Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Анатоль Вярцінскі, Марыя Мартысевіч, рэсурс suc_biel_lit


ЛІТПРАЦЭС

Алесь Мазанік: “Пішаце па-беларуску? Калі ласка – у suc_biel_lit”


Паўгода таму ва ўсясьветным Сеціве зьявілася старонка пад назовам suc_biel_lit. Яе стварылі менскія студэнты Ася Паплаўская і Алесь Мазанік. Свой асабісты час, здольнасьці ды інтэлект яны ўкладаюць у гэты інтэрнэт-рэсурс, кіруючыся вялікай любоўю да беларускай літаратуры й жаданьнем дапамагчы аўтарам данесьці свае творы да чытачоў. Зь інтэрнэт-энтузыястамі сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Алесь, раскажыце пра ідэю й мэты стварэньня рэсурсу suc_biel_lit? Чым ён адрозьніваецца, да прыкладу, ад litara.net ці іншых беларускіх літаратурных інтэрнэт-старонак?”

Алесь Мазанік
Алесь Мазанік:
“Дадзены рэсурс пабудаваны на пляцоўцы livejournal.com. То бок, на тым рэсурсе, дзе кожны ахвотны можа стварыць свой жывы дзёньнік ці блог. Адметнасьць нашай суполкі ў тым, што мы даем мажлівасьць любому, хто піша па-беларуску, падзяліцца з намі і з усімі ахвотнымі сваёй творчасьцю. Мы фактычна даем мажлівасьць людзям, якія ня могуць нідзе друкавацца, друкавацца ў нас, а таксама абмяркоўваць і рэцэнзаваць напісанае. Ідэя ўзьнікла досыць даўно, мы затрымаліся зь яе ўвасабленьнем, бо спрачаліся наконт назову. Але потым вырашылі ўсё ж зрабіць дадзены рэсурс пад добрым, на мой погляд, тэрмінам suc_biel_lit. Так што ўсіх, хто піша па-беларуску, запрашаем у suc_biel_lit”.

Аксак: “Спадарыня Ася, а што вы ўкладаеце ў само азначэньне – сучасная беларуская літаратура?”

Ася Паплаўская: “Я думаю, што ў ім можа быць шмат аспэктаў. Сёньня сучасная беларуская літаратура – гэта і цяга да клясыкі, і постмадэрнізм, і нейкія мадэрнісцкія рэчы, і тыя ж альбомы аголеных літаратараў. Сучасная беларуская літаратура – гэта вельмі шырокая прастора для творчасьці і дзейнасьці”.

Аксак: “Штомесяц вы праводзіце конкурсы сярод наведнікаў suc_biel_lit. Што яны сабой ўяўляюць, хто іх удзельнікі, і як наогул падобныя акцыі ўплываюць на пашырэньне ведаў пра беларускіх пісьменьнікаў і іх творы?”

Мазанік: “У нас цягам месяцу вымалёўваецца пэўная колькасьць людзей, якія стала пішуць. Пры канцы месяца мы выбіраем самыя цікавыя допісы і ствараем галасаванку, якую могуць бачыць усе ахвотныя і цягам тыдня ці дзесяці дзён галасуюць. Пераможца атрымоўвае наш фірмовы дыплём і папулярныя беларускія кніжкі ў падарунак. Цырымонія адбываецца ў кавярні “Валерыя”, дзе пераможца мае магчымасьць выступіць”.

Аксак: “Але ў гэтым адмысловым конкурсе ўдзельнічаюць толькі мастацкія творы?”

Мазанік: “Мы разглядаем тыя творы, якія ўмоўна можна назваць сучаснай беларускай літаратурай. Аўтарамі могуць быць ня толькі прызнаныя літаратары, але і людзі, якія яшчэ толькі спрабуюць нешта пісаць. З усіх нашых пераможцаў толькі палова займаецца літаратурай стала. Ужо тое, што ў нашу суполку пішуць вершы па-беларуску людзі, якія ня ёсьць сталымі літаратарамі і якія пераважна размаўляюць па-расейску, сьведчыць пра станоўчыя моманты нашай працы. Гэта разьвіцьцё іх як асобаў і разьвіцьцё літаратуры. А таксама ў сувязі з праблемай мэнэджмэнту беларускай літаратуры мы даем магчымасьць у нас друкавацца сталым літаратарам, што пашырае веды пра іх творы. І я лічу, што наша суполка апраўдвае сваё прызначэньне. Колькасьць удзельнікаў яе пакуль што невялікая – гэта ўсяго каля трохсот чалавек, але з кожнай імпрэзай мы заўважаем прыцягненьне новых людзей. Паводле іх выказваньняў, ім гэта трэба і цікава, і яны і далей будуць у гэтым удзельнічаць”.

Аксак: “Калі б раптам вы займелі добрых фундатараў дзеля ўсталяваньня агульнанацыянальнай літаратурнай прэміі, чыё імя вы б ёй надалі?”

Паплаўская: “У паэзіі – імя Анатоля Сыса”.

Мазанік: “Калі браць агульны творчы працэс, то мне падаецца, што гэта мусіць быць імя чалавека, які паўплываў на станаўленьне беларускай самасьвядомасьці. Я думаю, што гэта Мікола Ермаловіч, які мне вельмі блізкі па духу. Ягоны ўнёсак у беларускасьць вельмі вялікі, і калі мы разглядаем агульнанацыянальную прэмію, то трэба браць імёны людзей, які ўвогуле далі нам мажлівасьць звацца беларусамі”.

Аксак: “Складзіце, калі ласка, кароткі сьпіс кніг-намінантаў на гэтую прэмію, якія, на вашу думку, увасабляюць лепшыя творы сучаснай беларускай літаратуры?”

Паплаўская: “Безумоўна, гэта новая кніжка Ўладзімера Някляева “Цэнтар Эўропы”, гэта “Шчасьце быць” Барыса Пятровіча, “Анадыямэна” Галіны Дубянецкай, “Гаспода” Леаніда Дранько-Майсюка, “Сарока на шыбеніцы” Альгерда Бахарэвіча”.

Мазанік: “Перш за ўсё я хачу назваць кніжку Валярыны Куставай “Тамсама”, раман Алеся Пашкевіча “Пляц волі”, мэмуары Валянціна Тараса “На высьпе ўспамінаў”, зборнік Тацяны Сапач “Няхай не пакіне нас восень” і кнігу Барыса Пятровіча “Жыць ня страшна”.

АЎТАР І ТВОР

Анатоль Вярцінскі: “Паэт – лабіст дабра”


Анатоль Вярцінскі
Сорак шостым томам кніжнай сэрыі “Беларускі кнігазбор” сталі “Выбраныя творы” Анатоля Вярцінскага. У дыхтоўнае выданьне (530 старонак) увайшлі вершы, паэмы, міталягічная драма, публіцыстыка, крытыка, літаратурныя эсэ. Кніга – як люстэрка, дзе адбілася багатая на падзеі біяграфія паэта і грамадзкага дзеяча: і дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце, і праца ў ААН, і рэдактарства ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”… З аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, ваш “кнігазбораўскі” том выйшаў акурат перад V Зьездам беларусаў сьвету і першую чытацкую апрабацыю праходзіў менавіта там. Якія чытацкія водгукі вам запомніліся?”

Анатоль Вярцінскі: “На зьезьдзе я бачыў, як дэлегаты, найперш прадстаўнікі беларускага замежжа, спыняліся ля століка з выданьнямі “Кнігазбору”. Гарталі кнігі, абменьваліся думкамі, набывалі. Напрыклад, Янка Запруднік з ЗША пацікавіўся, колькі новых вершаў я ўключыў у гэтае выданьне. Яраслаў Іванюк зь Беластоку прапаноўваў супрацоўніцтва ў сваім “Камунікаце”. Алег Рудакоў зь Іркуцку (Расея) заўважыў, што ўсё ж мнагавата прозы ў маёй “кнігазборўскай” кнізе. Яму здаецца, што ў аднатомавіку паэта Вярцінскага павінна быць больш паэзіі. Хто ведае, можа, ён і мае рацыю”.

Скобла: “У кнізе творы разьмешчаныя ў храналягічным парадку, даволі раўнамерна – з 1964 па 2008 год. А ці былі часы, калі вам зусім не пісалася?”

Вярцінскі: “Такіх пэрыядаў было больш, чым трэба. Часам гадамі я ня мог сам-насам заставацца са сваёй паэтычнай музай, пераключаўся на публіцыстыку, грамадзкую дзейнасьць. Асабліва “маўклівыя” на паэзію гады майго рэдактарства ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” (я там пачаў працаваць летам 1986 году). У разгар гэтак званай перабудовы даводзілася перабудоўвацца самім, перабудоўваць сваіх чытачоў і спрабаваць перабудоўваць жыццё ўсяе Беларусі на новы лад. І тады было не да вершаў”.

Скобла: “Аднойчы прачытаныя вашы вершы застаюцца ў памяці. А ўвогуле, ці павінен паэт быць афарыстычным?”

Вярцінскі: “Справа не ў сьвядомым імпэратыве – быць паэту афарыстам у дадзены момант ці не быць. Гэта ўжо як атрымліваецца. Калі я падчас сэсіі Вярхоўнага Савету запісваў у дэпутацкім нататніку некалькі радкоў, то меньш за ўсё думаў пра іх афарыстычнасьць. Гэтую якасьць паэзіі надае, хутчэй, чытач”.

Скобла: “Вы – паэт філязофскіх формулаў. Вось адна зь іх, пра сутнасьць дабра: “Каб гордасьці нашай і годнасьці / ніхто не наносіў абраз, / каб не было неабходнасьці / рашаць: ці біць у адказ”. Як жа павінна праяўляцца грамадзянская актыўнасьць дабра?”

Вярцінскі: “Часам абставіны складваюцца так, што ад чалавека, ад соцыюму, ад грамадзтва залежыць, ці мае нехта права біць чалавека – па левай ці правай шчацэ. Я ж лічу, што ніхто ў гэтым жыцьці ня мае права біць другога чалавека. Можа быць, адбівацца толькі… У мяне пра гэта ёсьць даўні верш: “Бачу я – нехта некага любіць. / Гэта іх права. / Бачу я – нехта некага губіць. / Тут і мая ўжо справа”. Паэт, на маё разуменьне, – лабіст дабра, гуманнасьці, міласэрнасьці”.

Скобла: “У вашай новай кнізе я ізноў з задавальненьнем перачытаў верш “Размова з Ду Фу”. “Чаму, Ду Фу, пакутуе народ? / А хіба можа быць наадварот, / калі яго правіцелі – тыраны, / як барсы, жорсткія, тупыя, як бараны”. Як вам удавалася надрукаваць такое ў 1969-м?”

Вярцінскі: “Якраз таму, што верш імітаваў дыялёг з Ду Фу. А Ду Фу – гэта паэт XVI стагодзьдзя, з далёкага мінулага, прытым, не з беларускага мінулага, а з кітайскага. У гэтым вершы я амаль літаральна ў адказах Ду Фу цытую ягоныя радкі. Памятаю, рэдактар у выдавецтве зачапіўся якраз за страфу, якую вы працытавалі. Ён насьцярожыўся. А я назаўтра прынёс яму томік Ду Фу і паказаў, што гэта радкі, напісаныя шмат гадоў таму кітайскім паэтам. І рэдактар супакоіўся”.

Скобла: “У Беларусі існуе яшчэ і гэткая праблема: пісьменьнік і яго малая радзіма. Я ведаю, што ўшацкія ўлады насьцярожана ставяцца да Рыгора Барадуліна, лагойскія – да Ніла Гілевіча… А як адносяцца да вас у вашым родным Лепелі?”

Вярцінскі: “Тут шмат што залежыць ад канкрэтных людзей, скажам, ад чалавека, які загадвае раённым аддзелам культуры. З “загадчыкамі культуры”, дарэчы, можна было паразумецца. Пакуль не зьявіліся намесьнікі старшыняў райвыканкамаў па ідэалёгіі. Гэтыя ідэолягі мясцовага маштабу лічаць сваім абавязкам, сваёй крэўнай справай быць пільнымі, сачыць за ўсімі падзеямі ў раёне. Але ня буду скардзіцца, у мяне нармальныя адносіны і з загадчыкам аддзела культуры Лепельскага райвыканкаму, і з дырэктарам раённага Дому культуры, і з кіраўніцтвам раённай бібліятэкі, і з дырэктарамі Каменскай і Матырынскай школаў, дзе я вучыўся. Само жыцьцё мацнейшае за ўсіх цэнзараў і ідэалягічных чыноўнікаў”.

АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Гэты боль асаблівы…


Гэты боль асаблівы.
Боль за родныя нівы.
Асабліва шчымлівы.
Асабліва журлівы…
Не скажу: апраметны.
Не зазначу: сьмяротны.
Ды ён дужа адметны –
Боль за край наш родны.
Яго носіш дзе ты?
У душы? За грудзінай?
Знаеш толькі: боль гэты –
Боль за лёс Радзімы.

Забыўся пра ўзрост…

Забыўся пра ўзрост:
Узяў ды пайшоў наўпрост,
Бродам, а не праз мост.

Забыўся пра ўзрост:
Сказаў прахвосту: “Прахвост!”

Забыўся пра ўзрост:
Сказаў гульлівы тост.

Забыўся пра ўзрост:
Парушыў вялікі пост.
Ці даруе Хрыстос?


Замест рэцэнзіі на кнігу “Расстраляная літаратура”

Кастусю Цьвірку


Хто гэтак пісаў калісьці:
“Калі ты зьнішчаеш твор –
Ты чалавека зьнішчаеш,
Выносіш яму прыгавор”?
Хто так казаў: “Камарада,
Гэта ня кніга, не,
Калі да яе дакранесься –
Далонь чалавека кране”?
Джон Мільтан… Уолт Уітман…
Наўрад ці чыталі іх
Бальшавіцкія каты, –
Ім было не да кніг.
Але калізію гэтую –
Кніга і аўтар яе –
Яны вырашалі імпэтна
І пасьпяхова ўдвайне.
Ставілі разам да сьценкі,
Расстрэльвалі ва ўпор
Кнігу і чалавека,
Аўтара і твор.
Разьлік быў вельмі просты:
Калі паэта няма,
То няма і паэмы,
І чэзьне праблема сама.
Калі няма нацдэма,
То гіне разам зь ім
І нацыі праблема, –
Няма праблемы зусім.
Так сталінскіх карнікаў зграя
Вяршыла справы свае…
Не, браце, гэта ня кніга,
Ты толькі крані яе –
І закранеш чалавека.
Ты толькі яе крані –
На вокладцы цёмна-барвовай
Адбітак застылай крыві.
Пакутніцкія лікі
Глядзяць зь яе бачын.
Госпадзе, памілуй,
Дай іхным душам спачын.
А нам, жывым, дай моцы,
Дай пільнасьці, каб надалей
Нас гэтак больш не зьнішчалі,
нас, нашых кніг і людзей.


Не ад таго мой сум…

Не ад таго мой сум, што я не таўстасум,
Што ў нечым абышоў мяне калега.
Ня ў гэтым мае альфа і амэга.
Не, іншага паходжаньня мой сум.

Не ад таго мой сум, што каралю ня кум,
Што зь лёсам не заўсёды быў у згодзе,
Што, можа, пэсыміст я па прыродзе…
Не, не, не ад таго мой сум.

Хутчэй за ўсё ён ад таго,
Што больш нашмат нагодаў для яго,
Чым для уцехі, чым для весялосьці.
Ня ладзіцца во шчасьце штосьці
У люду роднага майго.

Старэем во, хварэем во… Але
Жанчыны нашыя раней за нас старэюць,
Жанчыны нашыя цяжэй за нас хварэюць,
Найболей зморшчынак на іх чале.

А колькі іх, гаротных тых маршчын,
На твары зьнепакоенай Айчыны!..
Для суму майго – важкія прычыны,
І мала так для радасьці прычын.

Не ад таго мой сум, што я не таўстасум,
Ня ў гэтым мае альфа і амэга.
Я мала чую радаснага сьмеху,
А болей чую глум і тлум.
Ад гэтага мой сум…

КРЫТЫКА

AB OVO

Алесь Разанаў. Сума немагчымасьцяў: зномы. – Менск: Логвінаў, 2009. – 122 с.

Марыя Мартысевіч
Аднойчы ў Беларусі выдадуць поўны збор твораў Алеся Разанава. Гэта будзе набор раскошных, дбайна пераплеценых фаліянтаў. Вокладка будзе зробленая зь нейкага асабліва дарагога, прыгожага і трывалага матэрыялу, і на ёй абавязкова будзе залатое цісьненьне з аўтографам клясыка. Бібліяфілы будуць зьбіраць тамы па падпісцы, і выданьне нават разашлюць у лінгвістычныя ліцэі, пэдгімназіі ды іншыя школы краіны з гуманітарным ухілам. Наўрад ці прэзэнтацыя гэтага збору зьбярэ вялікую колькасьць аматараў паэзіі – нават калі прэзэнтацыйная заля будзе кімсьці запоўненай, і ў ёй будзе знаходзіцца сам аўтар. Бо, як заўсёды адбываецца ў нас падчас кананізацыі чарговага клясыка, ад самога аўтара будзе мала што залежаць. І тым прыемней назіраць за тым, як на нашых вачах паўстае збор твораў, альтэрнатыўны таму, што мог бы зьявіцца ў афіцыйным выдавецтве. Такі збор, якім яго бачыць сам аўтар. У выдавецтве “Логвінаў” толькі што выйшла шостая кніга Алеся Разанава “Сума немагчымасьцяў”. Выйшла ў сэрыі “Яйкаквадраты”

“Манвантвара” – сэрыя канцэптуальных карцінаў Віктара Маркаўца, у якой ён увасобіў ідэю Алеся Разанава дапоўніць супрэматычныя квадраты Казімера Малевіча ўпісаным у строгую геамэтрычную форму яйкам, чымсьці апрыёрна “няправільным”, што “не ўмяшчаецца ў квадратных абмежаваньнях і пераадольвае геамэтрычную прастору “рэчы ў сабе””. Упершыню канцэптуальны праект быў прэзэнтаваны ў 1992 годзе ў Менску, але, так бы мовіць, інтэнсіўная “раскрутка” яйкаквадратаў пачалася праз тузін зь лішкам гадоў, калі палотны сталі візуальным шэрагам новай паэтычнай сэрыі.

Выявы і тэксты ў гэтай калекцыі выданьняў – рэчы роўнаапостальныя. Аскетычны бела-чырвона-чорны дызайн – пустая вокладка, па цэнтры якой зьмешчаны адзін з “яйкаквадратаў”, у дадзеным выпадку ня ўдалае мастацкае дапаўненьне паэзіі адпаведным зьместу афармленьнем, а наадварот – тое, што вызначыла зьмест кожнай кнігі. “Яйкаквадратаў” шэсьць – менавіта праз гэтую акалічнасьць з усяго больш чым паўстагодзьдзевага наробку мэтра былі абраныя шэсьць фармальных дамінантаў, чатыры зь якіх па праве можна назваць аўтарскімі паэтычнымі жанрамі Алеся Разанава. У 2005 годзе пабачылі сьвет “Кніга ўзнаўленьняў” (паэтычныя перастварэньні Разанавым выбітных твораў старабеларускай літаратуры) і зборнік вэрсэтаў – “Лясная дарога”. У 2006 годзе пасьледавала кніга паэмаў – “Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць”. У 2007-м былі пункціры: “Дождж: возера ў акупунктуры”. І нарэшце, у 2009 годзе паэтычна-мастацкая сэрыя завершаная двума ці ня самымі вагомымі паводле значэньня зборнікамі: выйшлі друкам вершаказы (“Пчала пачала паломнічаць”) і зномы (“Сума немагчымасьцяў”).

Асабіста для мяне зборнік вершаказаў быў самай чаканай кнігай калекцыі – карцела займець усе гэтыя даўно ўжо культавыя тэксты культавага жанру пад адной вокладкай, адасоблена. Здавалася нават, што амаль поўнае супадзеньне аднаго зь яйкаквадратаў з лягатыпам кампаніі МТС – нават калі й выпадковае, то вельмі тыпалягічнае: надта шмат чыста піяр-захадаў ужывалася стваральнікамі сэрыі падчас прэзэнтацыі выданьняў. Вось і вершаказы – візытоўка Разанава – былі прызапашаныя “на салодкае”. Паводле законаў будовы літаратурнага твору вершаказы сталіся кульмінацыяй сэрыі, разьвязкай якой паслужылі зномы. Прадэманстраваўшы кунг-фу паэта-мадэрніста і перакладчыка постмадэрніста, майстар на астатак тлумачыць, што ён меў на ўвазе.

Трымаючы ў адной руцэ збор вершаказаў, а ў другой – збор зномаў, я зразумела, што яйка – гэта ня проста постсупрэматычная форма з вокладкі, гэта фармат усёй паэзіі Разанава. “У творы ёсьць і зьмест, і форма, але “гліна”, зь якое твор лепіцца, ня мае ані зьместу, ані формы, яна – зьместаформа, і жыцьцё – яе радовішча”, – сьцьвярджае паэт у адным са сваіх зномаў, адначасова характарызуючы свой творчы мэтад.

Сучасныя дасьледчыкі творчасьці Разанава амаль адзінадушна не адносяць зномы да паэтычных жанраў. Зазначу, што гэта ўжо прарыў у параўнаньні зь літаратуразнаўствам 1990-х: на выдадзеным “Мастацкай літаратурай” у 1999 годзе зборніку выбраных вершаў Разанава “Танец з вужакамі” наўпрост на вокладцы красуецца самая знакамітая памылка друку сучаснай літаратуры – прыгожае залатое цісьненьне: “Беларуская проза ХХ стагодзьдзя”. Дзякуючы руплівасьці літаратуразнаўцаў цягам прамінулага дзесяцігодзьдзя, паэтычная прыналежнасьць вэрсэтаў, вершаказаў і пункціраў Разанава даведзеная канчаткова і сумневам не падлягае. Аднак, мне здаецца няслушным тое, што зномы амаль не разглядаюцца ў нас у паэтычным дыскурсе. Бо зномы – гэта нешта значна важнейшае за наватарскі паэтычны жанр. Зномы – жанр мэтапаэтычны. Адна з прыкметаў найвышэйшага разьвіцьця мовы – здольнасьць мовы апісваць саму сябе. Гэтак жа, мне здаецца, і з паэзіяй. Кніга “Сума немагчымасьцяў” зрабіла больш відавочнай акурат мэтапаэтычнасьць разанаўскай творчасьці. Сабраныя разам зномы Разанава (1979–2009) – гэта ня проста саракагадовая гісторыя аўтарскага паэтычнага жанру. “Сума немагчымасьцяў” – кніга, якая здольная забясьпечыць аўтару некалькі гадоў бязьбеднага існаваньня, бо гэта – клясычная амэрыканская лекцыя паэта пра сутнасьць паэзіі й шырэй – творчасьці, з заўжды модным экзыстэнцыйным выхадам на прыроду чалавека.

Зномы – творы-філязафэмы; назва жанру, відавочна – аддзеяслоўны назоўнік, утвораны ад “знаць”. Жанраўтваральны кампанэнт знома – думка, “веда”, калі можна ўявіць сабе абстрактнае паняцьце “веда” як нешта матэрыяльнае, выкрышталізаванае. Пры гэтым, у зномах няма нічога лішняга (“найлепшыя словы ў найлепшым парадку”) – кожны знак на сваім месцы, што, на мой погляд, яшчэ далей адсоўвае гэты жанр ад мяжы прозы й паэзіі ў бок апошняй. Сабраныя ж разам, зномы чытаюцца як адзін гіпэртэкст, і здаецца, што ты пачынаеш разумець сутнасьць паэзіі, прыроду творчасьці (і куды зьнікае гэтае пачуцьцё пасьля чытаньня?). Зномы – чысты прадукт, там няма штодзённасьці, там ня згадваюцца тыя раздражняльнікі з “радовішча жыцьця”, што прывялі да стварэньня таго ці іншага тэксту, але яны беспамылкова ўгадваюцца. Зномы поўняцца рэфлексіямі як над працэсамі ў беларускай літаратуры, так і шырэй – у пісьменьніцкім сьвеце:

“Салоўка” беларускай паэзіі, “шпачок”… Ня ведаеш, чаго больш у гэтых словах, – яўнай пахвалы ці патайнай іроніі... Не птушыных галасоў бракуе нашай паэзіі, а проста чалавечых”; “Ні дня без радка… І літаратар, нават калі яму і ня пішацца, пачынае пісаць, пачынае самому сабе ці камусьці даказваць, што ён умее, што ў яго атрымліваецца, што ён здольны… І чым больш ён даказвае, тым больш відавочна, што атрымліваецца ня дужа добра”. Маладым літаратарам карысна пачытаць зномы Разанава ня менш, чым проста маладым – трактаты па сэксалёгіі: “Стан, калі ня пішацца, ня менш натуральны і неабходны для пісьменьніка, чым той, адваротны. У ім зародкі для будучых зрухаў і яшчэ невядомых радкоў”. “Беларускай філязофіі больш у беларускім мастацтве, у літаратуры, чым у самой філязофіі”, – сьцьвярджае Разанаў, кажучы ў тым ліку і пра сябе. “Сума немагчымасьцяў” Разанава – трактат па філязофіі паэзіі.

“У сьвеце існуюць толькі дзьве дасканалыя формы – яйка і бутэлька кока-колы”, – сказаў адзін амэрыканскі дызайнэр. Ёсьць вэрсіі, што стваральнікі другой з гэтых формаў натхніліся першай – у клясычнай фігурыстай пляшцы колы ўлічаныя прапорцыі яйка. Пры ўсёй кока-кольнасьці й макдональдсаўшчыне паэтычных формаў, зьместу і спосабу прэзэнтацыі паэзіі чытачу, многія паэты найноўшага пакаленьня, публічна ці прыватна, але аднагалосна называюць Алеся Разанава сваім паэтычным гуру. “У структуру традыцыі ўваходзіць кампанэнт будучыні. Традыцыя – дыялёг ня толькі таго, што ёсьць, і таго, што было – але і таго, што будзе”, – сьцьвярджае паэт ў адным са сваіх зномаў. Аднойчы Алесю Разанаву паставяць помнік на радзіме. Але вучні наўрад ці прынясуць туды сваю кока-колу. Бо цяжка ўявіць, каб гарадзкія ўлады хоць якога беларускага гораду далі дазвол на ўсталяваньне ў яго цэнтры велізарнага яйка з чорнага мармуру.

Марыя МАРТЫСЕВІЧ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG