Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папулярнае польскае выданьне Dziennik адрэагавала на пятнічную публікацыю беларускай “Звязды” “Карта паляка: хто маўчыць, а хто i крычыць” пра небясьпеку, якую тоіць у сабе “карта паляка”. Выданьне таксама зьмясьціла і рэакцыю прадстаўніка польскага прэзыдэнта на адпаведныя артыкулы ў беларускіх СМІ.

Як піша Dziennik, аўтар артыкула ў “Зьвядзе” як і аўтары іншых аналягічных артыкулаў у беларускіх СМІ, запэўніваюць, што грамадзянства, якое надаецца жыхарам “крэсаў”, павінна абавязваць да вернасьці польскай дзяржаве. Бяздоказна цьвердзячы, што Польшча хоча завалодаць часткай беларускіх і ўкраінскіх земляў, яны, паводле Dziennika, тым самым уводзяць сваіх чытачоў у зман.

На падобныя спэкуляцыі, піша польскае выданьне, ужо адрэагаваў прадстаўнік прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага. Як заявіў дарадца Качыньскага Міхал Дворчык, “стваральнікі “Карты паляка” ня мелі ніякіх варожых намераў у дачыненьні да краін, у якіх яна функцыянуе. Ідэя была ў тым, каб дапамагчы людзям, якія адчуваюць сябе палякамі, у кантактах з Польшчай. Хутчэй якраз тыя, хто робіць закіды на адрас “Карты паляка”, маюць варожыя намеры і імкнуцца спараджаць канфлікты”.



Нагадаем, што Закон аб “Карце паляка” быў прыняты польскім сэймам у верасьні 2007 г. Каб атрымаць “Карту паляка”, чалавек павінен ня мець польскага грамадзянства альбо дазволу на сталае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, мець грамадзянства Беларусі, Украіны, Расеі ці іншых краін СНД, заявіць аб сваёй прыналежнасьці да польскага народу і выконваць абавязкі, якія вынікаюць з вышэйназванага закону.

“Карту паляка” можа таксама атрымаць чалавек, чыё польскае паходжаньне пацьверджана згодна з законам “Аб рэпатрыяцыі” ад 9 лістапада 2000 г.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG