Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлетняе дажджлівае лета спрыяе росту грыбоў і ягадаў у лясах Гомельшчыны. Не зьнікаюць дары лесу і з рынкаў абласнога цэнтру. Але далёка ня ўсё, што прапануецца на продаж, можна спажываць. Пасьля Чарнобылю ў рэгіёне, па сутнасьці, няма экалягічна чыстых грыбоў і ягадаў.

На Прывакзальным рынку мужчына сярэдніх гадоў прадае з кошыка сьвежыя лісічкі: паўлітровы слоік — 2 тысячы рублёў, місачка — дзьве з паловай.

На радыяцыю свае грыбы мужчына не правяраў:

“Сёньня не правяраў, бо сьпяшаўся — позна аўтобус прыйшоў. Я ўжо ня першы месяц важу — усё нармальна”.

Непадалёк пэнсіянэрка прапануе лісічкі на вагу. За кіляграм — чатыры з паловай тысячы. Кажа, што сама яна з Касьцюкоўкі, а грыбы зьбіраць яе вазілі за Гомель, у бок Украіны. Лісічкі яна нібыта раней правярала, але квіток забылася дома:

“На стале дома застаўся — я так сьпяшалася. Я сама з Касьцюкоўкі. Вазілі мяне ў грыбы, дык згубілі бабу. Я ўжо ні грыбоў не хацела, нічога. Людзі там хадзілі, паказалі. Во ўжо й прывезьлі мяне. За чатыры тысячы пяцьсот аддаю”.


Яшчэ адна кабета прадае шклянкамі й невялічкімі плястмасавымі вядзерцамі чарніцы. На радыяцыю іх не правярала. Лябараторыі на Прывакзальным рынку няма, а да Цэнтральнага рынку — амаль кілямэтар.

“Не, не правярала. Далёка хадзіць на той кірмаш”.

На Прывакзальным рынку ў Гомелі

На Цэнтральным рынку сёньня гандляроў ляснымі дарамі было няшмат. Мужчына прадаваў падбярозавікі. Грыбы былі правераныя на радыяцыю. Паводле даведкі, узровень заражанасьці падбярозавікаў — 268 бекерэляў на кіляграм. Прадаваць іх дазволілі, паколькі беларускія санітарныя нормы дапускаюць узровень радыяцыі ў грыбах да 370 бекерэляў.

На Прудкоўскім рынку адна кабета прадавала лісічкі, як кажуць, з-пад крыса. Як толькі хто-небудзь запытаецца наконт праверкі грыбоў на радыяцыю, кабета цьвердзіць так:

“Не-не, на праверку прынесла. Гэта хатнія — хачу праверыць”.


Другая прадавачка грыбоў, якая назвалася Марыяй, апавяла, што ўжо шмат гадоў прадае грыбы на рынку. Зьбірае іх паблізу вёскі Дзікалаўкі. Сёньня лісічкі ўжо прадала. Аднесла на праверку, а сама стала прадаваць:

“Сёньня даведачку яшчэ ня брала, але ж я кожны дзень іх правяраю. Вось адна даведачка, другая. Сёньня здала грыбы на праверку, грошы — 1700 рублёў — заплаціла, слоік грыбоў пакінула. Мяне ж ганяюць, як сідараву казу. Таму кожны дзень правяраю”.

Нядаўна супрацоўнікі адміністрацыі чарнобыльскіх зон адчужэньня й адсяленьня праверылі Вёткаўскі раён. За адзін дзень на моцна заражаных радыяцыяй участках яны затрымалі пяцёх грыбнікоў — тыя зьбіралі лісічкі на продаж.
XS
SM
MD
LG