Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўска-расейская “вайна”

  • Тацяна Поклад

КПП "Церахава-Бурачкі"

КПП "Церахава-Бурачкі"

Літва і Расея наблізіліся да згоды адносна сытуацыі зь літоўскімі перавозчыкамі і паставак літоўскіх тавараў на расейскі рынак. Шматкілямэтровыя чэргі фураў на расейска-латыскай мяжы пачалі зьмяншацца. Тым часам, асацыяцыя перавозчыкаў Літвы падлічвае страты і заяўляе, што Літва гэтую “вайну” прайграла: адзін з найбуйнейшых сэктараў рынка – грузаперавозкі у Расею, -- Літва, магчыма, ужо страціла.

Сытуацыя з затрымкай літоўскіх фур на мяжы з Расеяй абвастрылася напрыканцы мінулага тыдня, калі чэргі расьцягнуліся на дзесяткі кілямэтраў. Зьвесткі аб затрымках літоўскіх перавозчыкаў паступалі фактычна ад канца ліпеня, калі ў Расеі зьявіўся загад асабліва пільна спраўджваць літоўскія грузы. Расея заявіла, што мае сьведчаньні аб грубых парушэньняў правілаў перавозкі грузаў з боку Літвы, з-за якіх пачаўся асабліва пільны дагляд кожнай літоўскай фуры. Аднак сытуацыя не успрымалася як пагрозьлівая, бо чэргі на латыска-расейскай мяжы бывалі і раней. Літоўскі прэм'ер і міністар транспарту нават не перарывалі свайго адпачынку. Толькі днямі загучалі словы “блякада” і “вайна”, тым больш што разам з тым Расея забараніла ўвоз шэрагу літоўскай малочнай прадукцыі.

Літва саступіла


У чацьвер расейскі і літоўскія кіраўнікі мытняў дамовіліся аб вырашэньні канфлікту. Расея заявіла, што зьмякчыць умовы пропуска грузаў, калі Літва абмяжуе дзейнасьць пэўных перавозчыкаў, якія трапілі у Расеі у “чорны сьпіс”. Апрача таго, Фэдэральная мытная служба РФ патрабуе сплаціць доўг, які нібыта налічаны за ранейшыя парушэньні літоўскіх перавозчыкаў – памер сумы яшчэ вызначае спэцыяльная камісія.

Ёнас Мішкініс, выконваючы абавязкі гендырэктара Мытнага дэпартамэнта:

“Калі будуць выкананыя усе патрабаваньні, Расея абяцае цалкам зьняць усе абмежаваньні, а пакуль мякчэйшы кантроль будзе толькі тым кампаніям, адносна якіх дасьць гарантыі Літоўская мытня”.

Прадстаўнік літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў “Лінава” Гіціс Вінцявічус, які стала камэнтуе сытуацыю для прэсы, кажа, што асацыяцыя падрыхтавала сьпіс “надзейных” перавозчыкаў, які запатрабавала Расея. У суботу гэты сьпіс атрымала Фэдэральная мытная служба Расеі.

Гіціс Вінцявічус:

“Гэта дае надзею паверыць, што чэргі зрушацца з месца у найбліжэйшым часе, аднак той факт, што 29 кампаній унесеныя у чорны сьпіс, а гэта нашыя найбольшыя кампаніі, нас вельмі непакоіць”.

Чэргі зьменшыліся


На расейска-латыскай мяжы сабраліся чэргі з сотняў фураў, найбольш – на КПП Церахава-Бурачкі, -- амаль 1000 аўтамабіляў, чарга расьцягнулася на 20 кілямэтраў. Сёньня раніцай “Лінава ” паведаміла для СМІ, што праз гэты КПП уначы з пятніцы на суботу праехалі каля 163 аўтамабілі, зь іх – 37 літоўскіх, чарга зьменшылася на 3,5 км. А на КПП Грэбнева 6-кілямэтровая чарга зьменшылася на 2 км.

Паводле міністэрства транспарту Літвы, прастой кожнай фуры цягам дня прыносіць страты у 300-500 эўра.

Тым часам у Літве гучаць меркаваньні, што “вайна” прайграная.

Літоўскі штодзёньнік Kauno diena падае словы віцэ-прэзыдэнта літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў “Лінава” Ёнаса Грыбаўскаса пра тое, што адзін з буйнейшых сэктараў рынка – грузаперавозкі ў Расею, -- літоўцы ўжо страцілі.

“Рэпутацыя перавозчыкаў сапсаваная, -- кажа Ё. Грыбаўскас, -- заказчыкі адмаўляюцца ад нашых паслугаў, разрываюць кантракты і наймаюць машыны ў іншых краінах. Частку рынку мы страцілі назаўсёды, паколькі сьвятое месца пустым не бывае. Яго зоймуць палякі, латышы, румыны, баўгары”.

Паводле Ё.Грыбаўскаса, пасьля папярэдніх падлікаў вынікае, што літоўскім перавозчыкам нанесеныя страты у памеры каля 525 000 эўра.


Літва папрасіла дапамогі ў Эўракамісіі


Літоўскія палітыкі лічаць, што канфлікт мае палітычную прычыну.

Літоўскі прэм'ер Андрус Кубілюс кажа:

“Мяркую, мы павінны пераасэнсаваць усю стратэгію рашэньня гэтай праблемы і павінны больш інтэнсыўна кантактаваць з партнэрамі у Эўразьвязе.

“Думаю, што больш сэнсу мелі б не перамовы Літвы з Расеяй, а перамовы Эўразьвязу з Расеяй,” -- заявіў прэм'ер у сваім традыцыйным штотыднёвым інтэрвію ў жывым эфіры Žinių radijas.

Раней Эўракамісія паведаміла, што “вельмі сур'ёзна ацэньвае” праблемы, якія у сваім звароце узьняў міністра замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкіс у сувязі з магчымай дыскрымінацыяй літоўскіх перавозчыкаў.

Расейскія дыпляматы назвалі праблему пытаньнем “паміж ведамствамі”, а не палітычным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG