Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фабрыкі канцэрну “Беллегпрам” карыстаюцца момантам і спрабуюць рабіць бізнэс на рэанімацыі школьнай формы.


Напярэдадні школьнага сэзону бацькі занятыя рэйдамі па крамах у пошуку прымальных варыянтаў вопраткі для сваіх дзяцей. Адметнасьць сытуацыі ў тым, што выбіраць даводзіцца выключна паміж прадукцыяй беларускіх вытворцаў — альтэрнатыва Міністэрствам адукацыі не прадугледжаная і не вітаецца. Між тым фабрыкі канцэрну “Беллегпрам” карыстаюцца момантам і актыўна зарабляюць на рэанімацыі школьнай формы.
Менавіта школа дае магчымасьць “Беллегпраму” сэзоннага заробку.

Фармальна ў Беларусі не існуе адзінага ўзору школьнай формы, як за савецкім часам. Аднак некалькі апошніх гадоў у агульнаадукацыйных школах абавязковы так званы дзелавы стыль адзеньня. Па сутнасьці, тая ж форма, толькі ў большым, чым раней, асартымэнце. Апроч таго, такім чынам вырашаецца праблема занятасьці на прадпрыемствах канцэрну “Беллегпрам” — калі няма попыту на трыкатажныя ды швейныя вырабы, менавіта школа дае магчымасьць сэзоннага заробку.

У Беларусі аддзеньне для школы шыюць 30 прадпрыемстваў, абутак — 13, галянтарэю — больш за 10, школьна-пісьмовыя прылады вырабляюць блізу 100. Адна з самых актыўных у гэтым сэктары — бабруйская швейная фабрыка “Славянка”. Гаворыць намесьнік дырэктара ў камэрцыйных пытаньнях Юрый Дробаў:

“У нас квота на 56 тысяч адзінак школьнай формы. Фактычна мы ўжо выканалі замову на 107 тысяч, бо на просьбу гандлю, канцэрну норму перавыконваем. І цалкам, па факце, будзе 115 тысяч. Адзеньне вырабляем сваімі сіламі, самі яго распрацоўваем. Так, апроч звычайнага эканом-клясу, летась распрацаваны і прашыты касьцюм бізнэс-клясу (ужо прададзена каля 100 тысяч), а сёлета — і VIP-клясу. Вырабы карыстаюцца добрым попытам і папулярнасьцю. Парадку 25 тысяч адзінак прададзена ў Расею”.

Карэспандэнт: “То бок нядрэнная дапамога ад школы падчас крызісу...”

“Не магу сказаць, што ў крызіс аднекуль звалілася вялікая дапамога ці што крызіс дапамог кудысьці выйсьці. Мы і бяз крызісаў працуем. Ад пачатку году ніводнага разу не спыняліся. Цалкам загружаныя ўсе магутнасьці”.

На паліцах дзяржаўных крамаў, якія ладзяць школьныя кірмашы, практычна 100-працэнтна — вырабы беларускіх прадпрыемстваў. Паводле канцэрну “Беллегпрам”, распрацавана блізу 300 мадэляў адзеньня для хлопчыкаў, болей за 200 — для дзяўчатак, а таксама дзьве сотні мадэляў абутку. Адказная за абутковы сэктар у канцэрне Раіса Харытон перакананая: мясцовыя вытворцы пасьпяхова спраўляюцца з дзяржаўнай замовай. Асноўныя стаўкі зробленыя на наступныя прадпрыемствы:
У нас усё натуральнае: натуральны верх і натуральная падкладка.

“Магілёўабутак”, “Сан-Марка” віцебская і гарадзенская фабрыка “Нёман”. Але ўрэшце пакупнік сам выбірае, што набываць. Вось і вы, і я — пакупнікі, мы прыходзім у краму і на свой густ глядзім, што для нас лепшае. Камусьці падабаецца, дзе больш упрыгожаньняў, а хтосьці аддае перавагу нашай прадукцыі. Беларускі абутак адмыслова адпрацаваны для школы, яго разглядалі на каардынацыйнай радзе з удзелам спэцыялістаў Міністэрства адукацыі, Мінгандлю і канцэрну “Беллегпрам”. Таму з гэтага гледзішча, канечне, ён самы лепшы — і якасны, і паводле стандартаў зроблены. Гэта ж ня тое, што аднекуль прывезьлі невядома зь якога матэрыялу. А ў нас усё натуральнае: натуральны верх і натуральная падкладка”.

Згодна са справаздачай Міністэрства адукацыі, кошт школьнага набору для хлопчыкаў стартуе ад 175 тысяч рублёў, для дзяўчатак — ад 182 тысяч. А вось цэнавая “столь”, на перакананьне спадарыні Вікторыі, якая сёлета адпраўляе ў 1 кляс дачку, практычна ня мае абмежаваньняў:

“Маркаўскія” чаравічкі для дзяўчынкі-першаклясьніцы — 72 тысячы рублёў. Прыгожыя, але з улікам, колькі дзіця праходзіць у гэтых чаравічках — ад сілы паўгода, бо ножка вырасьце — можа і зашмат. Спаднічка — 35—40 тысяч. Калі вырабы не дзяржаўных, а прыватных фабрык (напрыклад, “Маруся”), то спаднічка ўжо тысяч 70. Блюзку для дзяўчынкі мы набылі за 60 тысяч. Як насіцца будзе — ня ведаю, аднак на год такіх блюзак, пэўна, трэба 2 ці 3. І калі кожную ўзяць хоць бы па 50 тысяч, то сямейны бюджэт такіх выдаткаў ня вытрымае. Асабліва з улікам, што працуе толькі муж, а дапамога на догляд за дзіцем у 200 тысяч рублёў — гэта нішто. Бо яшчэ расьце маленькі хлопчык, які патрабуе ня менш адзеньня, а цэны практычна аднолькавыя — што для 6-гадовага, што для 2-гадовага дзіцяці”.

Да школьнага сэзону шматдзетныя сем’і атрымалі дапамогу ў памеры 70 тысяч рублёў на кожнага школьніка. Гэтай сумы якраз хопіць на новыя чаравікі беларускай вытворчасьці. Іншыя ж выдаткі, як кажа спадарыня Вікторыя, цалкам кладуцца на плечы бацькоў:

“Адзін беларускі сшытак з прыгожымі малюначкамі каштуе 900 рублёў з хвосьцікам. Ну колькі іх патрэбна адразу? Апроч штодзённых
Кошт школьнага набору для хлопчыкаў стартуе ад 175 тысяч рублёў.
заняткаў, яшчэ для кантрольнай працы, для лябараторных заняткаў. Наборы з алоўкаў, асадак, флямастараў каштуюць 50 тысяч. Мы паглядзелі, падзівіліся, бо калі ў мяне двое, то 100 тысяч трэба выкласьці толькі за алоўкі і асадкі. А калі яшчэ прыплюсаваць вопратку для спартовых заняткаў ці заняткаў танцамі, то, можа, у паўмільёна ўкласьціся і атрымаецца. Але гэта на аднаго! А калі яшчэ малодшага выправіць у дзіцячы садок, то сьпіс будзе не намнога меншы. Прыкладна столькі ж давядзецца выкласьці і на сыночка”.

Між тым у бацькоў нямала нараканьняў на якасьць беларускай прадукцыі. Перадусім — на матэрыялы, зь якіх шыецца адносна танная вопратка эканом-клясу. Гатовыя вырабы перанасычаныя хіміяй, у выніку чаго цэлымі днямі дзеці сядзяць на ўроках, як у скафандрах. А падчас істотнага скарачэньня рэальных заробкаў усё больш сем’яў вымушаныя якраз эканоміць, а ня траціцца на школьную форму катэгорыі “бізнэс” ці VIP.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG