Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАНТЭНЬ — ЖЫФ!


Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень. На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Віталь Рыжкоў --> http://ryzhkou.livejournal.com .


Мішэль Мантэнь — вядомы пісьменьнік і мысьляр французскага Адраджэньня, бацька жанру эсэ, яго кнігі больш вядомыя нам у расійскім перакладзе як “Опыты” (у якіх ён, дарэчы, згадваў нават князя Вітаўта). Калі б ён жыў цяпер, верагодна, быў бы тысячнікам, бо яго скептычныя развагі і роздумы добра б упісаліся ў фармат сучаснага інтэрнэт-блогінгу.



Вось і сучасныя блогеры ідуць сьлед у сьлед за Мантэнем, які, напрыклад, так пісаў пра імёны: “Існуе выраз: добра мець добрае імя, то бок карыстацца даверам і славай. Але ж, апроч усяго, прыемна мець і прыгожае імя, якое лёгка вымаўляецца і запамінаецца. Бо каралям і вяльможам тады прасьцей запомніць нас і складаней забыць. І мы часьцей аддаем загады і даручэньні тым з нашых слуг, чые імёны лягчэй зьлятаюць зь языка”.

“Увогуле я Алена, — піша пісьменьніца і блогер anka-upala, — Мала-мала Елена ці Алёна, хоць спакойна адгукаюся на ўсе пералічаныя імёны. У 24 хацела зьмяніць імя ў пашпарце, але пераканалі, што юрыдычна гэта вельмі складана”.

Юзэр siarhiejsalas піша, што прагледзеў сьпіс дзетак 2006—2007 г.н., запісаных у малодшыя групы барысаўскіх дзіцячых садкоў. Адзначае, што ёсьць колькі рэдкіх імёнаў — Геральд, Арыстарх, Марк, Эмілія, Стэфанія і іншыя. “Геральд вырасьце і будзе ведзьмаком”, — жартуюць у камэнтарах.

А маладая літаратарка і перакладчыца piatrovich у дзяцінстве шкадавала, што яе не назвалі Мальвінай.

Як пішуць цяпер у жж-пастах, для прыцягненьня ўвагі вось вам здымак лялечнай кампазыцыі “Ева”, якую выклаў жж-юзэр dimaidr:



Мантэнь адзначаў у разьдзеле пра “трох сапраўды добрых жанчын”: “Усім вядома, што добрых жанчын ня так і шмат, не па трынаццаць на тузін, а асабліва мала добрых жонак”. Гэта цікава.

У сувязі з гэтым варта зьвярнуць вашу ўвагу на, бадай, найцікавейшы пост-дыптых прамінулых выходных: літаратарка, перакладчыца і журналістка М. Мартысевіч maryjka_ ў дзьвюх частках — тэарэтычнай і практычнай — дасьледуе фэномэн калялітаратурнага — кхм, кхм... — альтруізму як наступства “шоўмэнізацыі літаратурнай прасторы”. (Заўзятым маралістам і буркунам глядзець не рэкамэндуецца). Напісанае гэтае дасьледаваньне так, што нават ягоным жа аб'ектам вельмі падабаецца.

Наўздагон гэтаму зьяўляецца містыфікацыя гомельскага літаратара Сяргея Балахонава.

Між тым лета набліжаецца да разьвязкі, таму нехта сутаргава выкарыстоўвае апошнюю магчымасьць адпачыць, а нехта ў гэтыя ж выходныя ўжо вярнуўся — як менская сямейная пара, што зладзіла аўтапрабег Менск — Уладзівасток — Менск, які ўражвае блогераў і наведвальнікаў сайтаў ня толькі адлегласьцю, але і выбарам сродку перамяшчэньня: старэнькі “Масквіч-2137” 1976-га году выпуску з надпісам “The bird of fortune”. Гэта вам ня Марк Антоній Першы, які “пажадаў пракаціцца па Рыме разам з флейтысткай у калясьніцы, якую б цягнулі чатыры ільвы” (Мантэнь, разьдзел “Пра сродкі перамяшчэньня”).



Вярнуліся яны сюды акурат на ўгодкі сьмерці Віктара Цоя, пра сваё стаўленьне да памяці якога (і ня толькі) піша шаснаццацігадовая бабруйчанка iragenius: “Самыя сьвятыя для мяне ідэі, мары, ідэалы — дзьве: Цой і Беларусь. Раўназначныя”. І пакуль гэтая фраза выклікае ў мяне асабіста дзіўныя адчуваньні і асацыяцыі, я шукаю і знаходжу адпаведную цытату з Мантэня, у жыцьцяздольнасьці і клясычнасьці якога, мы, здаецца, ужо пераканаліся: “Што да мяне, то я ня надта паддаюся ўплывам падобнай жарсьці. Мяне ня так лёгка зацікавіць — такая ўжо мая прырода; да таго ж, дзякуючы пастаянным роздумам, я з кожным днём раблюся ўсё больш чэрствы і загартаваны”.

Думаю, нашыя блогі сёньня нас таксама гартуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG