянэрам гэтыя заляжалыя тавары, разгрузіць склады — і лукашэнкаўская абяцанка, хоць і праз 16 год, будзе выканана. Але я мяркую, што тая абяцанка застанецца цацанкай”.

Бялькевіч, Салігорск: “Шаноўная “Свабода”! Заробкі зьнізіліся, а пэнсіі павышаць трэба. Інакш разгубяць электарат. Прыхільнікі дзейнага рэжыму аддаюць пэнсіі сваім дзецям і ўнукам, а самі сядзяць на тратуарах з пучком кропу. Ужо ня б’юць палкамі тых, хто непачціва адгукаецца пра іх куміра. Дзякуй”.

Спадар: “Якім чынам нам, беларусам, з эўрапейцамі раўняцца, калі мы нават бядней бедных краін? Мы жабракамі павінны звацца. Самая бедная краіна ў Эўропе Румынія — у ёй мінімалка 153 эўра складае. А ў нас на Беларусі мінімалка каля 57 эўра Беларусь трымае”.

Ціна Сакаловіч: “Пакажыце мне такую краіну, дзе пануюць хамы, дзе кожны падманвае. У Беларусі дыплём тавараведа нічога ня значыць. Едзь у глухую вёску, дзе ніколі не было крамы, працаваць прадаўцом за 200 тысяч усяго. Усё дорага, толькі чалавечае жыцьцё мала што каштуе. А наогул не каштуе і шэлега”.

Спадарыня: “Хачу нагадаць радыёслухачу, шчасьліваму ад таго, што Радыё Свабоду слухаюць пэнсіянэры і “Свабода” прымае званкі толькі ад іх. Ён вельмі памыляецца. Увесь сьвет слухае Радыё Свабода. У космасе лётаюць тысячы спадарожнікаў, а нашыя званкі нясуць усяму сьвету праўдзівую інфармацыю пра жыцьцё простых людзей у Рэспубліцы Беларусь”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG