Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартацыю журналістаў НТВ засакрэцілі


Расейская тэлекампанія НТВ і беларускія ўлады фактычна засакрэцілі дэталі дэпартацыі зь Беларусі здымачнай групы каналу, якая без акрэдытацыі зьбірала інфармацыю пра зьніклых апанэнтаў А. Лукашэнкі. Абодва бакі імкнуцца пазьбегнуць шырокага скандалу.


Журналістаў НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў, выдалілі зь Менску ў ноч на 15 жніўня. Паводле неафіцыйных крыніцаў, супрацоўнікі спэцслужбаў пад прымусам вывелі журналістаў з гатэлю і адвезьлі ў аэрапорт, адкуль тыя вылецелі ў Маскву. Кіраўнік менскага бюро НТВ Віктар Кузьмін пацьвердзіў гэты факт, але адмовіўся ад камэнтару:

“Мы ж таварышы паднявольныя. Што скажуць... Мяне ўжо папярэдзілі, каб камэнтароў не даваў”, — сказаў Віктар Кузьмін і параіў зьвярнуцца наўпрост да Аляксея Малкава і Юрыя Бабенкі.

Малкаў і Бабенка працуюць у праграме “ЧП расьсьледаваньне”. “Яны зараз на заданьні. Мабільных мы не даем”, — сказалі ў рэдакцыі. Прэсавая служба НТВ ніякага камэнтару адносна інцыдэнту ў Менску гэтак і не зьмясьціла.

У МЗС Беларусі прызналі, што расейскія журналісты працавалі ў Менску без акрэдытацыі. Супрацоўніца прэсавай службы МЗС Марыя Ваншына:

“Яны не былі акрэдытаваныя. А хто гэта выконваў, была гэта дэпартацыя ці што — ня ведаю. У мяне няма пра гэта ніякіх зьвестак”.

У Менску расейскія журналісты бралі інтэрвію ў Вольгі Завадзкай і Зінаіды Ганчар. Маці зьніклага ў 2000 годзе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага кажа, што ёй нават невядома, для якой праграмы здымалі інтэрвію:

“Што яны рыхтавалі, яны самі не гатовыя былі патлумачыць. Ім далі заданьне, вось і працавалі. Мне падалося, яны ня вельмі былі падрыхтаваныя да гэтай тэмы, шмат чаго ня ведалі. Дарэчы, цягам ужо некалькіх гадоў ніякай цікаўнасьці да нас не было, і раптам...”

Зінаіда Ганчар, чый муж, палітык Віктар Ганчар, зьнік 10 гадоў таму, мяркуе, што чарговая хваля цікаўнасьці да тэмы зьніклых беларускіх апазыцыянэраў выкліканая набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Зінаіды Ганчар, падставы цікавіцца справамі зьніклых дае само беларускае кіраўніцтва:

“Мне пытаньні былі па сутнасьці і тыповыя, як пытаецца большасьць журналістаў. Што новага ў раскрыцьці справы? Калі прэзыдэнт краіны кажа расейскім журналістам, што яму ўсё вядома, у тым ліку дзе знаходзяцца злачынцы, то як вы мяркуеце, ці не зацікавіць гэта тых жа расейскіх журналістаў?”

Застаецца адкрытым пытаньне: хто выдаляў Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку зь Менску? У КДБ неафіцыйныя зьвесткі пра дзейнасьць “супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным” не камэнтуюць. У Міністэрстве ўнутраных спраў адмаўляюць удзел супрацоўнікаў міліцыі ў дэпартацыі расейскіх журналістаў:

“Мы нікога не затрымлівалі і даць камэнтар адносна гэтай гісторыі ня можам”, — гэта была кіраўніца прэсавай службы МУС Сьвятлана Бароўская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG