Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валера Руселік. ПРА СВАБОДУ /частка III /


Валеры Руселік
Валеры Руселік

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Валера РУСЕЛІК (Valery RUSELIK) Нарадзіўся ў Горадні ў 1982 годзе. Сярод іншых сваіх заняткаў найперш вылучае падарожжы. У 2001 годзе босым пілігрымам з Горадні дайшоў да Вострай Брамы ў Вільні. Плаваў у трох морах і двох акіянах. Абаронца намётавага мястэчка на Плошчы Каліноўскага, а таксама гістарычнай забудовы Горадні ў часе “бульдозэрнай рэканструкцыі”. Мэдыя-актывіст. Сябра суполкі літаратараў-паўстанцаў “Бункер”.


Серада 2009-VIII-19

Неяк Рух “За Свабоду” абвесьціў спабор на найлепшае вызначэньне свабоды. Цікавыя ня вынікі й не памер прызу для пераможцы. Найкаштоўнейшае ў той ініцыятыве – памкненьне менавіта супольна асэнсаваць сутнасьць таго, пра што мы разважаем, але чаго нам гэтак часта бракуе.

“Свабода” ж азначае літаральна “быць сабой”.

Але што азначае быць сабой?

Памятаць свае карані й не цурацца іх, слухацца ўласнага сэрца, бараніць сваё…

Новы Сьвет - апошні масіў прыватнай забудовы ў гістарычным цэнтры Горадні

Вакно ў гарадзенскім Новым Сьвеце

І сваё ствараць.

Старая-новая Горадня

У поліэтнічнай і мультыкультурнай Горадні ёсьць храмы й польскія, і расейскія, і жыдоўскія, і нават нямецкія. А ў беларусаў неяк свайго й няма. Расейскамоўная Калоская царква ці польскамоўны Фарны касьцёл беларускія, бадай, толькі на паштоўках для турыстаў ды ў гістарычных даведніках. Беларушчыны ж там ані на каліўца, адпаведна й беларускай супольнасьці гэтыя знакавыя для нашага краю храмы сёньня не задзіночваюць.

Чарка ды шкварка

Зрэшты, спробы арганізавацца сярод вернікаў-беларусаў у Горадні заўсёды былі. Да прыкладу, парафія Фары Вітаўта нейкі час дамагалася адбудовы аднаго з найбольшых і найпрыгажэйшых рыма-каталіцкіх храмаў у Вялікім княстве, пабудаванага ў Горадні яшчэ ў XIV стагодзьдзі і зруйнавагага камуністамі ў 1961 годзе.

"Рэканструкцыя" па-гарадзенску

Ня ўсім падабаецца "бульдозэрная рэканструкцыя" ў Горадні

У сквэрыку, дзе ў зямлі дагэтуль схаваныя ацалелыя падмуркі некалі велічнай Фары, ладзіліся супольныя малітвы, запальваліся зьнічкі, быў усталяваны крыж. Зрэшты, апошні на трэцюю ноч па ўжо звыклай завядзёнцы быў выдзерты зь зямлі і “таямніча” зьнік. Адну з парафіянак у судзе аштрафавалі за “малітву ў публічным месцы”. Каб разагнаць стыхійныя набажэнствы, на людзей папросту ехалі мянтоўскія “казлы”, раздушваючы пры гэтым зьнічкі, кветкі і крыжыкі, што ўпрыгожвалі месца малітваў. На сабраныя подпісы пад зваротам да ўладаў з просьбай дазволіць адбудаваць храм прыйшла афіцыйная адмова: маўляў, Фара Вітаўта будзе “разбураць традыцыйную гістарычную панараму старога места” (sic!).

На будаўніцтве вуніяцкай царквы ў Горадні - рыма-каталік, праваслаўны і грэка-каталік

У адным з гарадзенскіх мікрараёнаў праваслаўныя беларусы дабудоўваюць Царкву Ўсіх Беларускіх Сьвятых. На сьцяне па-над уваходам – вялізны крыж Эўфрасіньні Полацкай. На будаўнічай агароджы вялізны надпіс па-беларуску: “Пабудуем царкву разам!” Людзі кажуць, што фундуюць царкву з уласнай кішэні два мясцовыя браты-бізнэсоўцы.

Мне ж хацелася згадаць айца Андрэя Крата, сьвятара гарадзенскіх грэка-каталікоў. Апошнім часам яго можна ці ня штодня ўбачыць на развалах старой камяніцы ў цэнтры места. Адклаўшы ўбок рызу, у падзёртых джынсах і спатнелай кашульцы, разам з добраахвотнікамі айцец разьбірае раструшчаную цэглу ды рыхтуе месца для будучага храма ў адноўленым будынку. Грэка-каталікам дапамагаюць беларусы іншых канфэсіяў. Пабудаваць уласны Дом у самым сэрцы старой Горадні – памкненьне, якое задзіночвае ўсю гэтую шматканфэсійную беларускую супольнасьць.

Шыльда з грэка-каталіцкай царквы ў Горадні

Разьбіраючы старую цэглу й цягаючы аджылыя бэлькі разам з айцом Андрэем, я ўсё дакладней уяўляю, якім ён будзе, гэты Дом гарадзенскіх беларусаў.

Паўстае новы гарадзенскі мікрараён

Цікава, а агульны Беларускі Дом – які ён?
І калі ён паўстане?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG