Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 жніўня завяршылася юрыдычная працэдура афармленьня выйсьця Грузіі са складу СНД. Ад сёньня краіна не зьяўляецца чальцом гэтай рэгіянальнай арганізацыі. Сьцяг Грузіі будзе прыбраны з фасаду будынку выканкаму СНД у Менску сёньня позна ўвечары.

14 жніўня 2008 году парлямэнт Грузіі прыняў рашэньне аб выхадзе з СНД. А праз чатыры дні, 18 жніўня, амбасада Грузіі ў Беларусі перадала адпаведны пакет дакумэнтаў у штаб-кватэру СНД. З гэтага моманту юрыдычна пачалася працэдура выхаду. Але, згодна са Статутам Садружнасьці, разгляд пытаньня пра выхад з гэтай арганізацыі аднаго зь яе ўдзельнікаў ня можа пачынацца раней за каляндарны год з моманту паступленьня дакумэнтаў у штаб-кватэру СНД. Гэта зроблена дзеля таго, каб такая краіна “магла ўзважыць усе наступствы такога рашэньня”.

Пра тое, што Грузія выходзіць з СНД, абвясьціў 12 жніўня на мітынгу ў Тбілісі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі ў знак пратэсту супраць уваходжаньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Паўднёвай Асэтыі.

Сайт Выканаўчага камітэту СНД пакуль застаецца ў ранейшым выглядзе - сярод сьцягоў дзяржаў-удзельнікаў ёсць і сьцяг Грузіі.

Як паведамілі "Свабодзе" ў прэсавай службе Выканкаму СНД, "Экспэртная група з прадстаўнікоў дзяржаваў СНД неаднаразова зьбіралася для разгляду пытаньня аб удзеле Грузіі ў міжнародных дамовах і рашэньнях органаў СНД. Адносна дамоваў, удзельнікамі якіх могуць быць толькі краіны СНД і рашэньняў органаў Садружнасьці, вырашана, што з 18 жніўня 2009 году на Грузію яны распаўсюджвацца больш ня будуць. Такіх дакумэнтаў налічваецца больш за 400.

У той жа час экспэрты канстатавалі адсутнасьць прававых перашкод для ўдзелу Грузіі ў дамовах, бакамі якіх могуць быць і дзяржавы, якія не ўваходзяць у склад Садружнасьці. Такім чынам, пасьля выхаду з СНД Грузія можа працягнуць удзел прыкладна ў 70 дамовах, якія прынятыя ў рамаках Садружнасьці".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG