Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск і Масква замоўчваюць скандал вакол журналістаў НТВ?


У суботу зь Беларусі былі высланыя журналісты расейскага тэлеканалу НТВ. У чым палітычны сэнс іх менскага візыту? Чаму беларускі бок ня стаў разьдімаць скандал? Чаму Масква ніяк не рэагуе на дзеяньні афіцыйнага Менску?


Удзельнікі: рэдактар аддзелу палітыкі часопісу “Русский репортер” Віктар Дзятліковіч з Масквы і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч зь Менску.

У чым палітычны сэнс візыту журналістаў НТВ у Менск?


Валер Карбалевіч
: “Найперш давайце абмяркуем пытаньне, чаго журналісты НТВ прыехалі ў Менск. Спачатку, тыдзень таму, да старшыні АГП Лябедзькі зьвярнулася расейская радыёстанцыя “Голас Расеі”, каб ён паразважаў на палітычна вострую для існага беларускага рэжыму тэму пра зьніклых апазыцыйных палітыкаў. Потым дзеля падрыхтоўкі перадачы на гэтую ж тэму ў Менск прыяжджаюць журналісты НТВ. Такое дзіўнае супадзеньне. Прычым карэспандэнт Малкоў спэцыялізуецца на выкрываньні ворагаў Крамля. Гэта такі палітычна-інфармацыйны спэцназ. Навошта гэты спэцназ заслалі ў Менск?”

Віктар Дзятліковіч
: “НТВ патлумачыла, што сапраўды журналісты прыяжджалі рыхтаваць перадачу пра зьніклых палітыкаў і журналістаў. Зразумела, невыпадкова, што гэтым жа пытаньнем цікавіліся і журналісты радыёстанцыі “Голас Расеі”. Прычым, у адрозьненьне ад НТВ, радыёстанцыя “Голас Расеі” ўваходзіць у дзяржаўную структуру ВГТРК, куды ўваходзіць і тэлеканал РТР. Зразумела, гэта робіцца з санкцыі расейскіх уладаў. Яны атрымалі заданьне шукаць кампрамат на Лукашэнку. І тут найперш згадваецца тэма зьніклых палітыкаў”.

Аляксандар Старыкевіч
: “Інфармацыі мала, таму можна казаць пра вэрсіі. Ёсьць уражаньне, што візыт здымачнай групы НТВ — гэта толькі кавалачак шырэйшай мазаікі беларуска-расейскіх дачыненьняў, якія апошнім часам істотна пагоршыліся. Ня выключана, што Крэмль шукае магчымасьці ціску на Лукашэнку. А зьніклыя, фактычна забітыя апазыцыйныя палітыкі — гэта адзін з найбольшых скандалаў у часы кіраваньня Лукашэнкі. Гэтая тэма непрыемная для Лукашэнкі яшчэ і з прычыны яго новых адносінаў з Захадам. Ня факт, што вэрсія беларускага прэзыдэнта, нібыта гэта былі забойствы з камэрцыйных прычын, задаволіць усіх”.

ЧАМУ БЕЛАРУСКІ БОК НЯ СТАЎ РАЗЬДЗІМАЦЬ СКАНДАЛ?


Карбалевіч: “Далей падзеі разьвіваліся вельмі дзіўна. Журналісты НТВ былі вымушаны тэрмінова пакінуць Беларусь. Афіцыйна беларускі бок адмаўляе дэпартацыю, хоць пры гэтым і заяўляе, што расейскія журналісты парушылі заканадаўства Беларусі — працавалі без акрэдытацыі.

Але, можа, ня так важна, як юрыдычна была абстаўлена высылка журналістаў — ці іх афіцыйна дэпартавалі, ці папрасілі пакінуць краіну, але папрасілі так, што адмовіцца было немагчыма. Важна тое, што беларускі бок ня стаў разьдзьмухваць скандал. Хоць падстава абвінаваціць Крэмль у несяброўскіх дзеяньнях была. Чаму?”

Старыкевіч: “Па-першае, яшчэ адзін скандал на тле ўсяго таго, што адбывалася апошнімі месяцамі, наўрад ці патрэбны Менску. Па-другое, яшчэ менш яму патрэбна, каб гэты скандал нагадваў пра зьніклых палітыкаў. Таму паводзіны беларускіх уладаў ня дзіўныя. Больш дзіўным выглядае маўчаньне НТВ”.

Дзятліковіч: “Беларускім уладам няма ніякага сэнсу рабіць з гэтага скандал. Любое згадваньне гэтай тэмы будзе тычыцца ня столькі дэпартацыі журналістаў, колькі зьніклых палітыкаў. Беларускія ўлады скарысталі тое, што журналісты НТВ парушылі беларускае заканадаўства, працавалі без акрэдытацыі”.

Карбалевіч: “Хачу нагадаць, што Беларусь і Расея фармальна жывуць у саюзнай дзяржаве. А там, паводле дамоваў, дзейнічае права на свабоднае перамяшчэньне грамадзянаў абедзьвюх краін па тэрыторыі саюзнай дзяржавы”.

Дзятліковіч: “Знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі яны мелі права, а вось выконваць свае прафэсійныя журналісцкія функцыі яны не маглі. Магчыма, застацца жыць у гатэлі, піць каву яны маглі, але сэнсу ў гэтым ужо не было. Бо стала ясна, што працаваць ім не дадуць”.

ЧАМУ МАСКВА НІЯК НЕ РЭАГУЕ НА ДЗЕЯНЬНІ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ?


Карбалевіч: “Вельмі дзіўна павёў сябе і расейскі бок. Раней, калі зь Беларусі высылаліся расейскія журналісты, то гэта выклікала скандал. Былі заявы пратэсту з боку афіцыйных асобаў Расеі, у прыватнасьці МЗС, расейскія мэдыі падымалі вялікі шум. Цяпер — поўнае маўчаньне. Няма ні афіцыйных заяваў, ні рэакцыі ў мэдыях, нават тэлеканал НТВ спрабуе ўсё замяць. Чаму?

Калі ўжо Крэмль хацеў насаліць Лукашэнку, выцягнуць справу зьніклых палітыкаў, то вось якраз зручная нагода. Маўляў, глядзіце, Лукашэнка баіцца гэтай тэмы — значыць, ня ўсё тут чыста. Аднак Масква прыціхла”.

Дзятліковіч: “Думаю, расейскія ўлады яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня, ці пачынаць супраць Лукашэнкі інфармацыйную вайну. Магчыма, гэты візыт журналістаў быў зандажом. Яны зьбіралі матэрыял, але калі яго запускаць у эфір, ня вырашылі. Вось калі пачнецца інфармацыйная вайна, тады можна стрэліць. А цяпер пачынаць такую вайну рана. Таму і маўчаць”.

Старыкевіч: “Я згодзен, што ідзе зандаж глебы. Прычым ня факт, што інфармацыйная вайна ўвогуле адбудзецца. Хутчэй за ўсё, матэрыял, які яны зьнялі, у іх адабралі. Набліжаецца дзясятая гадавіна, як зьнік Ганчар. Магчыма, тады і будзе запушчаная гэтая тэма. Праблема ў тым, што ў Крамлі не было і няма пасьлядоўнай палітыкі ў дачыненьні да Лукашэнкі”.

ЧАМУ МАСКВА АДСТУПАЕ?


Карбалевіч: “Такая рэакцыя нагадвае паводзіны Крамля падчас нядаўняй “малочнай вайны”. Расея абвяшчае вайну, але як толькі беларускі бок жорстка прарэагаваў у адказ, стукнуў кулаком па стале, Масква спужалася і дала задні ход”.

Старыкевіч: “У Крамля няма пляну, як дзейнічаць супраць Лукашэнкі. Няма гатовасьці перайсьці ў дачыненьнях зь Беларусьсю на такі варыянт, які Масква выкарыстоўвае супраць Украіны, дзе гаворка ідзе пра “халодную вайну”.

Дзятліковіч: “У вашых разважаньнях, сп. Карбалевіч, ёсьць памылка. Вы кажаце, што Расея абвясьціла вайну. Уся справа ў тым, што вайна якраз не абвешчаная. Пакуль што, умоўна кажучы, Расея выслала наперад разьведгрупу (журналістаў НТВ), беларускі бок захапіў яе ў палон, а Масква ёй ахвяравала. Вось калі пачнецца сапраўдная вайна, тады паглядзім. Вось глядзіце, як расейскія мэдыі вядуць вайну супраць украінскіх уладаў.

Іншае пытаньне, што каб атрымаць патрэбны эфэкт, мала зьняць фільм пра зьнікненьне Захаранкі, Ганчара, Завадзкага і пусьціць у эфір. Такія фільмы ўжо ішлі — напрыклад, на першым канале расейскага тэлебачаньня. Але вялікага эфэкту гэта ня мела.

Таму лягічным было б зрабіць наступны крок: паспрыяць таму, каб гэтыя справы былі раскрытыя. Але на такі новы ўзровень барацьбы з Лукашэнкам Крэмль ісьці ня можа ці ня хоча”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG