Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнтам Беларусі мусіць быць Хрыстафор Калюмб”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 17 жніўня.

Днямі Беларусь наведаў памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан. На сустрэчы з афіцыйнымі асобамі ў Міністэрстве замежных спраў і Адміністрацыі прэзыдэнта спадар Гордан дамовіўся, што ЗША будуць падтрымліваць з афіцыйным Менскам “рэгулярныя кантакты”. А падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Гордан пацьвердзіў “адданасьць Злучаных Штатаў захаваньню правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі”.

Лапіцкі: “Паважаны прэзыдэнт ЗША Барак Абама! Паважаныя кангрэсмэны ЗША! Не сьпяшайцеся скасаваць акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Прапануйце Лукашэнку ўнесьці ў Канстытуцыю Беларусі тое, што ён выкінуў з Канстытуцыі Беларусі. У першую чаргу гэта тычыцца палажэньня пра адхіленьне ад улады прэзыдэнта за парушэньне Канстытуцыі. Не давайце крэдыты Лукашэнку”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Ціна: “Хваляцца беларусы, на жаль, толькі сваёй бульбай. Сапраўдны прэзыдэнт Беларусі мусіць быць Хрыстафор Калюмб, што бульбу завёз. Невядома, ці была б бяз бульбы такая нацыя, як беларусы, наогул”.

Пра бульбу і характар беларусаў разважае філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч:

Валянцін Акудовіч
“Магчыма, нам трэба было насупраць помніка Скарыну паставіць помнік Калюмбу, бо сёньня ўявіць Беларусь бяз бульбы цяжка. Таму я ўдзячны Калюмбу. Ня згодны зь іншым: Беларусі няма чым ганарыцца, акрамя як бульбай. Нашая гісторыя вялікая. У нас пры жаданьні можна знайсьці падставаў для гонару ня меней, чым у іншых народаў. Мы ня ўмеем ганарыцца тым, што ў нас ёсьць і што было. Гэта — загана, але ў той жа час і ратаўнічая здольнасьць — хавацца ў сваю непрыкметнасьць. Такая здольнасьць была сфармаваная нашым геапалітычным становішчам. Нам увесь час даводзілася хавацца ад розных прыхадняў”.

17 жніўня на хвалях “Свабоды” прагучаў сюжэт пра тое, колькі сёньня каштуе сабраць дзіця ў школу. Нашая сталая слухачка раіць:

Спадарыня: “Бацькам, у якіх дзеці пойдуць у школу, трэба патраціць шмат грошай. Калі іх двое ці трое, то сямейны бюджэт ня вытрымае. Магу параіць. У суботу і нядзелю на Полі Цудаў (так называецца базар у Ждановічах) за невялікія грошы можна набыць і абутак, і адзеньне, якое знаходзіцца ў добрым стане. Ларыса, Менск”.

Завершым праграму водгукамі на працу Радыё Свабода:

Анішкевіч, Маладэчна: “Ну і кадры ў вас на “Свабодзе”! Што гэта за палітоляг, які патлумачыў адпраўку батальёна грузін у Аўганістан як усенароднае рашэньне, а не саакашвіленскае. Паводле ягонай лёгікі, і агрэсія Грузіі супраць Паўднёвай Асэтыі таксама была па волі ўсяго народу, і адказваць павінен народ. Абсурд!”

Тамара, Менск: “Шчыры дзякуй усім супрацоўнікам, усім журналістам за вашы праграмы, за вашу працу, за вашу мужнасьць. Дзякуй за тое, што можна пачуць, што насамрэч адбываецца ў нашай Беларусі. А тым слухачам, якім гэта не падабаецца, я раю слухаць “Постфактум” і “Радыёфакт”.

Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG