Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя ахвяры сёлетняга жніва на Магілёўшчыне


Камбайнэру сельгаспрадпрыемства “Галавенчыцы”, што ў Чавускім раёне, сёньня ампутавалі нагу. Траўму 48-гадовы мэханізатар атрымаў, калі рамантаваў у полі камбайн.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у машыне забілася прыёмная камэра, і камбайнэр сам спрабаваў яе ачысьціць. Спынены на час рамонту камбайн нечакана сам запусьціўся, і ротар прыёмнай камэры пашкодзіў чалавеку нагу.

Камбайн новай мадэлі беларускай вытворчасьці прадпрыемства купіла сёлета. Адразу пасьля здарэньня яго аплямбавалі. Адмысловая камісія будзе шукаць у машыне хібы, якія прывялі да трагедыі.

За няпоўны тыдзень на Магілёўшчыне гэта ўжо другі няшчасны выпадак на вёсцы. У мінулую суботу, ушчыльняючы сянажную масу, загінуў мэханізатар калгаса імя Калініна ў Горацкім раёне. Трактарыст ня справіўся з кіраваньнем машынаю, тая перакулілася й задушыла яго. Абставіны здарэньня высьвятляюць пракуратура й інспэкцыя аховы працы.
XS
SM
MD
LG