Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Гарадзенскім школьным базары людзі кажуць, што дзеля таго, каб выправіць дзіця ў школу, неабходна каля 400-500 тысяч рублёў.

Школьны базар у Горадні — на Савецкім пляцы. Штодзень тут шматлюдна. Пераважна
Школьны базар у Горадні
зь дзецьмі прыходзяць жанчыны. Вось выбіраюць абутак, і я цікаўлюся ў пакупніц — як яны яго ацэньваюць.

Спадарыня: “Ну, калі „Белвэст“, то яшчэ нічога…”

Карэспандэнт: “А наш, гарадзенскі абутак?”

Спадарыня: “Я для сваіх дзетак з гарадзенскага нічога не магу выбраць, бо трэба шыць абутак на вузкія ножкі, а яны шыюць так, што дзьве нагі ўлазяць”.

Другая спадарыня зьвяртае маю ўвагу на кошты.

Спадарыня: “Красоўкі — 65-67 тысяч на дзіця 6-7 гадоў. 58 тысяч скураныя паўчаравікі. А вось туфлікі — 97 450. А калі дзіця не адно, як у нас іх трое, то гэта вельмі адчувальна”.

Побач спадарыні выбіраюць школьную форму для дзяўчатак. Кошты ад 80 да 140 тысяч. Пытаюся ў прадавачкі — ці не задорага каштуе форма?

Спадарыня: “Ну, гэта цалкам каштуе гарнітур, бо сюды ўваходзяць і спаднічка, і жакет, і штаны. Але, наагул, форма магла б быць трохі таньнейшай, бо цяжка ўсё ж купіць тым, у каго некалькі дзяцей”.

Другая прадавачка кажа, што людзі, перад тым як купіць, часам падоўгу падлічваюць грошы.

Пытаюся ў пакупніц — ці падабаецца ім школьная форма?

Дзяўчынка: “Так, вельмі падабаецца”.

Ейная мама: “Ну, пакуль яшчэ не купілі школьнай формы, ня можам падабраць”.

Карэспандэнт: “А колькі вам спатрэбіцца грошай, каб цалкам падрыхтаваць дзіця да школы?”

Спадарыня: “Ой, калі добра сабраць, то шмат. Тысяч 400, ня менш. Гэта самая сьціплая сума”.

Другая спадарыня: “А як у каго 2-3 дзетак, дык гэта зусім немагчыма, зусім…”

Прадавачкі канцтавараў кажуць мне, што ў іх мала беларускай прадукцыі, і, як правіла, яна найгорш купляецца, бо расейскія сшыткі значна цікавейшыя.

А вось урэшце сустрэў мужчыну, які выбірае нешта сыну. Пытаюся ў спадара — як ён рыхтуецца да школы?

Спадар: “Шукаеш так, дзе таньней. Да прыкладу, заплечнік прывёз зь Беластоку, пінжак-летнік нам аддала стрыечная сястра, штаны падабралі ў сэканд-хэндзе за 6 тысяч, абутак таксама аддала радня. Прыкладна зэканомілі тысяч 350. Вось так і сабраліся”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG