Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб ня зьнікла беларуская праграма ў Швэцыі


Беларусы сьвету працягваюць спробы захаваць беларускую праграму Швэдзкага радыё. У верасьні сёлета спыняецца яе вяшчаньне. Праграма існуе амаль пяць гадоў і скіраваная найперш на аўдыторыю ў Беларусі, а не на беларускую меншасьць у Швэцыі, як часам мяркуюць. Кіраўніцтва радыё тлумачыць закрыцьцё выбарам на карысьць расейскай мовы, зразумелай усім у рэгіёне. Чаму і як трэба пратэставаць супраць закрыцьця беларускай праграмы і што можна зрабіць для захаваньня праграмы і яе аўдыё архіваў, ці ёсьць шляхі для аднаўленьня праграмы, калі яе закрыюць?


Інгемар Лёфгрэн
Ад 1 верасня 2009 году, "Радыё Швэцыя" спыняе вяшчаньне на беларускай мове.

Па словах кіраўніка Міжнароднага канала Швэдзкага нацыянальнага радыё Інгемара Лёфгрэна, Швэдзкае радые "зрабіла цяпер выбар на карысьць працягу вяшчаньня на адной з вялікіх эўрапейскіх моваў, а менавіта -- рускай, тым больш, што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі".

Праграма па-беларуску

Беларуская праграма са Стакгольму -- частка грамадзкага сэрвісу швэдзкага радыё і тэлебачаньня, яна выходзіцьу эфір чатыры разы на тыдзень на кароткіх хвалях і у любы час яе можна слухаць у інтэрнэце radiobelarus.se. У праграмы – два супрацоўнікі, якія дзеляць паміж сабой меней чым адну з паловай стаўкі, яшчэ два пазаштатныя супрацоўнікі ў Стакгольме і адзін – у Беларусі.

Дзьмітры Плакс
Беларускую праграму ініцыявала ня швэдзкае кіраўніцтва грамадзкага радыёвяшчаньня, а беларус, які там працаваў. Журналіст, літаратар, перакладчык Дзьмітры Плакс ад пачатку свайго супрацоўніцтва у расейскай рэдакцыі у 1999 годзе пераконваў, тлумачыў, ствараў канцэпцыю вяшчаньня па-беларуску са Стакгольму. Спатрэбілася пяць гадоў, каб ініцыятыва беларуса была пачутая тагачасным кіраўніцтвам. І меней чым праз пяць гадоў працы праграма спыняе вяшчаньне па-беларуску.

Плакс: “Як уласную паразу успрымаю гэтае афіцыйнае тлумачэньне, што беларуская служба спыняе вяшчаньне на карысьць вялікай эўрапейскай мовы, як гэта сфармулявана прыгожа... Не таму, што я маю нешта супраць рускай мовы, вядома ж, а таму, што ўся ідэя вяшчаньня на беларускай мове была ў тым, каб вяшчаць па-беларуску. Гэта было вельмі важна для мяне, таму прабіваў гэты праект”.

Ад Канады да Літвы

Тлумачэньне кіраўніцтва пра выбар на карысьць расейскай мовы выклікала пратэсты у беларусаў. На адрас рэдакцыі і кіраўніцтва радыё пачалі прыходзіць лісты з усяго сьвету.

“Вельмі моцную падтрымку мы адчуваем маральную, і гэта было нечакана трохі для мяне. Нашая праца была сьціплай, маленькі аб'ём вяшчаньня, нам ніколі не дазвалялі рабіць рэкляму. А цяпер шмат людзей мне пішуць, і што асабліва прыемна, -- пішуць ня толькі зь Беларусі, але з розных іншых краінаў, ад Канады да Літвы”, -- кажа Дзьмітрый Плакс.

І жыхары Беларусі, і беларусы з розных краін сьвету, і замежнікі падпісваюцца пад зваротам да кіраўніцтва радыё Швэцыя “Выратуйце дэмакратычнае радыё!” з просьбай не спыняць вяшчаньне па-беларуску.

Даведацца пра жыцьцё ў Эўропе

“Праграмы "Радыё Швецыя" на беларускай мове -- значна больш, чым проста навіны. 70% насельніцтва Беларусі ніколі не былі за мяжой і таму не маглі бачыць, як функцыянуе дэмакратычнае грамадзтва. Беларускія праграмы даюць магчымасьць беларусам даведацца пра жыцьцё ў Эўропе, якое будуецца на дэмакратычных законах -- гэта тое, чаго не хапае жыхарам ізаляванай краіны,” -- гаворыцца у звароце.

Падтрымку праграме выказваюць ня толькі слухачы радыё, хаця іх колькасьць апошнім часам вырасла, бо абвестка аб закрыцьці сталася своеасаблівай рэклямай радыё.

Ці мае сэнс?

І мне напісалі беларусы з розных краін, якія раней гэтага радыё не слухалі, што трэба пратэставаць і спрабаваць адстаяць беларускамоўнае вяшчаньне, якое цяпер можа папоўніць сьпіс спыненых беларускіх радыёпраграм. Вестка аб закрыцьці зьявілася у самы час летніх адпачынкаў – што тут можна зрабіць і ці мае гэта сэнс?

Юлія Канавалава
“Самая лепшая падтрымка – гэта лісты, якія можна дасылаць нашаму кіраўніцтву, і дэпутатам парлямэнта швэдзкага, і у МЗС Швэцыі. І лісты нам вельмі прыемна чытаць, калі вы нас слухалі, слухаеце, альбо пачалі слухаць, напішыце нам, пра тое, што вы ёсьць – бо нашае кіраўніцтва лічыць, што вас няма”, -- кажа Юлія Канавалава.

Юлія працуе разам з Дзьмітрыем Плаксам у рэдакцыі. Іх праца фактычна сягае за межы чыста журналісцкай сфэры, рэдакцыя зьяўляецца і цэнтрам мясцовых дыяспарных ініцыятываў, і швэдска-беларускіх кантактаў у сфэры культуры, і інфармацыйным цэнтрам пра Беларусь для швэдаў і пра Швэцыю для беларусаў.

Гэта яшчэ адна прычына, чаму варта выступіць гучна з падтрымкай праграмы, мяркуюць беларускія актывісты. У ліку першых гэта зрабілі Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне “Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына” і міжнароднае аб'яднаньне “Кангрэс новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША”.

Цягам пяці гадоў працы гасьцямі рэдакцыі былі многія беларусы. Ва ўсім сьвеце жывуць людзі, якія ведаюць журналістаў беларускай праграмы радыё Швэцыя асабіста, дзякуючы іх адкрытасьці і гасьціннасьці. Павал Марозаў, актывіст з Эстоніі, сябра рады БНР, адзін з ініцыятыраў Кангрэса новай дыяспары, кажа, што выступіў у падтрымку радыё таму, што ведае яго журналістаў асабіста, ведае, як яны працуюць і як шмат робяць для беларускай справы у Швэцыі.

Найперш для Беларусі

Беларускія праграмы радыё Швэцыя былі скіраваныя найперш для Беларусі. Як ставяцца у Беларусі да іх спыненьня? Мой калега Міхась Карневіч распытаў пра гэта жыхароў Горадні.



Залаты фонд

Перадачы пакуль можна слухаць і на сайце беларускіх праграм Швэдзкага радыё, але неўзабаве ён зьнікне.

“Архівы – мы робім усё магчымае, усе гэтыя гады мы захоўваем усе праграмы, яны пакуль на звычайных кампакт-дысках, мы будзем спрабаваць зрабіць штосьці і у інтэрнэце, але пакуль не ведаем, як”, -- кажа Юлія Канавалава.

У любым выпадку, цяпер маўчаць не варта, мяркуюць актывісты і запрашаюць ахвотных далучацца з ідэямі і прапановамі.


СЛУХАЦЬ ПЕРАДАЧУ ЦАЛКАМ


Слухаць беларускія праграмы Швэдскага радыё можна на кароткіх хвалях на частаце 6065 кілягерцаў у дыяпазоне 49 мэтраў і ў інтэрнэце на сайце www.sr.se. (radiobelarus.se)

Зьвязацца з Тацянай Поклад можна праз электронны адрас pokladt@yahoo.co.uk
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG