Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панізоўцаў: Загіблыя і закатаваныя жывым не патрэбныя?


Сямён Панізоўцаў

Сямён Панізоўцаў

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Сямён Панізоўцаў мае сярэднеспэцыяльную адукацыю. 45 гадоў працаваў кіраўніком авіямадэльнага- і фотагурткоў Чэрыкаўскага Дому піянэраў і школьнікаў. Аднак у 2006 годзе спэцыяліста вышэйшай катэгорыі, выдатніка народнай асьветы звольнілі з працы. Горад ведае: гэта расплата за іншадумства – кіраўніцтва раённай суполкай БНФ.

Неяк выпадкова, напярэдадні сьвяткаваньня Дня вызваленьня (я не магу назваць яго Днём незалежнасьці) Менскe ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, я апынуўся на аўтобуснай астаноўцы “Пасёлак Усходні”. Тут маю ўвагу прыцягнуў абеліск, узьведзены ў гонар загінуўшым танкістам пятай танкавай арміі і артэлерыстам, якія вызвалялі Менск трэцяга ліпеня 1944 году.


Карыстаючыся прынцыпам “Дапытлівасьць – не загана, а крыніца ведаў”, вырашыў дэталёва азнаёміцца з архітэктурным ансамблем, які сьціпла прытуліўся ў цяню вечназялёных елак.

З тыльнага (чамусьці) боку абеліску – брацкая магіла воінам-вызваліцелям, якія склалі свае галовы пры ўзяцьці Менску. Зьверху магілы ляжаць пліты, на якіх высечаны прозьвішчы захаваных. Зьвярнула на сябе ўвагу тая акалічнась, што комплекс не ўбіраецца. Вакол пліт сьмецьце. Ланцугі, якія служаць агарожай, ляжалі павырыванымі з слупікаў.



Нехта зь мясцовых расказаў: яшчэ напярэдадні сьвята гораду – другога ліпеня – каля комплексу сталі завіхацца цёткі з мётламі. Сьмецьце ўбралі. А ланцугі так і засталіся ляжаць на зямлі.

Можна сказаць, што нават у гэтай сьвятой справе ў нас няма пастаянства і парадку. Як і ва ўсім – толькі кампанейшчына. Перад сьвятам убралі і да наступнага мерапрыемства зноў забылі. Гэта ж аксіёма, што сьвятыя мясьціны павінны заўжды выглядаць прыстойна!!!

Затым я зноў адмыслова прышоў паглядзець, у якім стане знаходзіцца тое месца, дзе увекавечана памяць палеглым героям…


Якое відовішча адкрылася, бачна на фотаздымках. І сапраўды, у нас нішто не “забываецца” і гэтаксама ніхто не шануецца.



У Чэрыкаве таксама ёсьць мемарыяльныя комплексы. Адзін зь іх знаходзіцца ў сквэры Перамогі. Гэта братэрская магіла, дзе пахаваныя ваяры, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай на тэрыторыі раёну.

Комплекс па тутэйшых мерках выглядае някепска. Усё дагледжана. Праведзена асьвятленьне. У сьвяточныя дні тут праходзяць жалобныя мітынгі, зьбіраецца шмат людзей, піянэры (ёсьць у нас і такія) нясуць ганаровую вахту. Восеньню, калі ападзе лісьце, яно падмятаецца, убіраецца і ўсё звозіцца.

Ёсьць яшчэ комплекс за Сажом. Кілямэтры паўтара ад центру. У гады вайны немцы там зьнішчалі людзей. Дык вось дзясятага траўня, на другі дзень Перамогі, сустрэўся я са сваім сябрам-краязнаўцам. Ён і кажа, што за мастом, перад паваротам на вёску Вепрын, дзе знаходзіцца месца расстрэлу нашых грамадзянаў фашыстамі, няма ніводнага вянка, ніводнай кветачкі.

ЗАБЫТАЕ МЕСЦА!!!

Я не паверыў свайму (хай даруе) сябру. Паехаў да гэтага комплексу, каб пабачыць на свае вочы. І сапраўды – бяспамятная ЧЫСЬЦІНЯ! Ляжаць толькі сьціплыя кветачкі калкалушы, якія ўсклаў мой сябра – Максіменка Васіль Сьцяфанавіч. І больш нічога сьвяточнага. Нічога таго, што нагадвала б турботы і ўспамін жывых аб загінуўшых.

Дзякуй Васілю Сьцяфанавічу, які ад імя ўсіх жыхароў Чэрыкаўшчыны і за ўладу ўспомніў, і ўшанаваў сваёй прысутнасьцю памяць аб закатаваных.

Вось ён, сапраўдны твар нашай улады – адкрыты цынізм. Робяць там, дзе бліжэй. Робяць так, як лягчэй і прасьцей.

Мабыць, у нас сапраўды ў галовах усё стала ўверх нагамі?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG