Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан 14 жніўня правядзе сустрэчы ў Менску з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў і апазыцыі. Напярэдадні ён правёў зь міністрам замежных спраў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам перамовы, на якіх абмяркоўвалася таксама сытуацыя ў Беларусі.

Міністар Ушацкас адзначыў, што падтрымка ЗША важная для ажыцьцяўленьня праграмы “Ўсходняга Партнэрства” і што да супрацоўніцтва “асабліва важна” падключаць Беларусь. Філіп Гордан зрабіў шэраг заяваў журналістам адносна сытуацыі ў Беларусі.

Філіп Гордан накіроўваецца ў Менск, каб высьветліць, ці могуць мяняцца ў лепшы бок двухбаковыя стасункі, паведаміла агенцтва Delfi. Паводле спадара Гордана, беларускаму боку “яшчэ шмат што належыць зрабіць”. Ён адзначыў, што не зьбіраецца “абвяшчаць ці дамаўляцца пра новую палітыку”, а хоча на свае вочы ўбачыць, ці гатовы афіцыйны Менск да рашэньняў, “патрэбных для ўсталяваньня канструктыўных стасункаў з ЗША”.
санкцыі ЗША адносна Беларусі — гэта вынік парушэньня правоў чалавека ...

Паводле спадара Гордана, галоўнымі крытэрамі для ЗША застаюцца правы чалавека і дэмакратыя. Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязьняў, даць больш свабоды няўрадавым арганізацыям і мэдыям, а таксама правесьці свабодныя і празрыстыя выбары. Паводле Філіпа Гордана, “ёсьць спосабы, каб дамагчыся зьменаў”. Ён таксама адзначыў, што санкцыі ЗША адносна Беларусі — гэта вынік парушэньня правоў чалавека. І яны будуць адменены толькі ў тым выпадку, калі краіна будзе імкнуцца да дэмакратыі. Спадар Гордан заявіў: “Яны зрабілі шэраг пазытыўных крокаў у гэтым накірунку, таму я і еду туды. Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што яны гатовыя рухацца, але зрабіць трэба яшчэ больш”. Кажучы пра магчымасьць прызначэньня новага амбасадара, Гордан нагадаў, што дыпляматычнага прадстаўніка адклікаў не Вашынгтон. Ён адзначыў, што амэрыканскі бок ня зьвязвае гэтага пытаньня з адменай санкцыяў.

“Мы гатовыя аднавіць склад амбасады, але не зьбіраемся зьвязваць пытаньні, якія адно з адным не зьвязаныя. Мяч на іхнім баку”.


Філіп Гордан
У траўні 2009 году Сэнат зацьвердзіў Філіпа Гордана на пасадзе памочніка дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі. З 2000 па 2009 год Філіп працаваў старшым дасьледчыкам у дасьледным цэнтры Брукінгз. Да гэтага быў кіраўніком дэпартамэнту эўрапейскіх справаў ў Радзе бясьпекі ў адміністрацыі прэзыдэнта Біла Клінтана. Раней Філіп Гордан працаваў у дасьледных цэнтрах – Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледваньняў (Велікабрытанія), Унівэрсытэт Джона Гопкінса (ЗША), Інстытут бізнэс-адміністраваньня (Францыя –Сінгапур), Нямецкае таварыства зьнешняй палітыкі. Гаворыць на францускай, нямецкай, італьянскай мовах. Аўтар шэрагу кніг і артыкулаў па пытаньнях міжнародных адносінаў і зьнешняй палітыкі, публікаваўся ў New York Times, Washington Post, International Herald Tribune і Financial Times.

У міністэрстве замежных спраў Беларусі паведамілі, што падчас сустрэчаў спадара Гордана ў адміністрацыі прэзыдэнта і ў МЗС плянуецца абмеркаваць “увесь комплекс пытаньняў двухбаковых стасункаў”. У амбасадзе ЗША ў Менску адзначылі:

“Сустракацца будзе з прадстаўнікамі ўладаў і лідэрамі грамадзянскай супольнасьці”.

Сярод запрошаных на сустрэчу — намесьнік кіраўніка руху “За свабоду” Віктар Карняенка. Ён акрэсьліў тэмы, якія неабходна закрануць падчас гутаркі:

Віктар Карняенка
“Што тычыцца палітвязьняў, свабоды сродкаў масавай інфармацыі, свабоды сходаў і свабоды асацыяцый — гэта ключавыя пытаньні, якія заўсёды стаяць на парадку дня. На жаль, яны актуальнымі застаюцца для Беларусі і сёньня, і мы зноў будзем іх уздымаць”.

Спадар Карняенка спадзяецца, што ЗША вельмі пільна сочаць за сытуацыяй у Беларусі і не дапусьцяць, каб тут “былі імітацыі замест рэальных палітычных зьменаў”.

“Усё, што робяць ЗША, напрыклад, Акт аб дэмакратыі для Беларусі, — станоўчае для краіны. Магчыма, ён некаму шкодзіць ва ўладзе, але для Беларусі ён вельмі карысны”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч на сустрэчу не запрошаны. Але ён — адзін з аўтараў ліста, нядаўна накіраванага прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму. Ён заявіў, што дачынна Беларусі ЗША павінны захоўваць ранейшы прынцыповы падыход:

Станіслаў Шушкевіч
“Так ставіцца да гэтага рэжыму, якім ён ёсьць. Вельмі падабалася, што яны заўсёды займалі прынцыповую пазыцыю. І што да санкцый, — у адрозьненьне ад Эўропы, яны зрабілі такія санкцыі, што тут аж на сьценку палезьлі. Ажно выперлі амбасадара. Гэта былі добрыя санкцыі. Яны білі па тых месцах, дзе беззаконьне. Яны зразумелі, што да чаго. Яны лепш гэта разумеюць, чым Эўропа. Думаю, што ў іх інфармацыя лепшая. А калі ЗША раптам пойдуць па шляху Эўразьвязу, то будзе зусім сумна. Бо яны фактычна хочуць легітымізаваць дыктатуру”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG