Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 17 жніўня, панядзелак.

Візыт у Беларусь памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Філіпа Гордана — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў.

Спадар Валер Курневіч, Барысаў:

“Спадар Гордан, пасланец ЗША, заявіў:
Беларусь сёньня ў цэнтры ўвагі цывілізаваных краін і іх дэмсіл.
Сустракаўся з адміністрацыяй і з кіраўніцтвам апазыцыі.
Проста выказаў сваю думку, многіх ад дэмсіл выслухаў.
Сказаў, што беларусам яшчэ доўгі шлях да дэмакратыі.
Гэта покуль рэчаіснасьць, а выбарам у Беларусі патрэбная празрыстасьць”.

У Менску затрымалі і выправілі за межы краіны двух журналістаў расейскага тэлеканала НТВ, якія здымалі фільм пра зьніклых апанэнтаў улады ў Беларусі. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Гары Табачнік, Менск: “Высылка журналістаў тэлекампаніі НТВ зь Беларусі сьведчыць пра тое, што ў Беларусі аніякай перабудовы няма. Гэтая ўлада баіцца праўды”.

Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Наша вясна”. З гэтай нагоды слухач задае пытаньне:

Спадар: “Гэтыя заходнія спэцслужбы хочуць “Нашу вясну” нам навязаць. Дык вось у мяне пытаньне такое: навошта нам гэтыя праваабаронцы? У нас Канстытуцыя ёсьць, законы ўсе, кодэксы і г.д. Навошта нам гэтыя праваабаронцы, калі ў нас ёсьць законы?”

Адказвае праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч
“Прававая дзяржава ня там, дзе законы, Канстытуцыя і кодэксы. Прававая дзяржава там, дзе законы, Канстытуцыя і кодэксы скіраваныя на абарону правоў чалавека і сыходзяць з правоў чалавека. На жаль, Беларусь не зьяўляецца прававой дзяржавай, бо нашыя законы, Канстытуцыя і кодэксы скіраваныя на здушэньне правоў чалавека. У тым ліку і паводле сытуацыі з “Нашай вясной”, што і правы праваабаронцаў таксама парушаюцца”.

Працягваем праграму яшчэ адным пытаньнем слухача:

Спадар: “Вітаю вас, паважаная “Свабода”! Лідэры апазыцыі, у першую чаргу Лябедзька, Вячорка, крытыкуюць Лукашэнку за жаданьне стварыць саюз з Расеяй і тым больш за стварэньне АДКБ, матывуючы гэта тым, што беларускім жаўнерам давядзецца ваяваць на Каўказе і ў іншых гарачых кропках. Дзякуй Богу, прайшло ўжо 15 год, як Лукашэнка пры ўладзе, і нічога гэтага не адбылося. У сувязі з гэтым у мяне пытаньне: як яны расцэньваюць ідала дэмакратыі Міхаіла Саакашвілі, які вырашыў адправіць батальён з 800 чалавек у гарачую кропку ў Аўганістан, дзе дакладна вядома, што некаторыя зь іх загінуць?”

Адказвае палітык Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
“Сёньняшняя Грузія — гэта дзяржава, лідэра якой выбіраў народ. І хаця, безумоўна, там ёсьць праблемы, тым ня менш нельга сумнявацца, што ў цяперашняй Грузіі рашэньне пра выбар геапалітычнай арыентацыі на Захад і НАТО, а не на ўчарашні дзень з імпэрскай Расеяй — гэтае рашэньне прынятае ўсім грузінскім народам і гэта іх сувэрэнны выбар”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар, Менск: “Так званыя зямныя судзьдзі і іх памагатыя. Слухайце словы збаўцы Бога. Не судзіце, судзімы ня будзеце. Якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана. Ганьба і грэх на сумленьне вам, зямным судзьдзям, што судзіце не па праўдзе і несправядліва”.

Яцкевіч: “Хто ня ведае, што такое суд? Судзяць не таго, на каго скардзяцца, а сам той і судзіць. І судзіся зь імі хоць цэлымі гадамі, асабліва калі ты бяз грошай”.

Спадарыня: “Добры дзень, мая дарагая “Свабода”! Я хачу сказаць слухачу “Свабоды”, якому не падабаецца наша выступленьне. Калі ты малады, замяні нас з дыплёмам на сьвінафэрме ў некалькі тысяч галоў, адпрацуй ад званка да званка за ўбогі заробак. Ты будзеш на свае вочы бачыць, як жыруюць і абіраюць цябе, а ты спакойна сядзі і маўчы. Паглядзіш на свой горб, на пальцы як дугі, якія не выпростваюцца, усё заробленае падорыш лукашэнкаўскім стаўленікам. Перамога за намі, але не за вамі, лукашысты!”

Спадарыня: “Добры вечар, паважаная “Свабода”! Чула абурэньне званкамі на “Свабоду”. Па-першае, іх рэгулярна слухаюць і тыя, хто ня хоча іх чуць, Радыё Свабода таксама. Толькі ўпарта слухаюць — напэўна, чамусьці страшнавата і няўтульна ім. Па-другое, званкі на “Свабоду” — гэта боль за Беларусь, гэта нэрвы і рызыка для здароўя. І дзякую Богу, што ёсьць тыя, хто пераступіў нейкую мяжу страху. І журналістам, якія прымаюць розныя званкі, таксама дзякуй”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG