Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці палепшацца беларуска-амэрыканскія дачыненьні?


Адбыўся візыт у Беларусь памочніка дзяржсакратара ЗША Філіпа Гордана. Ці ёсьць зьмены ў палітыцы Злучаных Штатаў адносна Беларусі? Якія пэрспэктывы вырашэньня беларуска-амэрыканскага дыпляматычнага канфлікту? Якія вынікі візыту сп. Гордана?

Удзельнікі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі.

Пятро Садоўскі
Анатоль Лябедзька
Валер Карбалевіч


Ці ёсьць зьмены ў палітыцы Злучаных Штатаў адносна Беларусі?


Валер Карбалевіч: “Першы візыт у Менск прадстаўніка новай амэрыканскай адміністрацыі дае падставу меркаваць, што ЗША выпрацуюць дакладную палітычную лінію адносна Беларусі. Ці моцна яна будзе адрозьнівацца ад палітыкі ў беларускім пытаньні, якую вяла адміністрацыя прэзыдэнта Буша? Бо Абама памяняў замежную палітыку ЗША ў розных кірунках: Ірак, супрацьракетная абарона ў Эўропе. Сп. Лябедзька, вы сустракаліся з Горданам. Якое вашае ўражаньне?”

Анатоль Лябедзька: “З размовы з Горданам можна зрабіць выснову, што палітыка ЗША ў беларускім пытаньні захавае пераемнасьць і пасьлядоўнасьць. За “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” галасавалі ў Кангрэсе і дэмакраты, і рэспубліканцы. То бок у беларускім пытаньні ў ЗША існуе кансэнсус. Гордан паведаміў, што адміністрацыя выйшла ў Кангрэс з прапановай павялічыць выдаткі на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Я зьвярнуў увагу Гордана на адну традыцыю. Былы прэзыдэнт ЗША Буш у сваіх выступах пэрыядычна ўзгадваў Беларусь. І многія ў нас чакаюць гэтага ж і ад Абамы. Гордан сказаў, што аптымістычна глядзіць на гэтую ідэю”.

Пятро Садоўскі: “Калі ў Менск прыяжджаў дырэктар Радыё Свабода Гедмін, мы зь ім сустракаліся, ён задаваў пытаньне: “Навошта Беларусь ЗША?” Пасьля ў Вашынгтоне ён напісаў, што Беларусь цікавіць ЗША, па-першае, з гледзішча ўсталяваньня дэмакратыі, па-другое, з-за расейскага чыньніку.

Узьнікае пытаньне ўзгадненьня пазыцыі ЗША і ЭЗ у беларускім пытаньні. Розьніца ў тым, што Беларусь цікавая ЗША больш з-за геапалітычнага чыньніку, а Эўразьвязу — з эканамічных прычын”.

Ці ёсьць шанцы на вырашэньне канфлікту?


Карбалевіч: “Падчас нядаўняй сустрэчы Лукашэнкі з амэрыканскімі сэнатарамі і кангрэсмэнамі ён заявіў, што беларускі бок дасьць згоду на вяртаньне амэрыканскіх дыпляматаў і амбасадара ў Менск толькі пасьля таго, як ЗША скасуюць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і адменяць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.

А вось сп. Гордан напярэдадні візыту ў Менск і падчас візыту заяўляў, што гэтыя пытаньні нельга ўвязваць адно з адным. Адмена санкцый адбудзецца толькі пасьля дэмакратычных зьменаў у Беларусі. То бок канфлікт на сёньняшні дзень ня мае шанцаў на вырашэньне?“

Лябедзька: “
Беларусь прапануе вырашыць праблему пакетам. Такая тактыка часткова рэалізуецца ў дачыненьнях з ЭЗ. Але ў адносінах з ЗША гэта не спрацуе.
Так, Менск і Вашынгтон па-рознаму прапануюць фармаваць парадак дня двухбаковых дачыненьняў. Беларусь прапануе вырашыць праблему пакетам. Такая тактыка часткова рэалізуецца ў дачыненьнях з ЭЗ. Але ў адносінах з ЗША гэта не спрацуе. Таму фактычна і няма зьмястоўных камэнтараў па выніках візыту Гордана ні зь беларускага, ні з амэрыканскага боку”.

Садоўскі: “Думаю, падчас гэтага візыту Гордана вырашыць супярэчнасьці ня ўдасца. Зьвярну ўвагу, што ЗША ня выступілі супраць выдзяленьня крэдыту Беларусі ў МВФ. Таму нам ЗША вельмі патрэбныя. І Менск будзе адступаць і зьмякчаць тон”.

Лябедзька: “Цяпер добры час, каб рэалізаваць формулу: „крэдыты ў абмен на свабодныя выбары“. Пра гэта мы казалі сёньня падчас сустрэчы. Акрамя крэдытаў, ёсьць яшчэ адзін інструмэнт узьдзеяньня на Беларусь. Каля паловы беларускага гандлю — з ЭЗ. Калі падчас крызісу гэтыя інструмэнты разумна выкарыстоўваць, то можна дасягнуць вынікаў у пляне дэмакратызацыі краіны”.

Ці будзе збліжэньне пазыцыяў ЗША і ЭЗ у беларускім пытаньні?


Лябедзька: “Раней у ЗША была праблема амэрыканскага грамадзяніна Зэльцэра, які сядзеў за кратамі ў Беларусі. Бо для ЗША свабода і правы амэрыканскага грамадзяніна — гэта вялікая каштоўнасьць. Цяпер Зэльцэр вызвалены, і ў ЗША разьвязаныя рукі. Менск ужо ня можа шантажаваць Вашынгтон гэтым пытаньнем.

Гордан будзе праводзіць кансультацыі з ЭЗ у беларускім пытаньні, каб узгадніць пазыцыі. Калі будзе знойдзена нейкая сярэдзіна, то яна будзе бліжэйшая да пазыцыі Вашынгтона, чым Брусэля”.

Садоўскі: “Сапраўды, будзе збліжэньне пазыцыяў ЗША і ЭЗ у беларускім пытаньні. Вось паведамлялася, што дзяржсакратар ЗША Клінтан абмяркоўвала беларускае пытаньне зь міністрам замежных спраў Славеніі, краіны, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы.

Вось Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму журналісту казаў, што ў нас гандаль з ЭЗ складае 46%. Але беларускі экспарт у Эўропу — у асноўным гэта нафтапрадукты. Мы ня вельмі тэхналягічна зьнітаваныя з ЭЗ. Таму пазыцыя ЗША будзе больш важкая, чым ЭЗ, і Эўропа пойдзе насустрач Вашынгтону”.

Карбалевіч: “Сапраўды, яшчэ год таму пазыцыі ЗША і ЭЗ адносна Беларусі былі блізкія. Але за гэты год яны моцна разышліся”.

Лябедзька: “Дарэчы, Гордан прыехаў у Менск зь Літвы, дзе таксама абмяркоўвалася Беларусь. Калі ў Нямеччыне на выбарах перамогуць хрысьціянскія дэмакраты, то могуць адбыцца зьмены на карысьць палітыкі, якая грунтуецца на каштоўнасьцях, а не на эканамічным прагматызьме”.

Садоўскі: “У ЗША каштоўнасныя прынцыпы ў замежнай палітыцы пераважаюць”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG