Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску моладзевыя актывісты правялі акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі. Акцыі прымеркаваныя да Дня салідарнасьці, які адзначаецца 16 дня кожнага месяца.

15-хвілінная акцыя адбылася насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Некалькі маладых людзей разгарнулі расьцяжку "Свабоду палітвязьням!". Яны таксама трымалі ў руках партрэты зьняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і маладафронтаўца Арцёма Дубскага.

Аналягічная акцыя адбылася на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Казлова. Затрыманых няма.

Нагадаем, у лютым ваўкавыскім прадпрымальнікам Аўтуховічу, Асіпенку і Лявонаву выставілі абвінавачаньне ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. 23 чэрвеня супраць Мікалая Аўтуховіча распачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы яго ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Аўтуховіча і Асіпенку трымаюць на Валадарцы. Чакаецца, што ўвосень пачнецца судовы працэс супраць іх. Па гэтай жа справе праходзіць і Юры Лявонаў, якога 8 жніўня выпусьцілі са сьледчага ізалятару, але крымінальная справа супраць яго ня спыненая. Праваабаронцы лічаць, што прадпрымальнікі кінутыя за краты з палітычных матываў і патрабуюць іх вызваленьня.

7 ліпеня сёлета суд пакараў актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Арцёма Дубскага годам зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым у парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня ў “справе 14-ці”. "Міжнародная амністыя" прызнала фігурантаў працэсу 14-ці вязьнямі сумленьня.
XS
SM
MD
LG