Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін - год пасьля турмы


Аляксандар Казулін, 10 верасьня 2008 году

Аляксандар Казулін, 10 верасьня 2008 году

Год таму, 16 жніўня, быў вызвалены зь віцебскай турмы “Віцьба-3” былы кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Аляксандар Казулін. Ён адбываў 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 25 сакавіка 2006 году, пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Якім быў першы год свабоды для палітыка і якія ягоныя пляны?

Аляксандар Казулін выйшаў на волю паводле прэзыдэнцкага ўказу, які ён так і ня ўбачыў. Таму пэўныя дэталі вызваленьня дагэтуль застаюцца невядомымі. Таксама былы палітвязень ня змог патлумачыць, ці мае поўную рэабілітацыю. Ён езьдзіў у Вашынгтон і Брусэль, сустракаўся зь вядомымі палітыкамі. Што да ўдзелу ў будучай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, спадар Аляксандар адзначыў:

“Я заўсёды гляджу ў будучыню ў тым сэнсе: давайце цяпер сабе ўявім, што ня будзе ніякіх зьменаў у выбарчым заканадаўстве і ўсё застанецца як ёсьць. І што, браць удзел у спэктаклі ў якасьці дэкарацый? Я ніколі не бяру ўдзел у тым, дзе ня бачна ніякага выніку. Выступаць у якасьці дэкарацыі для мяне вельмі сорамна”.

А наогул, як Вы ацэньваеце цяпер сытуацыю ў Беларусі?


“Гэта пачатак вельмі моцных пераменаў у нашым грамадзтве. Гэтыя перамены ўжо непазьбежныя. А кожнаму трэба разумець, што ад яго ў першую чаргу залежыць, што і як будзе адбывацца, і якое месца ён знойдзе сабе ў гэтым жыцьці”.

ФОТАГАЛЕРЭЯ. Аляксандар Казулін - год пасьля турмы


Адразу пасьля вызваленьня, я памятаю наша інтэрвію, Вы сказалі, што пачынаеце жыцьцё з чыстага аркуша. Ці ўдалося гэта зрабіць?

“З чыстага аркуша, гэта так. Ужо прайшоў год і я адаптаваўся да гэтага жыцьця, бо гэта было вельмі цяжка. Але, адаптаваўся. Зараз гляджу на ўвесь сьвет іншымі вачыма, але без акуляраў”.

Аляксандар Казулін выйшаў з БСДП(Грамада) Анатоля Ляўковіча і на пытаньне пра магчымасьць стварэньня нейкага свайго руху сказаў, што “рухаецца заўсёды так, як гэта патрэбна часу”. Асноўнай падзеяй году, які прайшоў пасьля яго вызваленьня, ён назваў тое, што Аляксандар Лукашэнка ня змог узяць удзел у саміце “Ўсходняга партнэрства” ў Празе. Ён лічыць, што гэта было “маральнай перамогай грамадзянаў Беларусі”. Параўноўваючы палітыку Эўразьвязу і ЗША адносна Беларусі Аляксандар Казулін адзначыў:

“Зразумела, што калі б была агульная палітыка, гэта было б вельмі добра. ЗША заўсёды стаялі на вельмі прынцыповай пазыцыі. І зараз яны гэта падкрэсьлілі. І ў Вільні, і тут у Менску Філіп Гордан вельмі цьвёрда заявіў, што ЗША ня будуць гандляваць каштоўнасьцямі і прынцыпамі. І ні ў якім выпадку ня будзе прадметам гандлю колькасьць амбасады, сама амбасада і ўсё астатняе. Галоўнае – гэта правы і свабоды грамадзянаў. На чым стаялі і стаяць будуць.
павінны быць умовы ...

Зараз вельмі моцны аптымізм, які быў з боку Эўразьвязу, сышоў. Зараз яны стаяць на больш рэалістычных пазыцыях і бачаць, што зь сябе ўяўляе кіраўнік нашай дзяржавы. Стала відавочна, што ў нас улады гатовыя дэкляраваць, а не працаваць. Няма ніякіх крокаў наперад, гэта надта зразумела. Можна многа абяцаць, абдымацца, але трымаць камень за пазухай і рабіць усё ў іншым накірунку. Гэта становіцца ўсё больш бачным. І хто працаваў на падтрымку ўладаў і на тое, каб рабіць гэта без усялякіх умоваў, сёньня разумеюць, што павінны быць умовы, якіх трэба дамагацца ўсім грамадзтвам, усёй міжнароднай супольнасьцю. А калі гэтага не дамагацца, то зьяўляюцца новыя палітвязьні.

Справа з Аўтуховічам можа быць вельмі паказальнай. Калі зараз прад’явілі абвінавачаньне ў дзяржаўным тэрарызму, якое цягне сьмяротнае пакараньне ці пажыцьцёвае зьняволеньне, то гэта сьведчыць пра тое, што ўлады зараз павялічваюць ціск і палітрэпрэсіі. А ўчарашняя нарада з удзелам кіраўніка дзяржавы вельмі яскрава гэта ўсё падкрэсьліла”.

Што хацеў бы сказаць Аляксандар Казулін кіраўніку Беларусі цяпер, праз год свабоды?

“Трэба марыць толькі пра адно – пра нашу Бацькаўшчыну, пра народ. І трэба ўласныя амбіцыі пакласьці ўніз. А падняцца на той узровень прэзыдэнта, які нясе вельмі моцную адказнасьць, як першага прэзыдэнта, за будучыню, у якой мы апынёмся. Каб ён мог зразумець, што, калі ён зможа падняцца над гэтымі ўласнымі і ўладнымі амбіцыямі, то яму нічога не пагражае ў гэтым жыцьці. Больш за тое, у яго яшчэ ёсьць шанец, каб увайсьці ў гісторыю з добрымі словамі, а не пракляцьцямі народа”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG