Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз два тыдні пачынаецца новы навучальны год. Паводле інфармацыі Таварыства беларускай школы, у мінулым навучальным годзе толькі 18% школьнікаў навучаліся на беларускай мове.


Стан беларускамоўнага навучаньня даўно выклікае трывогу шырокай грамадзкасьці. 15 гадоў таму, у 1994 годзе, 76% ад усіх першаклясьнікаў, а ў сталічнай вобласьці — 92,6% вучыліся па-беларуску, летась — толькі 18%. Па вызначэньні ЮНЭСКО, мова знаходзіцца на мяжы зьнікненьня, калі на ёй размаўляе менш за 30% дзяцей. Колькі дзетак прыйдуць у беларускамоўныя клясы сёлета, пакуль сказаць цяжка — яшчэ ідзе прыём дакумэнтаў, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Зьвестак няма. Гэтыя зьвесткі дадуць толькі ў канцы верасьня. Яшчэ набор у школы ідзе. Бацькі першаклясьнікаў канчаткова вызначаюцца са школамі”.

Ёсьць і добрыя навіны, ёсьць і трывожныя, кажа спадар Трусаў. У Іванаўскім раёне, у вёсцы Вярхусьце, закрываецца беларускамоўная пачатковая школа. Намесьнік загадчыка аддзелу адукацыі Іванаўскага райвыканкаму Віктар Сьцяпанавіч пацьвердзіў гэта:

“Пачатковая школа закрываецца ў сувязі з рэарганізацыяй згодна з рашэньнем райвыканкаму”.

Карэспандэнтка: “А ў іншых школах ёсьць магчымасьць дзецям займацца?

“Ёсьць гарадзкія школы. Вярхусьце — побач з горадам. Дзяцей будуць падвозіць. Дарэчы, кожны год там ажыцьцяўляецца падвоз старэйшых дзяцей. У Іванаве ёсьць дзьве беларускамоўныя школы: другая і чацьвёртая. Так што праблем ня будзе”.

У сталіцы сытуацыя пакуль бязь зьменаў. Усе беларускамоўныя гімназіі, школы і клясы, якія існавалі раней, будуць працаваць. Нагадаю, летась у Менску сярэдняя школа № 2, што ў Серабранцы, стала беларускамоўнай. Гутару з дырэктаркай Нінай Лазоўскай:

Карэспандэнтка: “Нейкія пагалоскі, чуткі хадзілі, што вашу школу зробяць гімназіяй...”

“Яна ўжо гімназія № 28”.

Карэспандэнтка: “А што азначае вось гэты статус?”

“Клопатаў будзе значна больш, але мы спадзяемся, што статус гімназіі дасьць нам значна большы выхад у сьвет, так бы мовіць. Давядзецца больш працаваць”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў перакананы, што з бацькамі трэба праводзіць тлумачальную працу, пераконваць, каб аддавалі дзяцей менавіта ў беларускія клясы:

“Актывісты ТБМ у Лідзе дамовіліся з уладамі і сустрэліся з усімі бацькамі ўсіх садкоў гораду. Два месяцы хадзілі, агітавалі запісваць дзетак у беларускамоўныя клясы. Чым гэта скончыцца, пакуль ня ведаю. Але гэта адзіны горад, дзе ТБМ зрабіла такую татальную акцыю — з дазволу ўладаў сустрэлася на сходах з усімі бацькамі”.

Дырэктарка былой беларускамоўнай школы № 2, а цяпер ужо сталічнай гімназіі № 28 Ніна Лазоўская распавядае:

“Нядрэнна набор ідзе. Два першыя клясы мы адкрыем. І гэта ня толькі зь Серабранкі дзеці, а і з Лошыцы, іншых раёнаў”.

У гімназію № 28 прыходзяць працаваць і маладыя спэцыялісты: сёлета сюды разьмеркавалася выпускніца геаграфічнага факультэту БДУ, дзяўчына зь беларускамоўнай сям’і, якая сама скончыла беларускамоўную гімназію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG