Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім Дэ Чжун: з турмы - у прэзыдэнты


Кім Дэ Чжун
Кім Дэ Чжун

Сёньня ў сэульскім шпіталі на 84-м годзе жыцьця памёр былы прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Кім Дэ Чжун.

Дысідэнт

Ён быў ўпершыню абраны ў парлямэнт Карэі у 1960 годзе. Ужо ў 1971 годзе ён ад Новай дэмакратычнай партыі балятаваўся на пасаду прэзыдэнта краіны. Праз два гады паводле абвінавачваньня ў парушэньні выбарчага закону ён быў асуджаны да турэмнага зьняволеньня і быў вызвалены толькі праз 5 гадоў.

У 1980 годзе ён быў зноў арыштаваны і асуджаны ўжо на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачваньня ў антыўрадавай і падрыўной дзейнасьці. Сьмяротны прысуд быў заменены пажыцьцёвым зьняволеньнем, аднак у 1982 годзе Кім Дэ Чжун быў вызвалены і атрымаў дазвол на выезд у ЗША. Падчас адбыцьця тэрмінаў зьняволеньня яго неаднаразова катавалі. Аднак у 1985 годзе палітык вярнуўся на радзіму і ўзначаліў барацьбу супраць дыктатарскага рэжыму Чон Ду Хвана.

У 1987 і 1992 гадах ён балятаваўся на пасаду прэзыдэнта, але прайграў выбары.

Прэзыдэнт

Аднак у сьнежні 1997 годзе з чацьвёртай спробы ён быў абраны кіраўніком дзяржавы. Гэта быў першы выпадак у гісторыі Карэі, калі ўлада перайшла да апазыцыі мірным шляхам.

Пасьля абраньня Кім Дэ Чжун праводзіў палітыку прымірэньня, дастаткова адзначыць, што ён прыйшоў да ўлады ў альянсе з былым шэфам карэйскай спэцслужбы Кім Чжон Пілем, які ў часы панаваньня дыктатуры аддаў загад аб арышце апазыцыянэра Кім Дэ Чжуна. Пасьля перамогі Кім Дэ Чжун прызначыў Кім Чжон Піля кіраўніком ураду.

Удалыя эканамічныя рэформы, барацьба з карупцыяй і крэдыты міжнародных фінансавых арганізацый дазволілі Кім Дэ Чжуну вывесьці краіну з эканамічнага крызісу.

Міратворца

Адным з самых значных яго зьдзяйсьненьняў стала новая палітыка адносна таталітарнай Паўночнай Карэі – так званая “палітыка сонечнага сьвятла”, сутнасьць якой палягала ў пераходзе ад канфрантацыі на мяжы вайны да дыялёгу. Эканамічная дапамога, уцягваньне Пхэньяну ў супольныя праекты, аслабленьне напружанасьці разглядаліся ў межах новай палітыкі як інструмэнты падрыхтоўкі да аб’яднаньня дзьвюх Карэяў.

Найбольш яскравым момантам гэтай палітыкі стала сустрэча Кім Дэ Чжуна зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ірам у чэрвені 2000 году. У тым самым годзе паўднёвакарэйскі прэзыдэнт атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за дзейнасьць у абарону дэмакратыі і правоў чалавека ў Паўднёвай Карэі і Ўсходняй Азіі, а таксама па дасягненьні згоды з Паўночнай Карэяй.

Рыцар дэмакратыі

Кім Дэ Джун пакінуў прэзыдэнцкую пасаду ў 2003 годзе.

Як пісаў пра яго ягоны апанэнт, патрыярх азіяцкай палітыкі, лідэр Сінгапуру Лі Кван Ю “Кім Дэ Чжун быў зацятым прыхільнікам унівэрсальнага выкананьня правоў чалавека і ўсталяваньня дэмакратыі незалежна ад культурных каштоўнасьцяў таго ці іншага грамадзтва”.

Сам Кім Дэ Чжун у 2006 годзе заявіў у адным з інтэрвію, што не шкадуе ні аб чым у сваёй палітычнай кар'еры: “У жыцьці мне давялося зьведаць нямала выпрабаваньняў, але я ніколі ня здраджваў сваім прынцыпам, не ішоў ні на якія зьдзелкі зь несправядлівасьцю, нават калі існавала пагроза майму жыцьцю”.

Тое, што каштоўнасьці свабоды сапраўды ўнівэрсальныя, Кім Дэ Чжун даказаў сваім жыцьцём.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG