Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія разьвіталася з СНД


18 жніўня завяршылася юрыдычная працэдура афармленьня выйсьця Грузіі са складу СНД. Ад сёньня гэта краіна больш не зьяўляецца чальцом гэтай рэгіянальнай міжнароднай арганізацыі. Сьцяг Грузіі будзе прыбраны з будынка выканкаму СНД у Менску сёньня позна ўвечары.


Супрацоўніца прэсавай службы Выканаўчага камітэту СНД Марыя Гуцала афіцыйна пацьвердзіла “Свабодзе” факт выхаду Грузіі з Садружнасьці:

“Ад сёньня Грузія адпаведна з рашэньнем Рады міністраў замежных спраў СНД афіцыйна выйшла са складу Садружнасьці Незалежных Дзяржаў”.

Гэтую працэдуру ў штаб-кватэре СНД у Менску пастараліся зрабіць як найменш прыкметнай. Сьцяг Грузіі вырашана зьняць сёньня позна ўвечары. У спэцыяльным дакумэнце напісана, што ён “будзе выдалены з будынка Выканкаму СНД у рабочым парадку”. Паводле крыніцаў з Выканаўчага камітэту, гэта зроблена наўмысна, каб не прыцягваць да падзеі дадатковай увагі.

Грузінскі палітоляг Леван Гірсіяшвілі ў размове са “Свабодай” тлумачыць выхад Грузіі з СНД “леташняй агрэсіяй супраць нас з боку Расеі”:

“Пасьля гэтага ў нас нават не было думкі, што Грузіі патрэбна заставацца ў СНД. Вельмі шмат хто быў перакананы: такі крок трэба было зрабіць крыху раней. Нельга сказаць, што ў такім выпадку жнівеньскай агрэсіі не было б. Але гэта было б хаця б дэманстрацыяй з нашага боку, што, калі Расея не выконвае ніякіх дамоваў, то навошта нам заставацца ў такой арганізацыі, як СНД?”

Спадар Гірсіяшвілі кажа, што ў грузінскім грамадзтве ўсе настроеныя на выхад з СНД:

“Тут адзіная пазыцыя — і ў апазыцыі, і ва ўлады. Хаця розьніца ўсё ж ёсьць у тым, што правая апазыцыя кажа: гэты крок трэба было зрабіць раней. І тут яна выступае нават больш радыкальна за ўладу”.

Беларусі палітоляг Дзяніс Мельянцоў кажа, што прыклад Грузіі можа паўплываць і на некаторыя іншыя краіны СНД:

“Гэтае рашэньне Грузія прыняла ўжо даўно. Па-другое, яна ня ўдзельнічала ў многіх мерапрыемствах СНД, ратыфікавала ня ўсе дакумэнты. Таму з Грузіяй усё было ясна ўжо даволі даўно. Іншая справа, што такі фарсіраваны выхад Грузіі з Садружнасьці дэлегітымуе арганізацыю. І паказвае іншым краінам-партнэрам, што гэтая структура ўжо фактычна сябе аджыла і не выконвае функцыяў, якія былі ўскладзены на яе адпачатку”.

Як паведамілі “Свабодзе” ў прэсавай службе Выканкаму СНД, 19 жніўня 2008 году Грузія заявіла, што хоча застацца ўдзельніцай некаторых міжнародных пагадненьняў, якія яна падпісала раней у рамках СНД. Марыя Гуцала кажа, што гэтае пытаньне вывучала спэцыяльная экспэртная група. І вырашыла, што:

“Грузія можа застацца ўдзельніцай дамоваў зь неабмежаваным суб'ектным складам, то бок тых дакумэнтаў, удзельнікамі якіх могуць быць і не краіны СНД. Такіх дакумэнтаў Грузія падпісала 76. Усе астатнія рашэньні органаў Садружнасьці і пагадненьні, якія Грузія падпісала за гады ўдзелу ў СНД (а іх каля 400), ад сёньня на гэтую краіну распаўсюджвацца ня будуць”.

Парлямэнт Грузіі прыняў рашэньне аб выхадзе з СНД яшчэ 14 жніўня 2008 году. А праз чатыры дні, 18 жніўня, амбасада Грузіі ў Беларусі перадала адпаведную ноту ў штаб-кватэру СНД. З гэтага моманту юрыдычна пачалася працэдура выхаду. Але, згодна са Статутам Садружнасьці, выхад з гэтай арганізацыі аднаго зь яе ўдзельнікаў ня можа пачынацца раней за каляндарны год з моманту паступленьня дакумэнтаў у штаб-кватэру СНД. Гэта зроблена дзеля таго, каб краіна “магла ўзважыць усе наступствы такога рашэньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG