Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 14 жніўня, пятніцу.

Дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта” адмовілася вярнуць у падпісныя каталёгі незалежныя газэты “Ганцавіцкі час” і “СНплюс. Свободные новости плюс”. Камэнтар слухача:

Валеры, Барысаў: “Прэзыдэнт са сваім сынком Колем зьяўляецца на вочы грамадзтва ўсё болей і болей. Дзе яго сынка маці, дзе дзяржаўная прэса? Чаго яна гэта ў навінах, у газэтах не асьвятляе? Як партызан на допыце, маўчыць. Відаць, у прэсы за шчакой вырас вялікі флюс — не дае гаварыць, а вось свабодныя СМІ яна забараняе, як, напрыклад, газэту “Свабодныя навіны плюс”. Нейкі перакос. Парадокс”.

Далей слухач выказвае сваё меркаваньне адносна будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі:

Сяргееў: “Скажам “Не!” будаўніцтву атамнай станцыі ў Беларусі”.

Меркаваньне слухача камэнтуе навуковец, былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў:

“Тыя пазыцыі, паводле якіх улады Беларусі настойваюць на будаўніцтве АЭС, мне як спэцыялісту незразумелыя. Бо пра тое, што гэта будзе энэргетычная бясьпека краіны, казаць не даводзіцца. Бо дзе мы будзем купляць паліва для АЭС? Гэта першае пытаньне, а другое — дзе мы будзем хаваць адпрацаванае паліва? Мы яшчэ эканоміяй электраэнэргіі не займаліся як сьлед. А дзе грошы на гэтую АЭС? Значыць, ізноў неабходна браць крэдыты, а хто іх будзе вяртаць? Я нідзе ўцямнага адказу на гэтыя пытаньні ня чуў. Канечне, каб усе жыхары Беларусі без выключэньня сказалі дакладна і зразумела, што мы ня хочам новай АЭС, нам дастаткова Чарнобылю, то тады можна было б улады пераканаць і прымусіць іх гэтага не рабіць”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Спадар, Маладзечна: “Добры дзень. Лукашэнка чарговы раз наладзіў відовішча для СМІ і народу, паказваючы, які ён разумны і якія ўсе дурні, у тым ліку і наш урад, і прэзыдэнты дзяржаваў, якія ўваходзяць у АДКБ. Але калі рашэньне па стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня рамкавае і да практычнага прымяненьня далёка, а бяз згоды прэзыдэнта любой дзяржавы немагчыма, то нашто ламаць камэдыю, не падпісваючы гэтага рашэньня, яшчэ больш ускладняючы для ўраду рашэньні эканамічных пытаньняў? Нават проста для суседзяў, тым больш для саюзьнікаў, гэта недапушчальна”.

Уладзімер Зьвернік: “Шмат каму са сьвядомых людзей вядома пра мару Кадырава ізноў аб’яднаць Чачню з Інгушэтыяй і быць у гэтым хаўрусе адзіным валадаром. Таму навошта яму канкурэнты? Такое адчуваньне было, калі ён казаў пра выкраданьне, а затым забойства Натальлі Ўсьціміравай. А замах на жыцьцё інгускага прэзыдэнта, а зараз яшчэ і забойства праваабаронцы Залімы Садулаевай зь ейным мужам? Ці не зашмат для адной маленькай Чачні? Як бачым — пытаньні і пытаньні. Адказы на іх дасьць гісторыя і чачэнскі народ. А чачэнскі народ ніколі не даруе Кадыраву здраду нацыянальным інтарэсам і ператварэньне вольнай і ганарлівай краіны ў халопа Расеі. А што да ягонай любові да Пуціна, то тут усё зразумела: асабістая ўлада Кадырава трымаецца выключна на расейскіх штыках, якія там апынуліся падчас другой чэчэнскай бойкі, якую разьвязаў Пуцін”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG