Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у КДБ паставіліся да заяваў аўтара распаўсюджанага ў інтэрнэце “Дзёньніка крыніцы” Сяргея Гаўрыліна, які прызнаўся, што супрацоўнічаў з КДБ цягам амаль 4 гадоў? Што думаюць у беларускай апазыцыі пра дзейнасьць “шпіёна” і пра ягоныя крытычныя ацэнкі на адрас дэмакратычнага руху?


У беларускім КДБ не камэнтуюць выказваньні былога агента Сяргея Гаўрыліна. Спадар Сяргей Гаўрылін зьмясьціў у сеціве свой дзёньнік, які ён нібыта вёў падчас амаль чатырохгадовага негалоснага супрацоўніцтва з КДБ. Абвяргаць ці пацьвярджаць тое, што ў КДБ сапраўды працаваў такі агент Сяргей Гаўрылін, у КДБ Беларусі таксама адмовіліся.

З самім Сяргеем Гаўрыліным пакуль злучыцца не ўдаецца. Паводле сяброў , ён зараз жыве ў Бэрліне. Я спытаўся ў былога супрацоўніка КДБ Валера Косткі: ці верагодна, каб сакрэтная служба адпомсьціла былому агенту за тое, што той раскрыў таямніцу свайго супрацоўніцтва?

“Калі ён у Бэрліне, то нічога яму не пагражае. Гэтае КДБ ужо ні на што ня здольнае, у пэўным сэнсе. Гэта ня тыя НКУС, МГБ і КДБ, якія былі раней, што маглі і Троцкага дастаць у Мэксыцы. Фактычна ён знаходзіцца ў бясьпецы”.

Былы супрацоўнік КДБ Беларусі Валер Костка не абвяргае інфармацыю Сяргея Гаўрыліна, паводле якой у апазыцыі і няўрадавых арганізацыях дэмакратычнага кірунку працуе шмат агентаў, завэрбаваных КДБ:

“На 95% магу пагадзіцца, што гэты хлопец сапраўды быў завэрбаваны, але ўнутры яго ішла барацьба матываў і ў выніку ён распавёў пра гэта праўду. Магчыма, гэта мужны крок, бо ён зразумеў галоўнае: што яго выкарыстоўвалі супроць пэрспэктывы Беларусі. Бо калі спэцслужба працуе толькі на ўладу ці толькі на апазыцыю, гэта дрэнна. Паміж імі павінна быць адкрытая канкурэнцыя, палітычная барацьба, у якую спэцслужбе ня варта ўмешвацца. У гэтым пэрспэктыва”.

Ці магчыма, што “Дзёньнік крыніцы” адмыслова напісалі ў КДБ, каб скампрамэтаваць апазыцыю і адсекчы ад яе людзей, якія незадаволеныя палітычным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі? Валер Костка такую складаную камбінацыю адмаўляе. Былы супрацоўнік КДБ адзначае, што гэтая арганізацыя ўспрымае здраду агентаў за ўнутраную слабасьць і таму заўсёды хавае такія выпадкі ад грамадзкасьці. Паводле Валера Косткі, для ўлады няма патрэбы гэткім чынам кампрамэтаваць апазыцыю, якая “сваёй бязьдзейнасьцю сама сябе даўно скампрамэтавала”.

Адзін зь лідэраў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька мяркуе, што паказчык дастатковай моцы апазыцыі — гэта колькасьць сакрэтных службаў і структураў, якія зь ёй змагаюцца, а таксама колькасьць ахвяраў гэтай барацьбы:

“Як кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі не магу сказаць, што да нас мала ўвагі спэцслужбаў. Дастаткова згадаць Ганчара і Захаранку, якіх наўпрост забілі фізычна, ці Чыгіра, Старавойтава, якія адседзелі не адзін месяц у турме. Можна назваць сотні і сотні актывістаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі. Таму я не падзяляю гэты падыход, што апазыцыя штучная і цалкам кантраляваная. Калі б гэта было так, то не было б такіх рэпрэсій. А што да таго, што пэўны адсотак людзей, якія працуюць у апазыцыі, дасланыя туды з пэўнай місіяй — гэта так. Але і змагацца з гэтым вельмі складана, бо дэмакратычныя структуры ў прынцыпе працуюць з адкрытымі дзьвярыма. Любы можа ды нас зайсьці, напісаць заяву, уступіць у партыю і атрымаць доступ да інфармацыі ды да нашых дзеяньняў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG