Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крэмль імкнецца падкласьці Лукашэнку атрутную кнопку”


Станіслаў Бялкоўскі

Станіслаў Бялкоўскі

Апэратар здымачнай групы НТВ “ЧП. Расследование» Юры Бабенка пацьвердзіў у інтэрвію “Эўрарадыё”, што ён і карэспандэнт НТВ Аляксей Малкоў сапраўды былі высланыя зь Беларусі.

Яны здымалі фільм аб зьніклых беларускіх палітыках і грамадзкіх дзеячах. Паводле Бабенкі, журналістаў НТВ затрымалі, пасадзілі ў фургон, вывезьлі за горад, дапыталі, канфіскавалі касэты і сім-карты тэлефонаў, завезьлі ў Воршу і пасадзілі на цягнік да Масквы.

Сытуацыю з дэпартацыяй расейскіх журналістаў мы папрасілі пракамэнтаваць расейскага палітоляга Станіслава Бялкоўскага.


Бялкоўскі: “Не сакрэт, што яшчэ ніколі адносіны паміж Крамлём і беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам не былі такімі халоднымі, як сёньня. І можна з упэўненасьцю казаць, што як мінімум на працягу апошніх двух гадоў Аляксандар Лукашэнка ні ў якай ступені не арыентуецца на Расею і зьвязвае будучыню Беларусі і свайго рэжыму з Захадам – Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі.

Рух Лукашэнкі ў заходнім накірунку не выглядае занадта хуткім, але зьяўляецца абсалютна пасьлядоўным і заканамерным. Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі мёртвая, і Лукашэнка выдатна разумее, што ніякі альянс паміж ім і крамлёўскімі кіраўнікамі немагчымы з прычыны калясальнай каштоўнаснай і мэнтальнай розьніцы паміж імі, а таксама розьніцы ў іх палітычным генэзысе.

Раней беларускі лідэр бачыў пэўныя выгады для Беларусі ў падтрыманьні ілюзіі існаваньня фантому саюзнай дзяржавы як у эканамічнай сфэры, гэтак і у магчымай інтэграцыі, у прыватнасьці, у магчымым яго ўдзеле у выбарах прэзыдэнта саюзнай дзяржавы. Але ўсе гэтыя ілюзіі канчаткова абрынуліся, і Лукашэнка адмовіўся ад канцэпцыі Беларусі як "малодшага брата" Расеі і хутчэй ідзе да дактрыны Літоўска-Рускага Княства, Заходняй Русі, якая ня надта адрозьніваецца ад Расеі цывілізацыйна і культурна, але моцна адрозьніваецца паводле тыпу рэжыму і базавых геапалітычных арыентацыяў.

Што тычыцца Крамля, то сёньня для афіцыйнай Расеі Беларусь – гэта "отрезанный ломоть". І Крэмль вельмі раздражнёны тым, што краіна, якая яшчэ нядаўна лічылася самым надзейным і хіба не апошнім саюзьнікам на постсавецкай прасторы, займае абсалютна незалежную пазыцыю і па большасьці пытаньняў салідарызуецца не з Расеяй, а зь яе апанэнтамі як на постсавецкай прасторы, гэтак і на Захадзе. Таму сёньня Крэмль сёньня будзе рабіць усё магчымае, каб падкласьці Лукашэнку атрутную кнопку на крэсла, а ён будзе рабіць усё магчымае, каб выявіць гэтую кнопку і скінуць яе з крэсла.

І інцыдэнт з журналістамі НТВ – маленькі, але паказальны і характэрны эпізод у гэтай пазыцыйнай барацьбе”.

Дракахруст: “А ці можа паўплываць на адносіны Беларусі з Эўропай кантэкст гэтага эпізоду? У дадзеным выпадку гэта ня тое, што Расея газ перакрывае ці малако да сябе не пускае. Вось прыехалі расейскія журналісты, хацелі выкрыць злачынствы беларускага рэжыму, а рэжым заткнуў рот рускаму свабоднаму слову. Гэта можа неяк гуляць у адносінах Беларусі з Захадам, Расеі з Захадам?”

Бялкоўскі: “Я мяркую, што ў Крамля не атрымаецца падаць гэта як перасьлед свабоды слова. У тэлеканала НТВ надта кепская для гэтага рэпутацыя, ён вядомы як рупар самых брудных прапагандысцкіх праектаў Крамля, і адмыцца ад гэтай рэпутацыі нават дзякуючы высылцы яго журналістаў зь Беларусі ў яго не атрымаецца. З такой рэпутацыяй разьлічваць на імгненнае ператварэньне ў апірышча свабоды слова ніяк не даводзіцца. Ня думаю, што Лукашэнка тут нешта прайграе, а афіцыйная Расея выйграе ў адносінах з Эўропай.

Прэзыдэнт Беларусі зможа патлумачыць Эўропе, што ў Расеі рыхтуецца чарговая кампанія па яго ачарненьні, што недалёка ад ісьціны, і журналісты, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, рыхтавалі чарговую акцыю ў межах гэтай кампаніі. І Захад гэтаму паверыць, бо НТВ неаднаразова быў удзельнікам такіх кампаній, толькі ня супраць Беларусі, а брытанскіх шпіёнаў, Захаду ў цэлым, кепскіх бізнэсмэнаў, эмігрантаў і г.д. Таму я думаю, што разыграць гэта супраць збліжэньня Беларусі з Эўропай у Крамля не атрымаецца”.

Дракахруст: “Праз год у Беларусі прэзыдэнцкія выбары. Паводле Вашай інфармацыі – ці зьбіраецца Крэмль у іх удзельнічаць, ставячы не на Лукашэнку, а спрабаваць шукаць іншыя фігуры? У Беларусі даволі шмат пісалі пра нядаўнія сустрэчы ў Дзярждуме Аляксандра Казуліна. Гэта пакуль пробныя шары ці ўжо спробы знайсьці беларускага Януковіча?”

Бялкоўскі: “Пасьля таго, як Расея знайшла свайго Януковіча ва Ўкраіне ў 2004 годзе і моцна апяклася на гэтым малацэ, яна будзе дзьмуць на любую постсавецкую ваду. Ніякай стратэгіі зьмены ўлады ў Беларусі ў Расеі няма, а нават калі б такая стратэгія і была, то няма рычагоў і мэханізмаў яе рэалізацыі. На жаль, рычагі "мяккай улады" і больш жорсткія мэханізмы, якія мела Расея адносна краін-суседзяў, даўно вычарпаныя і страчаныя. Таму ўсе гэтыя паездкі беларускіх апазыцыянэраў – ня больш чым рытуал і спосаб дробна ўкусіць Аляксандра Лукашэнку.

Я ня думаю, што рэжым Лукашэнкі колькі-небудзь уразьлівы да любых спробаў Расеі дамагчыся кардынальнай зьмены палітычнай сыстэмы Беларусі і прыбраць Лукашэнку.

Мяркую, для Лукашэнкі цяпер больш важная легітымізуючая роля Захаду – Эўропы і ЗША. Калі ён дамовіцца зь імі пра мэханізм пераемнасьці, то ён сыйдзе ад улады, і новым прэзыдэнтам Беларусі стане Віктар Лукашэнка. Калі не дамовіцца, то Аляксандар Лукашэнка будзе рознымі спосабамі працягваць сваё знаходжаньне на прэзыдэнцкай пасадзе, але Расея перашкодзіць гэтаму ня зможа”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG