Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША будуць падтрымліваць з афіцыйным Менскам “рэгулярныя кантакты”


Філіп Гордан
Філіп Гордан

Завяршыўся візыт у Беларусь памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Філіпа Гордана. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў і дэмакратычнай апазыцыі.

Праграма візыту спадара Гордана амбасадай ЗША ў Менску была акрэсьлена вельмі коратка: сустрэчы з уладамі і лідэрамі грамадзянскай супольнасьці. Найперш спадар Гордан пагутарыў зь дзевяцьцю апазыцыянэрамі — Вінцуком Вячоркам, Анатолем Лябедзькам, Аляксандрам Казуліным, Анатолем Ляўковічам, Міхаілам Пашкевічам, Валянцінам Стэфановічам, Сяргеем Калякіным, Віктарам Карняенкам і Віталём Рымашэўскім. Сустрэча заняла на паўгадзіны больш часу, чым было заплянавана.

Пасьля гэтага Філіп Гордан накіраваўся ў Міністэрства замежных спраў і ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Згодна зь беларускім МЗС, бакі мелі намер абмеркаваць “увесь комплекс пытаньняў двухбаковых стасункаў”. Як паведаміла амбасада ЗША, з прычыны шчыльнага графіку спадар Гордан не плянаваў сустрэчаў з прэсай. Паводле афіцыйнага агенства БЕЛТА, зь Філіпам Горданам сустрэўся кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей. Падчас сустрэчы быў “падрабязна абмеркаваны парадак дня двухбаковых стасункаў, адбыўся грунтоўны абмен думкамі па пытаньнях шматбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяньня ў сфэры міжнароднай бясьпекі і раззбраеньня”. Таксама бакі дамовіліся падтрымліваць “рэгулярныя кантакты”. Пра сустрэчу зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым прадстаўніца беларускага МЗС Марыя Ваньшына паведаміла:

“Падчас сустрэчы абмеркаваны пытаньні разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх стасункаў. У тым ліку — выкарыстаньня магчымасьцяў пашырэньня гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня ў галіне міжнароднай бясьпекі”.

Карэспандэнт: “Раней, калі прыяжджалі прадстаўнікі Эўразьвязу, былі падыходы да прэсы. Чаму гэтага не было зараз?”

Ваньшына: “У праграме гэтага не было. Падыход да прэсы не плянаваўся”.

Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі спадар Гордан заявіў, што мае на мэце высьветліць, ці магчымае паляпшэньне дачыненьняў Беларусі з ЗША. Спадар Гордан таксама сказаў, што прыехаў у Менск не без уплыву эўрапейскіх сяброў. Апроч таго, ён адзначыў, што Беларусь вяртаецца ў цэнтар увагі.

Вінцук Вячорка
“Ён адзначыў важнасьць “Акту аб дэмакратыі” для рэалізацыі каштоўнаснай палітыкі стасоўна Беларусі. І таксама зазначыў, што адміністрацыя прэзыдэнта зьвярнулася ў Кангрэс па ўзмоцненую падтрымку дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Ключавыя словы, якімі ён пачаў і скончыў сустрэчу, — гэта тое, што перад Беларусьсю яшчэ доўгі шлях да нармальнай сытуацыі з дэмакратыяй, свабодамі і правамі чалавека”.

Да прыезду ў Менск Філіп Гордан меў сустрэчу зь міністрам замежных спраў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам. У інтэрвію літоўскім мэдыям ён заявіў, што беларускаму боку “яшчэ шмат што належыць зрабіць”. Ён адзначыў, што не зьбіраецца “абвяшчаць ці дамаўляцца пра новую палітыку”, а хоча на свае вочы ўбачыць, ці гатовы афіцыйны Менск да рашэньняў, “патрэбных для ўсталяваньня канструктыўных стасункаў з ЗША”. Паводле спадара Гордана, галоўнымі крытэрамі для ЗША застаюцца правы чалавека і дэмакратыя. Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязьняў, даць больш свабоды няўрадавым арганізацыям і мэдыям, а таксама правесьці свабодныя і празрыстыя выбары. Ён сьцьвердзіў, акрамя таго, што санкцыі ЗША адносна Беларусі — гэта вынік парушэньня правоў чалавека. І яны будуць адменены толькі ў тым выпадку, калі краіна будзе імкнуцца да дэмакратыі. Кажучы пра магчымасьць прызначэньня новага амбасадара, Гордан адзначыў, што амэрыканскі бок ня зьвязвае гэтага пытаньня з адменай санкцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG