Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы і грамадзкія актывісты абвясьцілі збор подпісаў пад зваротам да прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, старшыні Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэля Барозу і прэм’ера Швэцыі, дзейнага Прэзыдэнта Эўрапейскага Саюзу Фрэдрыка Рэйнфэльта ў абарону беларускіх палітвязьняў.

Аўтары звароту згадваюць справы Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і Арцёма Дубскага, якіх, як лічыцца, трымаюць пад вартай з палітычных прычын.

Адносна справы Аўтуховіча, Асіпенкі і Лявонава, якога нядаўна вызвалілі пад падпіску пра нявыезд, аўтары выказваюць боязь, што беларускі суд разгледзіць гэтую справу за зачыненымі дзьвярыма.

“Мы зьвяртаемся да вас з просьбай аказаць падтрымку ў арганізацыі незалежнага міжнароднага расьсьледаваньня справы прадпрымальнікаў з Ваўкавыску і падтрымаць наш заклік да правядзеньня адкрытага працэсу.

Мы таксама спадзяемся, што вы далучыцеся да нашага патрабаваньня аб неадкладным вызваленьні актывіста “Маладога фронту” і вязьня сумленьня Арцёма Дубскага”, — сказана ў звароце да Абамы, Мядзьведзева, Барозу і Рэйнфэльта.

Нагадаем, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка знаходзяцца пад вартай болей за паўгода, актывіст Арцём Дубскі за кратамі болей за два месяцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG